Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: Міні-ЦЭЦ на забруджаным радыяцыяй торфе


Будаўніцтва рэчыцкай ЦЭЦ.
Будаўніцтва рэчыцкай ЦЭЦ.
Жыхары Рэчыцы патрабуюць грамадзкіх слуханьняў з прычыны будаўніцтва паблізу іхнага жытла міні-цеплаэлектрацэнтралі (на здымку). Міні-ЦЭЦ магутнасьцю 4 мэгаваты будзе працаваць на мясцовых відах паліва, у тым ліку й брыкетаванага торфу з заражанага радыяцыяй Хойніцкага раёну.

Мясцовых жыхароў непакоіць найперш экалягічная сытуацыя, што складзецца пасьля таго, як цеплаэлектрацэнтраль запусьцяць у эксплёатацыю.

Гаворыць спадарыня Вераніка, маладая маці з жылога раёна, паблізу якога будуюць цеплаэлектрацэнтраль.:

«Я лічу, што варта сабраць жыхароў тутэйшых дамоў і расказаць усе „за“ і „супраць“, даказаць, што тут можна будаваць, бо гэта бясьпечна. Мы й так ня можам вылезьці з гэтых хваробаў. Зрабілі ўжо, што нашыя гэтыя раёны не заражаны радыяцыяй. Зьдзіўлялася гэтаму, канечне. Усе гэтыя радыеактыўныя элемэнты — яны ж у нас ёсьць!»

Жылы мікрараён на «верталётным полі» — побач.

Спадар Аляксандар кажа, што ўлады нічога не расказвалі мясцовым жыхарам, што гэта будзе за міні-ЦЭЦ, на якіх відах паліва яна будзе працаваць, наколькі гэта бясьпечна для жылога мікрараёну:

«Нам ніхто нічога пра гэта не расказваў, не пытаўся, рабіць ці не рабіць? Хоць бы распавялі, а то дакладна ніхто ня ведаў. Гэта я цяпер ведаю, што будуюць кацельню. Улада робіць усё, што хоча. А мы што зробім?»

На міні-ЦЭЦ маюць спальваць адходы драўніны, залежы лігніну зь мясцовага гідролізнага заводу, а таксама звыш 40 тысяч тон тарфяных брыкэтаў. У тым ліку і з Хойніцкага раёну. Гэта пацьвердзіў адзін са спэцыялістаў раённай энэргетычнай сыстэмы:

«Брыкет тарфяны плянуецца з Хойніцкага тарфянога радовішча. Лігнін — са звалкі ў Дзяражні і з нашага гідролізнага заводу».

Акурат брыкет з-пад Хойнікаў і непакоіць жыхароў.

Спадар Міхаіл: «Калі з Хойнікаў, з радыяцыйнай зоны будуць вазіць паліва, я — супраць гэтага. Лігнін — таксама не падарунак. На Захадзе — там пэўныя тэхналёгіі, а ў нас, як звычайна, цяп-ляп. І чакаць тут „бяку“ можна калі заўгодна».

Тым часам раённыя ўлады супакойваюць гараджанаў, што міні-цеплаэлектрацэнтраль не нанясе жылому мікрараёну ніякай шкоды. Да яго каля 300 мэтраў. Выкіды на ЦЭЦ будуць нібыта нязначныя і на меншую адлегласьць.

Грамадзкі актывіст з Рэчыцы Аляксандар Касьцючэнка:

«Калі сёньня ў лес нам рэкамэндуюць не хадзіць, грыбы й ягады не зьбіраць, то да якой жа ступені радыяцыйны гэты лес? А яго будуць вазіць сюды й спальваць у выглядзе шчапы. І таксама з Хойніцкага раёну тую ж тарфакрошку й тарфяны брыкет».

Аляксандар Касьцючэнка.

Пра тое, што паліва на міні-ЦЭЦ далёка ня чыстае экалягічна, сьведчыць і будаўніцтва адмысловага сховішча блізу вёскі Дзяражня. Кожны год сюды будуць вывозіць зь міні-ЦЭЦ звыш 4 тысяч тон попелу.

Будаўніцтва сховішча попелу блізу вёскі Дзяражня.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG