Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду ўзнагародзілі за распаўсюд вольнага слова


Барыс Хамайда атрымаў дыплём ад віцебскіх «бажаўцаў».

Барыс Хамайда атрымаў дыплём ад віцебскіх «бажаўцаў».

Адмысловы дыплём да сёньняшняга Міжнароднага дня салідарнасьці журналістаў атрымаў Барыс Хамайда, вядомы ў Віцебску распаўсюднік незалежнай прэсы, заснавальнік і выдавец першай на Віцебшчыне незалежнай газэты «Выбар».

Такія самыя дыплёмы былі накіраваныя па пошце выдаўцам іншых незалежных выданьняў, якія выходзяць і распаўсюджваюцца ў рэгіёне выключна дзякуючы энтузіязму і самаадданасьці мясцовых змагароў за свабоду слова.

У дыплёме, які віцебскія сябры «Беларускай Асацыяцыі Журналістаў» сёньня ўручылі Барысу Хамайду, напісана, што ён уганараваны «за шматгадовую самаадданую працу ў імя cвабоды слова ў Беларусі». Паводле ўспамінаў спадара Хамайды, ён распаўсюджвае самыя разнастайныя незалежныя выданьні з 1997 году. Амаль кожны жыхар Віцебску ведае, што набыць «Нашу ніву» ці «Народную волю» можна каля так званага «сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна. Там, недалёка ад самага люднага ў горадзе транспартнага прыпынку штодня стаіць распаўсюднік пад бел-чырвона-белым парасонам.

Зь сёньняшнім Міжнародным Днём салідарнасьці журналістаў сябры «БАЖ» павіншавалі Барыса Хамайду і як свайго калегу. У 1990-я гады ён пачаў выдаваць першую на Віцебшчыне незалежную газэту «Выбар», куды пісаў артыкулы і сам. Выданьне ўжо колькі год не выходзіць праз адсутнасьць фінансавых сродкаў, але спадар Хамайда пэўны: журналісцкая праца, у тым ліку і ў Віцебску, стала яшчэ больш патрэбнай і яшчэ больш небясьпечнай:

«Арыштоўвалі журналістаў, затрымлівалі іх. Гэта дужа небясьпечная прафэсія, асабліва ў цяперашні час, каб працаваць журналістам у нашай краіне. Бо трэба мець вялікую мужнасьць, каб пісаць праўду. І я віншую журналістаў зь сёньняшнім гэтым сьвятам — Днём міжнароднай салідарнасьці журналістаў».

За распаўсюд выдаванай ім самім газэты «Выбар», а пазьней — іншых незалежных выданьняў Барыса Хамайду неаднаразова затрымлівалі, завозілі ў пастарункі, выклікалі ў суды, штрафавалі… Тым ня менш, ён лічыць сваю працу дужа патрэбнай людзям, і таму яе не спыняе. Хаця кажа, што незалежная прэса мусіць быць у грамадзтве яшчэ больш запатрабаваная, але гэтаму не спрыяюць цяперашнія ўмовы нашага жыцьця:

«Я хацеў бы, каб болей карысталіся попытам незалежныя выданьні. Ну, моладзь цяпер у інтэрнэце шукае інфармацыю. Але людзі сталага веку… Ведаеце, дужа цяжка жыць! Калі чалавек думае, што яму купіць, газэту ці малака, то ён робіць выбар на карысьць малака і кавалка хлеба. Задорага цяпер набываць прэсу і неяк падтрымліваць уласнае жыцьцё».

Многія падыходзяць да распаўсюдніка, каб проста пагаварыць пра палітыку.
Ці не таму месца каля «сіняга дому» сталася ня толькі кропкай распаўсюду незалежных СМІ, але «бібліятэкай», дзе прачытаную ўжо газэту людзі пакідаюць у Барыса Хамайды для наступнага ахвотнага. Урэшце, многія падыходзяць, каб проста паразмаўляць пра жыцьцё ці паспрачацца па палітычных пытаньнях са старэйшым віцебскім апазыцыянэрам.

У розных рэгіёнах Віцебшчыны таксама ёсьць людзі, якія спрабуюць данесьці да землякоў праўдзівую незалежную інфармацыю, якую не прачытаеш у дзяржаўных газэтах. Таму віцебскія сябры «БАЖ» разаслалі па пошце яшчэ 6 дыплёмаў тым, хто найбольш зрабіў дзеля распаўсюду вольнага слова і найбольш пацярпеў за гэта. Да прыкладу, дыплёмам за адданасьць барацьбе за свабоду слова быў уганараваны Уладзімер Скрабатун, рэдактар, выдавец і распаўсюднік газэты «Вольнае Глыбокае»; Георгі Станкевіч , які за ўласныя сродкі выдае газэту «Крывінка» ў Бешанковіцкім раёне, і якога сёлета аштрафавалі за нібыта незаконны яе распаўсюд; Сяргей Салодкін, выдавец самвыдатаўскай газэты «Покліч Волі» — сёлета пасьля публікацый пра несправядлівасьць мясцовых выбараў ён быў звольнены са школы, дзе працаваў настаўнікам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG