Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзілася ў Віцебску, скончыла школу з залатым мэдалём, узначальвала моладзевую арганізацыю «Сёмая грань». Скончыла ВДУ імя Машэрава з чырвоным дыплёмам, паралельна ўзначальвала «Зубр». Працавала ў школе выкладчыцай ангельскай мовы. Была дэпутатам гарадзкога савету 24-га скліканьня. Заснавальніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом». Старшыня арганізацыі АГП Віцебскай вобласьці. Замужам. Любіць італьянскія машыны, беларускую рыбалку і армянскую тутавую самагонку. У 2010 годзе стала ляўрэатам міжнароднай Радэбойльскай прэміі «За мужнасьць».


Што для вас свабода?

Свабода — гэта права рабіць свой выбар самой. Я не хачу шчасьця па рэцэпце Лукашэнкі ці іншага палітыка. Я хачу менавіта самастойна выбіраць, як мне жыць. І калі такі выбар ёсьць — гэта шчасьце.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Маё сумленьне.


Што для вас шчасьце?

Шчасьце — кахаць і быць каханай.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Вельмі баюся начных званкоў, бо для мяне кожны званок уначы — гэта знак бяды. Кагосьці арыштавалі, некага затрымалі. Трэба ехаць у пастарунак, везьці цёплыя рэчы і ежу.


Які талент вы хацелі б мець?

Танчыць.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Гэтых людзей так шмат, што іх і не пералічыць.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Я вельмі люблю сваю працу. Так, я працаголік. І часам мае калегі мяне папікаюць, што так шмат немагчыма працаваць. Але праца прыносіць мне такое задавальненьне, што часам я перабольшваю.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Нічога. Бог даў нам самае каштоўнае, што толькі можа быць — права выбару. Кожны чалавек — гаспадар свайго жыцьця, таму кожны выбірае сваё жыцьцё самастойна. Я б нічога не зьмяняла, але не адмовілася б пражыць сваё жыцьцё яшчэ раз. Ну, можа, крышачку больш часу праводзіла б з роднымі і блізкімі.

Калісьці ў дзяцінстве сяброўка спытала мяне, што б я зрабіла, калі б ведала, што празь месяц мы памрэм. Маўляў, будзе канец сьвету. Мы зь ёй прыдумвалі розныя гіпотэзы, што б зрабілі, але потым я падумала: ніхто ня ведае, колькі ён будзе жыць. Год, пяць, дзесяць, пяцьдзесят ці заўтра памрэ. А ў выніку ўсе нашыя мары застаюцца не рэалізаванымі. Таму я стала жыць і прымаць усе рашэньні так, як быццам празь месяц мяне ня будзе.

Мне няма чаго наракаць на лёс і жадаць іншага жыцьця — яно ў мяне вельмі цікавае.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Дарэчы, я ня вельмі люблю парады. Звычайна іх даюць тыя, хто ніколі свае парады не рэалізоўваў у жыцьці ці ня ведае наогул, пра што гаворка.

Але найлепшую параду я атрымала калісьці ад сяброўкі. Я ёй скардзілася, што цяжка, стамілася, штосьці там не атрымліваецца. А яна так хітра ўсьміхнулася і сказала: «Калі ты йшла ў гэты сьвет, табе ніхто не абяцаў, што будзе лёгка. Але табе абяцалі, што будзе цікава. Жыцьцё трэба любіць такім, якое яно ёсьць».

Цяпер, калі часам бывае цяжка, я ўзгадваю гэтыя словы, і зьяўляюцца новыя сілы, бо сапраўды, я вельмі люблю жыцьцё, ва ўсіх праявах. І мяне не падманулі — тут сапраўды цікава.


Які ваш улюбёны дэвіз?


Нават калі Вас праглынулі, у Вас застаецца два выхады.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У такой, дзе грамадзяне могуць уплываць на тое, што робяць улада і палітыкі.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі. Калі б я хацела жыць у іншай краіне, то я б там ужо жыла. Мне б ніхто ня змог перашкодзіць у гэтым. Беларусь — мой сьвядомы выбар.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Цяпер. Але хацела б дакачацца часу, калі чалавецтва зможа паляцець і да іншай галяктыкі.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Тры рэформы:

  • эканамічную (зьмяніла б умовы для прыватнага бізнэсу),
  • палітычную (каб выбары былі празрыстымі і дэмакратычнымі),
  • рэформу дзяржаўнай службы (каб зьмяніць стыль і паводзіны чыноўнікаў).


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Сябраваць.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Сябраваць. Але незалежнасьць краіны — гэта сьвятое. Мы не павінны яе губляць.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Я лічу, што мы ўнутры Беларусі разьбярэмся самастойна са сваімі палітыкамі. Проста трэба трошачкі больш часу, чым мы думалі.

Дыктатура не патрэбная — «ні свая», ні «чужая».


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Улада ў Беларусі зьменіцца, калі прыйдзе час. Нельга разбудзіць Спячую Прыгажуню празь 50, 80 ці 99 гадоў — яна павінна спаць менавіта 100 гадоў. Але колькі часу складаюць гэтыя «сто гадоў сну» для Беларусі, і калі яна прачнецца — ніхто ня ведае. Таму будзем працаваць, каб усё было падрыхтавана. Бо зьмена ўлады будзе разам і чаканай, і нечаканай.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Я веру ў тое, што беларусы загавораць па-беларуску толькі ў свабоднай краіне.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Тады гэта азначае, што ў нас усё яшчэ дыктатура.
XS
SM
MD
LG