Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адрозьненьні ад мяса, у якога час ад часу зьяўляюцца розныя харчовыя альтэрнатывы ў выглядзе соевых прадуктаў і нават (у недалёкай будучыні) штучнага мяса, сапраўдных замяняльнікаў для рыбы ды іншых марскіх прадуктаў няма — да такой высновы прыйшлі навукоўцы нарвэскага нацыянальнага дасьледчага інстытуту харчаваньня і марскіх прадуктаў (National Institute of Nutrition and Seafood Research).

У рыбе ёсьць усе жыцьцёва неабходныя для чалавека амінакіслоты


Як сьведчаць экспэрты, асаблівая каштоўнасьць бялкоў марской рыбы абумоўленая суадносінамі амінакіслотаў. У рыбе ёсьць усе жыцьцёва неабходныя амінакіслоты. Калі якая-небудзь зь іх адсутнічае ў нашым харчаваньні, гэта прыводзіць да затрымкі росту, зьмяншэньня масы цела, ці да рознага віду захворваньняў. Лічыцца, што 200 грамаў марскіх прадуктаў цалкам забясьпечваюць сутачную патрэбу арганізму ў незаменных амінакіслотах, асабліва такіх, як трыптафан, лізін, мэтыанін, таўрын. Такі склад амінакіслотаў набліжаецца, як кажуць, да ідэальнага бялку, які мае шэраг перавагаў перад бялком мяса жывёлаў. Напрыклад, дзякуючы таўрыну, рыбін бялок здольны рэгуляваць крывяны ціск, а значыць гіпэртанію, а таксама стымуляваць вылучэньне інсуліну і ўплываць на ўзровень цукру ў крыві. Найбольш багатымі на таўрын ёсьць кальмары, крэвэткі, крыль, марскі акунь, траска, тунец ды іншыя акіянічныя рыбы. Што да рыбных тлушчаў, то ў адрозьненьні ад тлушчаў жывёлаў, яны ўтрымліваюць істотна меншую колькасьць халестэрыну (20-30 мг%) і да таго ж добра засвойваюцца. Нездарма, у Нарвэгіі старэйшым за 40 гадоў жыхарам мэдыкі раяць штодня ўжываць у тым ці іншым выглядзе рыбін тлушч.

Капсулы Omega-3 не заменяць натуральных прадуктаў


Прычым гэтае надзвычай карыснае рэчыва, паводле нарвэжцаў, ніякім чынам не заменіць такі папулярны і добра разрэклямаваны апошнім часам харчовы дадатак як Omega-3. Гэта капсула ў канцэнтраваным выглядзе ўтрымлівае натуральны комплекс поліненасычаных тлустых кіслотаў, што атрыманыя са сьпінкі халоднаводнага ласосю без усялякай тэрмічнай апрацоўкі. Устаноўлена, што гэты комплекс эфэктыўна зьніжае ўзровень халестэрыну і памяншае рызыку ўзьнікненьня сардэчна-сасудзістых захворваньняў.

Тым ня менш, сьведчыць нарвэскі біёляг Міка Хайна з унівэрсытэту Бэрген, " нават меншая канцэнтрацыя тлустых кіслотаў у асобных марскіх прадуктах непараўнальна больш карысная за канцэнтраваную капсулу Omega-3”.

“Да таго ж само ўжываньне марскіх прадуктаў мае значна больш станоўчае ўзьдзеяньне на арганізм, чым проста капсулы рыбінага тлушчу. Тут і розныя бялкі, ненасычаныя тлустыя кіслоты, вітамін D, ёд, кальцый і сэлен”, — упэўнены Міка Хайна.

Не капсула, а марскія прадукты дапамагаюць перамагчы дрэнны настрой ды восеньскую дэпрэсію, перакананыя таксама і фінскія навукоўцы.

Рыба — як прафіляктыка дэпрэсіяў і остэапарозу


У экспэрымэнце, які быў праведзены ў Фінляндыі, прынялі ўдзел некалькі сотняў добраахвотнікаў. Ім прапанавалі рэгулярна ўжываць самыя розныя марскія прадукты. Празь некаторыя час валанцёры назіралі ў сябе істотнае паляпшэньне настрою, які бываў традыцыйна кепскім у пераходны восеньскі час.
Навукоўцы раяць ужываць ня меней за 65 грамаў марской рыбы на дзень для захаваньня хрыбта і касьцей у выдатным стане ў любым узросьце.


Экспэрты тлумачаць падобныя вынікі гаючымі ўласьцівасьцямі вітаміну В12. Гэты вітамін пры дастатковай колькасьці ў арганізме, здольны актывізаваць выпрацоўку амінакіслоты, узьняць настрой. Вялікая колькасьць вітаміну В12 утрымліваецца таксама ў мясе і пячонцы жывёлаў. Аднак гэтыя стравы засвойваюцца арганізмам куды больш павольна і цяжка за рыбныя.

Адначасовыя дасьледаваньні некалькіх сотняў жанчын ва ўзросьце старэйшым за 55 гадоў дапамагло навукоўцам зрабіць і іншую выснову: ужываньне марской рыбы зьяўляецца выдатным прафіляктычным сродкам супраць ломкі касьцей. Дзякуючы таму, што ў марской рыбе ўтрымліваецца шмат бялку, тлушчарастваральных вітамінаў і мінэралаў, стравы зь яе неабходныя для падтрыманьня здароўя касьцей і прафіляктыкі остэапарозу.

Навукоўцы раяць ужываць ня меней за 65 грамаў марской рыбы на дзень для захаваньня хрыбта і касьцей у выдатным стане ў любым узросьце.

Нарвэжцы папярэджваюць аб зьяўленьні шкодных рыбных прадуктаў з разьвітых краін


Зразумела, у цяперашніх экалягічных умовах, далёка ня ўсе віды могуць быць карыснымі для выкарыстаньня ў ежу. У гэтай сувязі навукоўцы нарвэскага нацыянальнага дасьледчага інстытуту харчаваньня і марскіх прадуктаў склалі, так бы мовіць, адмоўны рыбны рэестар, сьпіс рыбы, якую не пажадана набываць зь гледзішча пытаньня здароўя чалавека.

Напрыклад, той жа штучна вырашчаны ласось. Гэта рыба нярэдка ўтрымлівае шмат паразытаў. Пэўная рызыка ў гэтым сэнсе існуе ў выніку ўжываньня і ласося дзікай папуляцыі.

Таксама нарвэскія экалягічныя экспэрты папярэджваюць адносна зьяўленьня на рынках ЭЗ вялікай колькасьці заражанай паразытамі акіянічнай прадукцыі, якую прапануюць высокатэхналягічныя рыбалоўныя флятыліі з шэрагу разьвітых краін. Навукоўцы лічаць, што прычынай падобнага пагаршэньня якасьці рыбы, а таксама істотнага скарачэньня яе колькасьці зьяўляецца парушэньне біялягічнай разнастайнасьці ў марскіх ды акіянічных водах. Гэта праблема не ў апошнюю чаргу зьвязаная са слабымі законамі што да камэрцыйнага рыбалоўства і недастаткова строгім пакараньнем за браканьерства.

Як сьведчыць біёляг Міка Хайна, паколькі Нарвэгія не зьяўляецца краінай ЭЗ, а яе палітыка рыбалоўства і рыбагадоўлі ня мае нічога агульнага з адпаведнай палітыкай Брусэлю, запасы марскіх прадуктаў, годных для харчаваньня, у нарвэскіх водах застаюцца стабільнымі.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG