Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні праект закону аб зьменах і дапаўненьнях у Падатковы кодэкс Беларусі. Паводле прадстаўнікоў беларускага ўраду, гэтыя зьмены спрашчаюць падатковую сыстэму і спрыяюць лібэралізацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці. Як да гэтага ставяцца незалежныя экспэрты?

Асноўныя зьмены, якія плянуецца рэалізаваць у 2011 годзе, тычацца скарачэньня колькасьці падатковых збораў, памяншэньня пэрыядычнасьці аплаты падаткаў і падачы падатковых дэклярацый. А таксама спрашчэньня парадку зьбіраньня асноўных падаткаў і пашырэньня сацыяльных і інвэстыцыйных ільгот. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўленьня падатковай палітыкі Міністэрства фінансаў Беларусі Дзьмітрый Кійко.

Дзьмітрый Кійко
«Для гэтага з 2011 года прадугледжваецца поўная адмена мясцовага збору на разьвіцьцё тэрыторый, мясцовага падатку на паслугі. Са складу экалягічнага падатку выключаюцца тры плацяжы. У выніку адбудзецца памяншэньне падатковай нагрузкі на эканоміку ў наступным годзе на суму каля 700 мільярдаў рублёў».

Паводле складанасьці падаткаабкладаньня Беларусь у рэйтынгу Ўсясьветнага банку займае 183-е месца. Спадар Кійко адзначыў, што зьмены дазволяць поўнасьцю вырашыць пытаньне са структурай падатковай сыстэмы і колькасьцю падатковых плацяжоў. А гэта адзін з асноўных паказчыкаў, па якіх Усясьветны банк ацэньвае падатковую сыстэму краіны ў сваім штогадовым дасьледаваньні вядзеньня бізнэсу.

«У 2011 годзе будзе зроблены пераход па падатку на прыбытак на падачу падатковай дэклярацыі адзін раз на год са штоквартальнай аплатай падатку авансавымі плацяжамі. Будзе зробленая адмова ад авансавых плацяжоў па падатку на дабаўленую вартасьць і акцызах. З устанаўленьнем тэрміна аплаты ПДВ — месяц ці квартал — па рашэньні плацельшчыка. Без прывязкі да памеру выручкі».

Леанід Заіка
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леаніда Заікі, нарэшце зроблена тое, пра што цягам апошніх 15-ці гадоў казалі незалежныя экспэрты. Аднак гэтых зьменаў недастаткова, каб падатковая сыстэма стала больш дасканалай.

«То бок Беларусь адыходзіць ад татальнай сыстэмы падаткаабкладаньня, калі штомесяц 550 тысяч бугальтараў у краіне складалі данясеньні, запаўнялі пустыя блянкі, запаўнялі блянкі зь лічбамі, якія старанна падганяліся. У прынцыпе гэтыя меры цалкам адпавядаюць таму, што зафіксавана ў нацыянальнай плятформе бізнэсу. На сёньняшні дзень гэтыя зьмены проста адносяцца да парадку бюракратычнага мэханізму падаткаабкладаньня. То бок памяншэньня татальнай, зацэмэнтаванай бюракратычнай сыстэмы».

Сяргей Балыкін
Паводле эканаміста Сяргея Балыкіна, прынятыя зьмены пойдуць на карысьць бізнэсу, але гэтага не дастаткова.

«Узьнікае пытаньне, чаму гэта не зрабілі раней? Чаму не вырашаюцца іншыя пытаньні? Чаму не вырашаецца пытаньне працэдуры спагнаньня падаткаў, чаму не даюць гарантый недатыкальнасьці ўласнасьці, чаму застаецца магчымасьць пазасудовага спагнаньня сродкаў з рахункаў бізнэсу, і гэтак далей. Гэтыя пытаньні таксама вельмі важныя, але яны, на жаль, не вырашаюцца».
XS
SM
MD
LG