Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Мацкевіч пацікавіўся ў міністра юстыцыі лёсам артыкулу 193.1


Сяргей Мацкевіч

Сяргей Мацкевіч

Старшыня Рабочай групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі, сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства Сяргей Мацкевіч сустрэўся сёньня зь міністрам юстыцыі Беларусі Віктарам Галаванавым.

Падчас сустрэчы закранаўся шэраг пытаньняў, якія тычацца дзейнасьці грамадзкіх арганізацый. Найперш адмены артыкулу 193.1 які тычыцца дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Мацкевіч: «Ужо больш за год прайшло пасьля абяцаньняў. Міністар даў цьмяны адказ, маўляў, яны сваё меркаваньне выказалі, а далей — ня наша справа. Па ўскосных прыкметах гэта намер дэкрыміналізаваць гэты артыкул, то бок пакінуць толькі адміністрацыйную адказнасьць. Але нават гэтага міністар не сказаў. Мы зразумелі, што гэтае пытаньне ня ўнесена ў бліжэйшую і, малаверагодна, што яно зьявіцца раптам у парадку дня наступнай сэсіі».

Таксама Мацкевіч не атрымаў яснага адказу міністра адносна будучага закону аб некамэрцыйных арганізацыях:
Усімі пытаньнямі, якія нас хвалююць, і якія мы задавалі міністру, у міністэрстве ня хочуць займацца.


«Яшчэ адно, што апроч артыкулу 193.1 моцна псуе імідж Беларусі — гэта сьмяротнае пакараньне. Нам таксама ў міністэрстве сказалі, што гэта ўжо ня ёсьць у кампэтэнцыі міністэрства, і трэба зьвяртацца да прэзыдэнта».

У канцы 2004 году міністар юстыцыі запрасіў прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый на сустрэчу і сказаў пра тое, што міністэрства разглядае магчымасьць пераходу на заяўны прынцып рэгістрацыі. Але цяпер Галаванаў сказаў, што гэтае пытаньне адкладзенае ў доўгую скрыню і зараз, маўляў, не актуальнае.

Мацкевіч: «Атрымліваецца, што ўсімі пытаньнямі, якія нас хвалююць, і якія мы задавалі міністру, у міністэрстве ня хочуць займацца. Там з задавальненьнем ухіляюцца ад такіх непрыемных пытаньняў. Гэта сьведчыць пра несамастойнасьць. Асабліва адносна артыкулу 193.1 у нас застаецца занепакоенасьць. Нягледзячы на тое, што з нашага боку шмат намаганьняў прыкладаецца, і міжнародныя арганізацыі шмат пра гэта кажуць, і самі яны разумеюць, што гэта псуе імідж, яны нічога ня могуць зрабіць. Чакаюць нейкага іншага загаду. Дзякуй богу, што ніхто не сядзіць цяпер у турме за гэты артыкул. Але пракурорскія папярэджаньні ёсьць, і гэта абмяжоўвае грамадзкую актыўнасьць».

Чакаць Віктара Галаванава давялося паўтары гадзіны і некаторыя актывісты, якія таксама запісаліся на прыём, не дачакаліся міністра, бо вымушаныя былі ісьці на іншую сустрэчу.
XS
SM
MD
LG