Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі просяць Эўразьвяз адкласьці пытаньне аб візавых санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў да завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў.

Пра гэта гаворыцца ў звароце кіраўніцтва АДС да міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу.

Як тлумачыць "Свабодзе" адзін з падпісантаў заявы, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, неабходнасьць такога звароту зьвязаная з тым, што Эўразьвяз плянава вяртаецца да разгляду гэтага пытаньня ў кастрычніку. Аднак улічваючы лёсавызначальны характар прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, лідэры АДС прапануюць "адкласьці рашэньне пытаньня аб санкцыях да завяршэньня прэзыдэнцкай кампаніі з улікам адпаведнасьці яе стандартам АБСЭ, а таксама прагрэсу па кожным зь пяці крытэраў, якія вызначыў Эўразьвяз у рамках дыялёгу зь Беларусьсю".

Акрамя лідэра АГП свае подпісы пад зваротам паставілі старшыні іншых партыяў: ад "Справядлівага сьвету" — Сяргей Калякін, ад БСДП (Грамады) — Анатоль Ляўковіч, ад "Надзеі" — Алена Яськова, таксама зварот падпісаў старшыня аргкамітэту па стварэньні Партыі працоўных Аляксандар Бухвостаў.

Дакумэнт таксама прапанавана падпісаць Аляксею Янукевічу, Аляксандру Мілінкевічу, Віталю Рымашеўскаму, Мікалаю Статкевічу.
XS
SM
MD
LG