Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Масквы не камэнтуюць прычынаў закрыцьця станцыі мэтро “Беларуская”


Маскоўскія ўлады пацьвердзілі інфармацыю аб тым, што ў мэрыі рыхтуецца пастанова аб закрыцьці ад 1 студзеня 2011 на рэканструкцыю дзьвюх станцыяў мэтро “Беларуская” – Кальцавой і Радыяльнай. Упершыню заява аб магчымым закрыцьці абедзьвюх станцыяў мэтро “Беларуская” была зробленая ўчора кіраўніком дэпартамэнту транспарту Масквы Васілём Кічэджы. Ні Кічэджы, ні іншыя прадстаўнікі маскоўскіх уладаў не называюць прычынаў, чаму гэта неабходна зрабіць.

У прэсавай службе маскоўскага мэтрапалітэну таксама ўстрымліваюцца ад камэнтароў. Журналістам, аднак, нагадалі, што ўжо ў траўні 2010 з-за рамонту эскалятару і рэстаўрацыйных работ зачынены пераход паміж Радыяльнай і Кальцавой станцыямі “Беларускай”. Калі ж будзе завершаная гэта праца, у мэтрапалітэне ня ведаюць.

Абедзьве станцыі мэтро "Беларуская" знаходзяцца побач з Беларускім вакзалам, які зьвязвае расейскую сталіцу са многімі гарадамі заходняга накірунку. Да таго ж штогадзінна па маршруце “Беларускі вакзал – аэрапорт Шарамецьцева” курсуе аэраэкспрэс, які самым хуткім падземным шляхам злучае пасажыраў з гэтымі важнымі пунктамі іх маршруту.
XS
SM
MD
LG