Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У афіцыйнага Менску ёсьць праблемы і зь Вільняй, і з Кіевам


8 верасьня ў Беларусі будуць знаходзіцца міністры замежных справаў Літвы і Ўкраіны. Разам зь Сяргеем Мартынавым Аўдронюс Ажубаліс і Канстанцін Грышчанка ўдзельнічаюць у кансультацыях кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў трох краінаў. Папярэднія сустрэчы ў аналягічным фармаце адбыліся летась: у лютым у Вільні і ў лістападзе ў Кіеве.

На пытаньне “Свабоды”, пра што сёньня зьбіраюцца размаўляць міністры, прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных адказаў:

"Падчас рабочага візыту і падчас сустрэч міністры абмяркуюць стан і пэрспэктывы разьвіцьця ініцыятывы Эўрапейскага Зьвязу "Ўсходняе партнэрства", варыянты каардынацыі дзеяньняў Беларусі, Украіны і Літвы для рэалізацыі агульных інтарэсаў на рэгіянальным, субрэгіянальных і глябальным узроўнях у рамках міжнародных арганізацыяў. Гэтая каардынацыя будзе таксама ўключаць у сябе рэалізацыю супольных праектаў".

Спадар Савіных адзначыў і яшчэ адзін напрамак сёньняшніх перамоваў:

"Вядома ж, міністры разгледзяць актуальныя пытаньні беларуска-ўкраінскага і беларуска-літоўскага супрацоўніцтва".

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, які сочыць за такімі сустрэчамі, адзначае, што найбольш актуальнай будзе, бадай, энэргетычная тэма:

"Вельмі няпростая праблема — транзыт украінскай электраэнэргіі празь Беларусь у Літву і далей у іншыя краіны Балтыі. Гэтае пытаньне на сёньняшні дзень ня вырашана".

Тут патрэбны тлумачэньні. Украіна выпрацоўвае шмат электрычнасьці і мае магчымасьць прадаваць яе на замежным рынку. Кіеў і Вільня дамовіліся пра цэны. Спачатку і Менск пагадзіўся транзытам пераганяць электраэнэргію ў Літву. За гэта Беларусь павінна была атрымліваць транзытныя грошы. Але раптам Беларусь зьмяніла пазыцыю і заявіла: мы будзем купляць электрычнасьць ва Ўкраіне, а ўжо потым па сваіх цэнах прадаваць яе ў Літву. Гэта выклікала абурэньне ў Вільні.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу і на тое, што з трох міністраў, якія пачыналі гэтыя сустрэчы, на сваёй пасадзе застаецца толькі Сяргей Мартынаў. Былы кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Літвы спадар Ушацкас цяпер ачольвае прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Аўганістане, а яго калега з Украіны спадар Парашэнка вярнуўся ў свой бізнэс па вытворчасьці шакаляду, цукерак, тартоў...

Спадар Якаўлеўскі адзначае і цяжкасьці, якія існуюць у двухбаковых стасунках Беларусі як з Украінай, так і зь Літвой:

"З Кіевам гэта датычыцца пагадненьня пра дзяржаўную мяжу. Беларусь яго нарэшце ратыфікавала, але грамат дагэтуль Украіне не аддае. І пакуль у Кіеве няма грамат, гэта азначае, што дадзены дакумэнт не працуе.

А што да Літвы, то дасюль не падпісана пагадненьне пра рух жыхароў памежных раёнаў. Беларусь яго не падпісвае".
XS
SM
MD
LG