Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта паліць Каран?


У суботу, 11 верасьня, вернікі эвангельскай царквы Dove World Outreach Center у горадзе Гэйнсвіл (Gainesville) ў амэрыканскім штаце Фларыда зьбіраюцца публічна спаліць асобнікі Карану, каб такім чынам адзначыць угодкі тэрарыстычных атакаў ісламскіх экстрэмістаў на Сусьветны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку і Пэнтагон у Вашынгтоне 11 верасьня 2001 году.

Прарок з бомбай


А сёньня ўвечары канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель выступіць з прамовай аб свабодзе прэсы ў Патсдаме, падчас уручэньня прэміі дацкаму журналісту, які ў 2005 годзе ў газэце "Jyllands-Posten" апублікаваў карыкатуры на прарока Мухамэда (на самай вядомай зь іх прарок паказаны ў турбане, на якім відаць бомбу з запаленым кнотам). Курт Вэстэргорд атрымае прэмію за "няўхільную абарону свабоды прэсы і свабоды думкі", паводле прэс-рэлізу арганізатараў гэтай цырымоніі ў Патсдаме. Вэстэргорду неаднаразова пагражалі сьмерцю за тыя карыкатуры, і ён з часу іхняй публікацыі знаходзіцца пад абаронай паліцыі.

Гэтыя дзьве нагоды, несумненна, не спадабаюцца ні ісламскім фундамэнталістам, ні шмат каму са звычайных мусульманаў. Бо за гэтымі нагодамі, як ні круці, праглядвае больш ці менш чытэльны ўсім на сьвеце мэсыдж — іслам зьяўляецца рэлігіяй, якая апраўдвае ці нават правакуе гвалт.

Я, як і большасьць людзей у гэтай частцы сьвету, не чытаў Карану і, відаць, ніколі яго не прачытаю. Мне неаднойчы даводзілася сустракацца зь меркаваньнем у кніжках спэцыялістаў па арабскай гісторыі, культуры і літаратуры, што каб зразумець Каран як сьлед, трэба чытаць яго ў арыгінале, а не ў перакладах. Я паспрабаваў навучыцца арабскай мове, каб адолець хоць першую суру сьвятой кнігі ісламу па-арабску, але зразумеў, што такое ўмельства для мяне ня сьвеціць, прынамсі ў гэтым жыцьці. Так што разважаць пра тое, наколькі Каран заклікае вернікаў да гвалту ці да міру, я тут ня буду...

Чаго яны цацкаюцца з тымі царкоўнікамі?


Але мне з нагоды плянаванай акцыі пастара Тэры Джонса і 50 вернікаў ягонай царквы ў Фларыдзе прыйшло ў галаву адно пытаньне, магчыма, што і не зусім разумнае і апраўданае:

А чаму амэрыканцы не забароняць гэтага публічнага спаленьня, якое патэнцыяльна пагражае ЗША рознымі непрыемнымі наступствамі?

Вось камандуючы амэрыканскімі сіламі ў Аўганістане генэрал Дэйвід Пэтрэус асьцерагае, што спаленьне Карану ў Фларыдзе толькі падліе алею ў агонь ісламскіх фундамэнталістаў па ўсім сьвеце і зробіць значна цяжэйшай амэрыканскую вайсковую місію ў гэтай краіне.

А Дзярждэпартамэнт ЗША называе меркаваную акцыю пастара Джонса правакацыяй, якая паказвае брак павагі да іншай рэлігіі.

Ці ў Крымінальным кодэксе штату Флорыда (або ў амэрыканскім фэдэральным заканадаўстве) ня знойдзецца артыкул пра "распальваньне рэлігійнай варажнечы", на аснове якога можа было б пасадзіць усіх тых прыхільнікаў пастара Джонса ў турму хоць бы на паўгоду, каб яны абразуміліся і ня ставілі амэрыканскіх вайскоўцаў у Аўганістане ці амэрыканскія дыпляматычныя прадстаўніцтвы за мяжою пад пагрозу дадатковых атакаў?

Вось жа ў Беларусі ня цацкаліся і пасадзілі журналіста Аляксандра Зьдзьвіжкова, які перадрукаваў дацкія карыкатуры на Мухамэда ў газэце "Згода". Калі такое магчыма ў Беларусі — краіне, у якой лідэр акрэсьлівае свой рэлігійны сьветапогляд як "праваслаўны атэіст" і якой, па ўсёй бачнасьці, ніякі ісламскі фундамэнталізм і тэрарызм не пагражаюць — дык чаму нельга юрыдычна абараніць рэлігійную гармонію ў ЗША, дзе на кожнай даляравай банкноце стаіць дзяржаўны дэвіз "In God we trust", а сама краіна знаходзіцца на першай лініі найбольш небясьпечнага "сутыкненьня цывілізацый"?

Я ня ведаю адказу на гэтае пытаньне. А вы?

Плятон і ГУЛаг


Але мне з гэтай нагоды прыходзіць у галаву вось такая рэфлексія: віны (заслугі) Карану ў існаваньні сучаснага ісламскага экстрэмізму і тэрарызму ня болей, чым віны (заслугі) Бібліі ў крыжовых паходах Эўропы на мусульманскі сьвет у Сярэднявеччы. Дый віну за галакост габрэяў у часе ІІ сусьветнай вайны нельга, па-мойму, ускладаць на "Mein Kampf" Адольфа Гітлера. Кніжкі тут не вінаватыя.

Карацей, гэты эвангельскі пастар з Гэйнсвілу страляе міма.

А мне тут прыгадваецца яшчэ іншы пратэстанцкі пастар з Гэйнсвілу ў Фларыдзе — беларус Ян Пятроўскі (нар. 1905 у Слуцку). Жывучы ў Гэйнсвіле, пастар Пятроўскі не паліў кнігаў, а пісаў новыя. Ён пераклаў на беларускую мову сем тамоў дыялёгаў Плятона, "Роздумы" Марка Аўрэлія, склаў грэцка-беларускі слоўнік, выдаў тры тамы мэмуараў.

Калі б, прыкладам, ажыцьцявіць ідэю дзяржавы, абрысаваную ў дыялёгах Плятона, мы атрымалі б таталітарызм яшчэ больш жорсткі, чым СССР сталінскай эпохі. Але ж сёньня нікому не прыходзіць у галаву, каб вінаваціць Плятона за ГУЛаг...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG