Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдыюм палітрады Аб'яднаных дэмсілаў прыняў зварот да міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу. У ім лідэры дэмакратычнай апазыцыі прапануюць адкласьці вырашэньне пытаньня візавых санкцый да завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў.

На пасяджэньні палітрады зварот падпісалі старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч ад БСДП (Грамада), Алена Яськова ад Беларускай партыі жанчын "Надзея" і старшыня аргкамітэту па стварэньні партыі працоўных Аляксандар Бухвостаў.

У кастрычніку Эўрапейскі зьвяз плянуе разгледзець пытаньне візавых санкцый адносна шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў на чале з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Нагадаю, паводле прынятага ў лістападзе мінулага году рашэньня Рады Эўразьвязу, гэтыя санкцыі былі падоўжаныя да кастрычніка 2010 году. Адначасова гэтыя санкцыі былі замарожаныя да кастрычніка. У дакумэнце адзначалася адсутнасьць трывалага прагрэсу ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Але каб схіліць афіцыйны Менск да прагрэсу Рада замарозіла прымяненьне візавых санкцыяў на такі ж самы пэрыяд — да кастрычніка гэтага году. Лідэры АДС заклікалі краіны Эўразьвязу адкласьці вырашэньне пытаньня візавых санкцый да завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Сяргей Калякін патлумачыў:
рашэньне трэба адкласьці і прыняць рашэньне па санкцыях пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ...

"Мы выказалі сваю думку на гэты конт. Мы лічым, што гэта рашэньне трэба адкласьці і прыняць рашэньне па санкцыях пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Гэта будзе лягічна, бо санкцыі былі абумоўленыя тым, што ёсьць парушэньні ў выбарах, што няма свабодных выбараў у Беларусі, і таму яны павінны прыняць рашэньне ўсё ж пасьля таго, як адбудуцца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі".

Аўтары звароту перададуць яго паслам краін Эўразьвязу і эўрапейскім палітыкам падчас непасрэдных кантактаў, у тым ліку падчас сёньняшняй сустрэчы з дэлегацыяй парлямэнту Даніі, якая знаходзіцца ў Менску. Паводле намесьніка старшыні АГП Льва Марголіна, пакуль няма ніякіх падставаў для адмены візавых абмежаваньняў супраць афіцыйнага Менску:
галоўнае — будуць у нас выбары па эўрапейскіх стандартах ці ня будуць ...

"Мы вырашылі зьвярнуцца да іх, каб яны, калі яны будуць у кастрычніку разглядаць гэтае пытаньне, па-першае, улічылі нашу думку наконт пяці чыньнікаў, якія яны самі ставілі беларускім уладам. І каб канчатковае вырашэньне пытаньня аб санкцыях перанесьлі на час пасьля выбараў. Бо гэта ж галоўнае — будуць у нас выбары па эўрапейскіх стандартах ці ня будуць".

Лідэры АДС заяўляюць пра поўную адсутнасьць прагрэсу па пяці крытэрах, вызначаных Эўразьвязам у рамках дыялёгу. Яны нагадваюць пра палітвязьняў, пра пагаршэньне сытуацыі з мэдыямі, пра выбарчае заканадаўства, умовы дзейнасьці партый і няўрадавых арганізацый, забарону на правядзеньне вулічных акцый. Аўтары звароту прапанавалі падпісаць яго іншым палітыкам, у тым ліку лідэру руху "За свабоду" Аляксандру Мілінкевічу. Спадар Мілінкевіч сказаў, што пакуль ня бачыў гэтага ліста. Але ён лічыць, што прагрэсу ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі няма.
эканамічныя санкцыі шкодзяць з большага беларускаму народу, а пэрсанальныя санкцыі цалкам магчымыя...

"Я быў прыхільнікам таго, што эканамічныя санкцыі шкодзяць з большага беларускаму народу, а пэрсанальныя санкцыі цалкам магчымыя. І каб іх зьняць, патрэбны посьпехі. У тым ліку посьпехі і на выбарах. Калі падчас мясцовых выбараў выбарчая сыстэма паказала той самы твар, толькі крыху зь лепшым макіяжам, дык гэта замала для таго, каб казаць, што ёсьць посьпехі ў дэмакратызацыі".



Першыя пэрсанальныя візавыя санкцыі былі ўведзеныя ў 2004 годзе адносна асобаў, датычных да палітычных зьнікненьняў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і разгону масавых акцый пратэсту сьпіс быў істотна пашыраны, у яго быў таксама ўключаны Аляксандар Лукашэнка. У кастрычніку 2008 года дзеяньне санкцыяў было прыпыненае на паўгода. Праз год у красавіку тэрмін замарозкі санкцыяў працягнулі яшчэ на 6 месяцаў. А ў лістападзе мінулага году Эўразьвяз працягнуў санкцыі яшчэ на год.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG