Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвона-чорны сьцяг зраўнавалі ў правах зь бел-чырвона-белым


Не сьпяшайцеся дамагацца прысваеньня вуліцам імёнаў дарагіх для вас пэрсонаў або называньня іх у гонар значных, на вашую думку, падзеяў. Дарэмна! Вынік, хутчэй за ўсё, будзе цалкам супрацьлеглым жаданаму. Зафіксаваныя такім чынам, яны пераўтворацца ў мёртвыя літары на шыльдах, тады як жывы дух зь іх выветрае. Такая думка прыйшла ў галаву, калі я ўчора абіваў парогі Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю разам з бацькамі і сябрамі шасьцёх затрыманых па справе нападу на расейскую амбасаду. Тая Галоўная ўправа, нагадаю, знаходзіцца па вуліцы Рэвалюцыйнай, 3. Што надавала ўсяму лёгкі прысмак камічнага абсурду. «Паліцэйскія сатрапы», захавальнікі асноваў кансэрватыўнага парадку вырашаюць лёс левых актывістаў на вуліцы, імя якой падарылі як раз гістарычныя папярэднікі апошніх. Лягічней было б, каб яна звалася вуліцай Контррэвалюцыйнай – для супадзеньня формы і зьместу.

БЕЛАРУСКАЯ ЎЛАДА – ГАЛОЎНЫ КАНСЭРВАТАР


Пэўную пікантнасьць можна ўбачыць і ў тым, што маладыя людзі, падазраваныя ў падпале расейскай амбасады, утрымліваюцца на вуліцы Акрэсьціна – лётчыка, які скіраваў ахоплены полымем самалёт у гушчу войскаў ворага. Каб я пісаў фэльетон, шасьцёх маладзёнаў у фінале паказальна пакаралі б на вуліцы Крапоткіна – знанага тэарэтыка анархізму. Дарэчы, Пётр Аляксеевіч быў аднойчы арыштаваны французскім урадам па абвінавачваньні ў арганізацыі выбухаў у Ліёне. Але асудзілі яго ўрэшце да пяцігадовага зьняволеньня за «прыналежнасьць да Інтэрнацыяналу». Пайшоў па 193-1 артыкуле. У сёньняшняй Беларусі павінен бы лічыцца «адмарозкам» і сядзець дзе-небудзь у ізалятары часовага ўтрыманьня, дык не. «Хто ж яго пасадзіць?! Ён жа помнік!».

Сытуацыя, калі перасьледуюць тых, у гонар чыіх папярэднікаў названыя шматлікія вуліцы па ўсёй Беларусі, толькі на першы погляд можа падасца шызафрэнічнай. Насамрэч гэтыя назвы ня столькі «радзімыя знакі савецкага мінулага», колькі абярэгі, пакліканыя засьцерагчы ад небясьпечных паўтораў гісторыі. Джыны, надзейна запячатаныя ў бутэлькі. Пасланьне вельмі простае: гамовэр, хлопцы, усе магчымыя рэвалюцыі ўжо адбыліся, ліміт на іх вычарпаны, цяпер яны толькі даты ў падручніках ды імёны на шыльдах. У гэтым сэнсе, беларуская ўлада – галоўны кансэрватар.

УЛАДА НЕЧАКАНА АДКРЫЛА ДЛЯ СЯБЕ АНАРХІСТАЎ


Дзіўна зусім ня тое, што за анархістаў нарэшце ўзяліся, дзіўна, што пра іх толькі цяпер даведаліся. Менавіта даведаліся, бо, судзячы па той інфармацыі, якая прасочваецца з кабінэтаў сьледчых, для праваахоўных органаў іхныя існаваньне і дзейнасьць сталі адкрыцьцём. Убачыўшы пры затрыманьні даволі далікатных маладых людзей, кажуць, былі зьдзіўленыя – чакалі суворых саракагадовых мужыкоў з гранатамі.

Па чутках, справа пра падпал расейскай амбасады завісла, ніякіх доказаў дачыненьня затрыманых да яго няма, адбіткі пальцаў не супадаюць, але міліцыянты раптам (!) выявілі на кампутарах, адабраных пры ператрусе, інфармацыю пра шэраг акцыяў колькімесячнай даўніны, адказнасьць за якія бралі на сябе ананімныя анархісцкія групоўкі. Акцыі не трымаліся ў сакрэце, наадварот, актыўна рэклямаваліся на тэматычных сайтах і ў блогасфэры, інфармацыя рассылалася ў недзяржаўныя СМІ, часам імі перадрукоўвалася. Аднак наконт узбуджэньня крымінальных справаў нічога не было чуваць.

Застаецца толькі гадаць, што б магла азначаць падобная безуважнасьць. Злыя языкі пляткарылі пра супрацу анархістаў з КДБ і «руку Масквы», але каго толькі не вінавацілі ў гэтых грахах, ужо нават ня сьмешна, нічога, апроч алергіі, гэтае абвінавачваньне не выклікае. На розум просіцца іншая кансьпіралягічная вэрсія: анархістам адмыслова дазволілі беспакарана пагарэзьнічаць, адчуць смак, каб пазьней выкарыстаць іх нейкім чынам, ужо па-сур'ёзнаму. Гэтая вэрсія грунтуецца на ўяўленьні пра спэцслужбы, як пра вельмі хітрамудрую, звышінтэлектуальную, ледзь не дэманічную структуру. Мой уласны жыцьцёвы досьвед такому ўяўленьню супярэчыць – я сутыкаўся зь немудрагелістымі дзядзечкамі, якія ну зусім не адпавядалі іміджу, створанаму спэцслужбістам галівудзкімі і савецкімі фільмамі.

У чым жа справа, у такім выпадку? Падаецца, у звычайнай непаваротлівасьці і ў нежаданьні праяўляць ініцыятыву без «адмашкі» зьверху. А яе не было таму, што анархісты да апошняга часу заставаліся для ўладаў непразрыстымі. Яны там звыклі да аднаго набору ключавых лёзунгаў, на якія рэфлекторна рэагуюць: «Жыве Беларусь!», «Беларусь у Эўропу!» і г.д. Выпрацавалі рэфлекс на бел-чырвона-белы сьцяг. Дакладна ведаюць, гэта – ворагі. А тут і сьцяг чырвона-чорны, і лёзунгі нейкія незнаёмыя, няма фіксацыі на асобе прэзыдэнта. Карацей, загадка, ад гэтых загадак толькі галава баліць, ну іх.

Цяпер адмашка дадзеная. Распавядалі, як бацька аднаго з затрыманых хлопцаў, у якога ёсьць сувязі ў праваахоўных структурах, спрабаваў тыя сувязі задзейнічаць. Яго нібыта строга паставілі на месца: нават і не спрабуй, справа на такім кантролі, што страшна сказаць. Маці іншага хлопца распавядала, як сьледчы пальцамі паказаў абрыс характэрных вусоў, апраўдваючыся за тое, што яму даводзіцца рабіць і тлумачачы, хто гэта загадаў.

Робяць, як умеюць. Угаворваюць бацькоў на вочную стаўку зь дзецьмі, каб яны папрасілі іх прызнацца або здаць сапраўдных вінаватых: бо, вы ж разумееце, пасьля іншыя пачнуць гаварыць на вашага сына (ці дачку), а ён, па нашых дадзеных, у іх завадатар, дакладна на яго скажуць, ды ўжо гавораць. Пужаюць дзесяцігадовым тэрмінам. Папярэджваюць, каб не наймалі адвакатаў, не давалі камэнтароў недзяржаўным СМІ – маўляў, толькі нашкодзіце сабе. Большасьць бацькоў пакуль што паслухмяна выконвае парады, верачы, быццам сьледчыя сапраўды жадаюць іхным дзецям выключна дабра.

Скарыстацца паслугамі прыватнага адваката наважылася толькі маці Аляксандра Францкевіча, заключыўшы пагадненьне з Паўлам Сапелкам. Пэўна, наважылася, бо мае большыя падставы хвалявацца за свайго сына – ён жыве з адной ныркай, хваравіты.

«БТ» НАВУЧЫЦЦА АБАРАНЯЦЬ ПРАВА БУРЖУЯЎ БЫЦЬ БУРЖУЯМІ

Падазраваных у тэарэтычным і практычным анархізьме зраўнавалі ў правах з традыцыйнымі public enemies, чырвона-чорны сьцяг зь бел-чырвона-белым. З гэтага часу быць анархістам у Беларусі – усё роўна, што быць апазыцыянэрам, з усімі вынікаючымі наступствамі. Вясёлае і бестурботнае сьвята непаслушэнства скончылася. Давядзецца ўліцца ў шэрагі затаўраваных «адмарозкаў». Якіх будуць паліваць брудам на канале БТ і старонках БС-СБ. Да бабкі не хадзі, хутка мы ўбачым ваўкаватых і п'яных гопнікаў, дэвіянтаў, якія прадаліся з трыбухамі сусьветнай закулісе.

Насамрэч яны нагадваюць колішніх «змагароў», якія сёньня, здаецца, амаль не сустракаюцца ў жывой прыродзе: рамантычных юнакоў і дзяўчынаў, гатовых жыць за ідэю, не сапсаваных грантамі, не спакушаных пэрспэктывай атрыманьня цёплага месьцейка за мяжой. Не разьдзяўбаі бяз вызначанага роду заняткаў, не апівохі, ня трутні і не буяны. Студэнты, гуманітарная і тэхнічная інтэлігенцыя. Многія нават бяз шкодных звычак. «Яны за свабоду, за роўнасьць, бяздомных кормяць... – кажа маці Аляксандра Францкевіча. – Чаму яны вам перашкаджаюць, а скінгэды, якія ў нас у Наваполацку дзень народзінаў Гітлера сьвяткуюць – не?!»

Ну, ня тое каб анархісты былі зусім ужо такімі белымі і пухнатымі. Прынамсі не для ўсіх. Іншая маці хвалюецца, каб дзецям не прыпісалі антыдзяржаўную, экстрэмісцкую дзейнасьць, бо знайшлі ж літаратуру, газэты, а там лёзунгі ў іх такія...

– Якія? – пытаецца бацька аднаго з затрыманых.
– Сьмерць буржуям, ды іншыя... – зьлёгку спалохана адказвае маці.
– Ну дык буржуям жа! – ласкава пасьміхаючыся, супакойвае ён жанчыну.

Працаўнікам агітацыі і прапаганды трэба засвойваць новую рыторыку. Вучыцца абараняць права буржуяў на доўгае шчасьлівае жыцьцё, а таксама права быць буржуямі, даводзіць шкоднасьць ідэяў свабоды і роўнасьці, тлумачыць, чаму скінгэды больш карысныя для грамадзтва, чым антыфашысты і г.д.

НЕ ДА СЬМЕХУ, СПАДАРЫ


У якасьці фінальнага акорду працытую допіс блогеркі czy:

«Можна зараз колькі заўгодна злараднічаць і ўхмыляцца, асуджаць і іншымі спосабамі выскаляцца на тэму анархістаў, «якія падставілі самі сябе». Але насамрэч такая бздура магла адбыцца зь любой «маладзёжкай» напярэдадні выбараў.

Калі хто забыўся, асьвяжаю:

У 2001 г. перад прэзыдэнцкімі выбарамі завялі справу за кінутую невядомымі на тэрыторыю амбасады РФ ці то дымавуху, ці то навучальную гранату – таксама нейкая ананімная лажа, няма пацярпелых, затое ўвесь «Малады Фронт» перацягалі да сьледчых;

У 2006 г. напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў: «пацукі ў вядры», справа «Партнэрства», якому таксама жадалі прышыць што-небудзь гэтакае экстрэмісцкае, але ў выніку з-за адсутнасьці доказнай базы сьледзтва спынілася на артыкуле 193-1 КК (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі)

Ну і сьвежы ў памяці «Садочок»-2008: выбух поруч з стэлай на прасп. Пераможцаў напярэдадні выбараў у парлямэнт, па якім дагэтуль ва ўсяго мужчынскага насельніцтва Беларусі пагалоўна здымаюць адбіткі пальцаў (тады праварадыкальную «Белаволю» перакалацілі зьверху данізу).

Гаворка пра тое, што на іх месцы мог апынуцца любы хоць трохі палітычна ангажаваны рух. Час такі, мэтады такія. Аднастайныя, але кожны раз вельмі непрыемныя для тых, на каго ўсе гузы. Так што не да сьмеху, спадары».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG