Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртыза ў справе Бябеніна зацягваецца на месяц


У пракуратуры Менскай вобласьці працягваюцца апытаньні па справе аб сьмерці заснавальніка сайту «Хартыя-97» Алега Бябеніна, паводле якой папярэднія высновы сьледзтва і калегаў журналіста разыходзяцца.

Сёньня сьледчы пракуратуры Аляксандар Азарэвіч выклікаў на размову калегаў Алега Бябеніна па сайце «Хартыя-97», а таксама некаторых ягоных сяброў.

Зьміцер Бандарэнка
У каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі я пацікавіўся, ці распытваў сьледчы адносна сьлядоў на целе Алега Бябеніна і ў прыватнасьці адносна ненатуральна вывернутай нагі нябожчыка.

Бандарэнка: «Не цікавіўся, гэта я сам распавёў. Ягоныя пытаньні тычыліся таго, дзе, што, як вы працавалі, як там быў на месцы, ці ўваходзіў у дом. А гэта пытаньне, што я бачыў, нюансы — гэта зусім не цікавіла. Як і мае разважаньні, што я з судмэдэкспэртам размаўляў, гэта таксама не цікавіць. Я тады кажу: дык вы адну вэрсію адпрацоўваеце? Не, кажа, розныя. Але… Бачна, што гэта ўсё так, для галачкі».

Зьміцер Бандарэнка раней казаў, што бачыў на целе нябожчыка прыкметы зьнешняга ўзьдзеяньня. У прыватнасьці, Бандарэнку не задавальняюць тлумачэньні экспэрта адносна вывернутай нагі нябожчыка. Паводле Бандарэнкі, экспэрт заявіў яму, што паколькі сьмерць журналіста наступіла 2 верасьня і цела амаль дзень правісела ў пятлі, абапіраючыся на падлогу правай нагой, то з-за «трупнага здранцьвеньня» галенастоп нібыта скруціла. Між тым Зьміцер Бандарэнка згадвае словы намесьніка пракурора, сказаныя пры аглядзе трупа вечарам 3 верасьня. Той казаў, што цела «яшчэ мяккае», і вызначаў час сьмерці сярэдзінай таго ж дня. Зьміцер Бандарэнка кажа, што з пытаньняў, якія яму сёньня задаваў сьледчы Азарэвіч, не вынікала, што гэтыя супярэчнасьці цікавяць сьледзтва. Некаторыя зьвесткі, між тым, былі для сьледчага новымі.

Бандарэнка: «Ён папрасіў даць характарыстыку Алегу. Я сказаў, што ён быў вельмі адказны і дакладны чалавек, заўсёды адчувалася, што ён з добрай сям’і, добра выхаваны. А бацька ягоны быў у свой час судзьдзём вайсковай калегіі Вярхоўнага суду Беларусі. Сьледчы гэта перапытаў і запісаў. Яны гэтага ня ведалі».

Размову са сьледчым сёньня меў і дэмакратычны актывіст Аляксандар Атрошчанкаў, які 3 верасьня таксама быў сярод людзей, якія прыехалі на дачу Алега Бябеніна, калі стала вядома пра ягоную сьмерць. З заяваў міліцыі вядома, што на дачы сьледчыя знайшлі 2 пустыя бутэлькі з-пад «Беларускага бальзаму» і кілішак побач з бутэлькамі. Некаторыя з калегаў Бябеніна паведамілі, што кілішак нібыта «быў чысты». Я перапытаў пра гэтую дэталь Аляксандра Атрошчанкава. Спадар Атрошчанкаў прызнаў, што не зьвярнуў увагу на кілішак, але яго сапраўды зьдзівілі некаторыя рэчы:

«Па-першае, стэрыльная чысьціня. Калі чалавек, паводле вэрсіі сьледзтва, выпівае літар алькаголю і вельмі акуратна вешаецца, то гэта вельмі непраўдападобна. Па-другое: ногі на падлозе, зэдлік гэты, павалены. Незразумела, навошта ён, калі ногі на падлозе. Шмат чаго было вельмі дзіўным».

Паводле спадара Атрошчанкава, сьледчы найперш пытаўся ў яго пра асобу Алега Бябеніна і пра тое, ці былі ў яго калі настроі і думкі аб самагубстве. «Я такіх праяваў ніколі ня бачыў і ня чуў» , — сказаў сьледчаму Аляксандр Атрошчанкаў.

Прэсавы сакратар Менскай абласной пракуратуры Тацяна Калініна паведаміла «Свабодзе», што экспэртыза, якая адкажа на пытаньне пра алькаголь у крыві ды і іншыя рэчы, зацягваецца на месяц:

«Экспэртыза не такая простая. Яна складаецца з комплекснага дасьледаваньня ня толькі цела, але і біялягічнага рэчыва. Гэта доўжыцца цягам месяца. Падрабязнасьцяў у мяне яшчэ пакуль няма.»

Алег Бябенін
Заснавальнік апазыцыйнага сайту «Хартыя-97» Алег Бябенін, паводле папярэдняй вэрсіі пракуратуры і міліцыі, 2 верасьня скончыў сваё жыцьцё самагубствам на сваім лецішчы ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну. Цела Бябеніна было знойдзена 3 верасьня. Калегі журналіста ня вераць у самагубства, указваючы на шматлікія дэталі зь месца здарэньня і асаблівасьці дзейнасьці Алега Бябеніна. У Менскай абласной пракуратуры заяўляюць, што праверка яшчэ працягваецца і ставіць кропку рана. Шматлікія арганізацыі ў Беларусі і сьвеце заклікалі беларускія ўлады да «ўсебаковага і празрыстага расьсьледаваньня» сьмерці журналіста Алега Бябеніна.

XS
SM
MD
LG