Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія журналісты прапануюць усталяваць памятную дошку Сяргею Буткевічу


Сяргей Буткевіч
Сяргей Буткевіч
Сяргей Буткевіч, які пайшоў з жыцьця сёлета 29 траўня, быў адным зь вядомых незалежных журналістаў. Калегі хочуць ушанаваць ягоную памяць: сабраць грошы на мэмарыяльную дошку і зьвярнуцца ў гарвыканкам з адпаведным лістом.

Ініцыятыва ў гэтай справе сыходзіць ад сябра Сяргея Буткевіча, журналіста Уладзімера Жыгулова. Ён рыхтуе зварот да ўладаў. Падпісаць зварот пагадзіліся і віцебскія сябры «БАЖ», і шараговыя грамадзяне Віцебску, бо Буткевіч быў вядомай у Віцебску асобай.

Ён пачаў прафэсійную дзейнасьць амаль 40 гадоў таму ў абласной газэце «Витебский рабочий», потым працаваў у рэдакцыі інфармацыі Віцебскай абласной студыі тэлебачаньня, уласным карэспандэнтам БелТА, «Народнай газэты», пазьней — у недзяржаўных СМІ: газэтах «Витебский курьер» і «Курьер из Витебска», «Народная воля». З апошнім выданьнем журналіст супрацоўнічаў да апошніх дзён свайго жыцьця, нягледзячы на тое, што пасьля трох інсультаў стаў інвалідам II групы. Ён не выходзіў з дому, таму ўсе інтэрвію браў па тэлефоне, а набіраць тэксты яму дапамагала жонка. Нягледзячы на праблемы са здароўем, Сяргей Буткевіч да апошніх дзён імкнуўся знаходзіць цікавыя, актуальныя тэмы, дапамагаць людзям, асьвятляць вострыя праблемы віцебскага жыцьця.

Сродкі на ўшанаваньне памяці журналіста мяркуе зьбіраць распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда. На гэта ёсьць каля году: у кастрычніку 2011-га Сяргею Буткевічу споўнілася б 70 гадоў, і якраз да гэтага часу было б добра ўсталяваць памятную дошку на доме № 5/13 па вуліцы Шубіна, дзе ён жыў у апошнія гады, кажуць калегі.

Пра свой намер увекавечыць памяць пра старэйшага сябра яны абвясьцілі якраз сёньня, у Міжнародны дзень салідарнасьці журналістаў.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG