Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААЦ, КДБ ды іншыя


Не пасьпела паспалітае спадарства расслабоніцца з таго, што фільтраваць кантэнт для беларускіх карыстальнікаў з 1 верасьня ня сталі, як адзін з самых буйных (апроч Белтэлекаму) інтэрнэт-правайдэраў Атлант-тэлекам прапанаваў адпаведную паслугу для юрыдычных асобаў і для прыватных асобаў. Ну прапанаваў і прапанаваў, скажаце вы, што тут такога? Балазе ўсе правайдэры мусілі гэта зрабіць з 1 верасьня.

Усё яно так, але маю ўвагу прыцягнула назва паслугі – "Абмежаваньне доступу – ААЦ". Для тых хто ня ў курсе, нагадаю, што гэтая абрэвіятура расшыфроўваецца як Апэратыўна-аналітычны цэнтар (ААЦ) пры прэзыдэнце РБ. Некаторыя лічаць, што ААЦ на сёньня зьяўляецца самай сілавой з усіх сілавых структурай такога кшатлту. Нават больш сілавой, чым КДБ. Ва ўсялякім разе, што да кантролю над інтэрнэтам. Па старой савецкай традыцыі, якая пасьпяхова жыве ў сёньняшняй Беларусі, падобныя абрэвіятуры трэба вымаўляць напаўшэптам, асьцярожна азіраючыся па бакох. Благоговейно, як кажуць расейцы.

А тут правайдэр устаўляе яе ў нейкую паслугу, што стаіць усяго толькі на пятым месцы. Я быў адразу ня даў веры такому блюзьнерству. Думаў, мо нешта іншае пад гэтай абрэвіятурай маецца на ўвазе. Але ў "Атланце" мне пацьвердзілі – гэна той самы ААЦ. Дык мо там якія ідэалягічныя дывэрсанты заселі? Калі так пойдзе далей, то заўтра "Белтэлекам" прапануе паслугу "Падслухоўваньне тэлефонаў – КДБ", а дарожнікі – "Угонім аўто – ДАІ". Пра хуткую дапамогу і наогул страшна падумаць, чаго добрага там зьявіцца паслуга з імем доктара Кэваркяна, пасьля якой ужо ніякіх паслугаў нікому ня трэба.

Яшчэ крыху – і сам Цэнтравыбаркам прапануе: "Паслуга выбарчая – ППРБ". Хаця гэта, здаецца, ўжо ёсьць...


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG