Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Затрыманьні за “кактэйль Молатава” працягваюцца


Пашкоджаная пляшкай з запальнічай сумясьсь машына ля расейскага пасольства.

Пашкоджаная пляшкай з запальнічай сумясьсь машына ля расейскага пасольства.

У менскім ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзяцца больш за дзясятак актывістаў моладзевых нефармальных арганізацый. Дакладная колькасьць затрыманых дагэтуль невядомая. Невядомыя і ўсе прозьвішчы тых, хто трапіў за краты па падазрэньні ў кіданьні «кактэйлю Молатава» на тэрыторыю расейскай амбасады і спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на завулку Акрэсьціна. Але сьпіс затрыманых павялічваецца.

Сярод затрыманых па падазрэньні ў падпале расейскай амбасады, а таксама кіданьні «кактэйлю Молатава» на дзьверы КПП і плот, дзе месьцяцца ізалятар часовага ўтрыманьні і спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна, прадстаўнікі розных моладзевых арганізацый.

Першымі за краты трапілі анархісты Валерыя Хоціна, Сяргей Сьлюсар, Ігар Багачак, Мікалай Дзядок, Аляксей Жынгароўскі, Аляксандар Францкевіч і Антон Лапцёнак. Фармальнай падставай для іх затрыманьня стала заява ў інтэрнэце ад імя анархісцкай арганізацыі «Сябры свабоды». Якая ўзяла на сябе адказнасьць за падвал расейскай амбасады 30 жніўня. Тады бутэлька з кактэйлем Молатава трапіла ў аўтамабіль і агонь спаліў салён машыны.

Прадстаўнікі анархісцкіх арганізацый заявілі, што ня ведаюць такога аб’яднаньня як «Сябры свабоды» і лічаць інфармацыю ў інтэрнэце правакацыяй беларускіх спэцслужбаў з мэтай распачаць апэратыўную распрацоўку актывістаў нефармальных моладзевых арганізацый.

Пацьверджаньнем гэтага назіральнікі лічаць шэраг ператрусаў на кватэрах сяброў моладзевых арганізацый.

Міліцыянты ня сталі абмяжоўвацца крымінальнымі справамі за падпал расейскай амбасады і ізалятару часовага ўтрыманьня. Актывіста партыі «Зялёныя» Ўладзімера Валодзіна затрымалі па падазрэньні ў падпале дзьвярэй філіялу «Беларусбанка», які адбыўся сёлета 30 красавіка.

Падчас ператрусу ў яго забралі цьвёрды дыск і ўлёткі.

Кіраўніка менскай гарадзкой арганізацыі «Беларускай партыі свабоды» Сяргея Папова затрымалі па падазрэньні ў кіданьні кактэйлю Молатава каля ІЧУ на Акрэсьціна.

Маці Сяргея абураная дзеяньнямі людзей у цывільным. Яны прыйшлі а 7 раніцы на кватэру, калі яе сын яшчэ спаў. Ператрус рабілі на вачах суседзяў, якіх задзейнічалі ў якасьці панятых.
Можа, гэта яны да сьвята горада прыбіраюць усю моладзь, якая ім падаецца нядобранадзейнай.

Натальля Папова: «Я прачытала ў пастанове на ператрус, што гэта адбылося ў 4:25 раніцы. Мой сын начаваў на лецішчы, гэта Дубравы Маладзечанскага раёну. Ён ня быў у Менску. Суседзі ўсе бачылі, што ён там.

Паўтарала і паўтарала, што ў сына алібі. Але яны казалі: „Не. Мы яго затрымаем. Сьледчы разьбярэцца“. Для чаго яго забралі?

Я гляджу тэлебачаньне. Можа, гэта яны да сьвята горада прыбіраюць усю моладзь, якая ім падаецца нядобранадзейнай. Навошта ім мой фотаапарат?! Там мае здымкі, як мы зь сястрой адпачывалі ў Турэччыне.

Яны мне казалі, што выконваюць загад, што гэта іх праца. Мой сын нічога ня ведаў пра Акрэсьціна. Ён, як і ўсе, быў на футболе».

Некаторых актывістаў затрымалі другі раз пасьля таго, як адпусьцілі ў справе за падпал амбасады.

За краты паўторна трапіла Тацяна Семянішчава. Яе дапытвалі 7 верасьня. Пасьля ператрусу, падчас якога забралі цьвёрды дыск кампутара, флэшку і некалькі кніжак, дзяўчыну адпусьцілі. Дзяўчына ўдзельнічае ў ініцыятыве «Ежа замест бомбаў».

Аляксандар Францкевіч таксама паўторна трапіў за краты. Першы раз хлопца затрымалі 3 верасьня як падазраванага ў падпале расейскай амбасады і адпусьцілі праз трое сутак. Цяпер яго падазраюць у нападзе на Дом прафсаюзаў 30 красавіка 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG