Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
8 верасьня ўвечары ў менскай галерэі “Ў” будзе прэзэнтаваная “Бойня №5, або крыжовы паход дзетак”. Гэты ўсясьветна вядомы раман амэрыканскага пісьменьніка Курта Вонэгута перастварыў па-беларуску Павал Касьцюкевіч. Кніга выйшла ў прыватным выдавецтве “Логвінаў” пад грыфам “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.

“Бойня №5” прывабіла мільёны чытачоў ува ўсім сьвеце сваім свабодалюбным зьместам. Нездарма яе адразу па выхадзе ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя спрабавалі забараніць нават там, дзе, здавалася б, нічога забараніць немагчыма, – на радзіме выданьня, у ЗША. Аўтар належыць да таго кола бунтоўных амэрыканскіх пісьменьнікаў, імёны якіх сёньня нарэшце зьяўляюцца на вокладках беларускамоўных выданьняў дзякуючы маладой генэрацыі айчынных перакладчыкаў.

Таму сёньняшняя вечарына ў галерэі “Ў”, – кажа Павал Касьцюкевіч, – гэта ня толькі прэзэнтацыя перакладзенай ім кнігі:

“Гэта будзе ня толькі і ня столькі імпрэза, прысьвечаная Курту Вонэгуту і яго раману, гэта будзе своеасаблівы трыб’ют, даніна павагі ўсёй амэрыканскай літаратуры, а дакладней літаратуры пра Амэрыку. Мы згадаем амэрыканскіх літаратурных бунтароў, прынамсі большасьць зь іх пачынаючы з Чака Паланіка. Урыўкі зь яго раману “Байцоўскі клюб” прачытае перакладчык Сяржук Мядзьведзеў. Мы згадаем таксама вершы паэта-бітніка Алена Гінзбэрга ў перакладзе Юлі Цімафеевай”.

Вершы ж канадзкага паэта Леанарда Коэна прагучаць як песьні ў выкананьні перакладчыка Андрэя Хадановіча.

Што ж да ўласна прэзэнтаванага перакладу "Бойні №5", то ён будзе прадстаўлены ня толькі чытаньнем тэкставых фрагмэнтаў, але і відэашэрагам. На вечарыне будуць дэманстравацца зь беларускімі тытрамі фрагмэнты фільму паводле “Бойні №5”, зьнятага ў ЗША ў 1971 годзе.

Пачатак вялікай беларуска-амэрыканскай літаратурнай вечарыны ў галерэі “Ў” – а 18-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG