Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Цімохаў: Толькі траціна беларускіх мастакоў кантралюе свой арт-бізнэс


Сяргей Цімохаў

Сяргей Цімохаў

8 верасьня свой 50-гадовы юбілей адзначае адзін з самых адметных і запатрабаваных сучасных беларускіх мастакоў, намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Сяргей Цімохаў. Пра бачаньне сябе ў мастацтве і беларускае мастацтва ў цэлым спадар Цімохаў напярэдадні казаў у інтэрвію нашаму карэспандэнту Ігару Карняю.

— Спадар Сяргей, калі казаць з вышыні сёньняшняга дня, што найперш прычынілася да таго, што вы сталі мастаком: удзел бацькоў, школа, прыродны талент? Якім абставінам абавязаныя?

— Дакладней сказаць — сукупнасьці абставінаў. Нельга сказаць, што нейкая адна пазыцыя стварае чалавеку пэўны лёс. Апрача таго, што сам чалавек па прыродзе можа нечага дасягнуць, трэба ставіць мэты, да іх імкнуцца і дасягаць. Натуральна, асяродзьдзе. У першую чаргу — сям’я. Тое, што мне бацькі не перашкаджалі стаць мастаком — гэта вялікая справа. Тое, што яны мне дапамагалі вучыцца — таксама шмат чаго значыць. Хоць бацькі мае абсалютна далёкія ад гэтай сфэры, яны сяляне, але далі мне магчымасьць паехаць пасьля 8 клясаў зь вёскі паспрабаваць паступаць у Менск. У мяне атрымалася. Зразумела, яны былі рады, дапамаглі вучыцца. Потым атрымалася паступіць у інстытут. Дарэчы, было значна прасьцей паступаць, бо з базай мастацкай вучэльні я ўжо практычна ўвайшоў у мастакоўскае кола, зразумеў, што такое сталіца. Таму, вяртаючыся да пытаньня, вядома, прырода дае пэўны працэнт. Але калі чалавек не імкнецца да пастаўленай мэты, не кантралюе працэс у дасягненьні гэтай мэты, то вынік можа быць нулявы. Праца, праца і яшчэ раз праца. Толькі тады можа быць нейкі плён. Ці дасягнуў я пэўных вынікаў? Зразумела, я не задаволены шмат чым. Часта задумваесься: магчыма, трэба было зрабіць інакш, і тады пасьпеў бы зрабіць болей? Калі хочацца нешта зрабіць, калі адчуваеш, што ёсьць патэнцыял, хай, можа, і не атрымаецца, але трэба паспрабаваць гэта зрабіць. Тады будзе душа вольная. Тады і паміраць будзе вальней. Так бы мовіць, прыемней…


— Нядаўна была прэзэнтацыя фільму Ўладзімера Коласа «Крызіс у раі». Адна зь сюжэтных ліній — ад’езд беларускіх мастакоў на Захад на прыкладзе Ігара Цішына, Натальлі Залознай, Андрэя Задорына. Потым была дыскусія, і многія гледачы досыць безапэляцыйна заяўлялі: лёгка зьехаць ад праблемаў, а хто будзе змагацца за лепшае жыцьцё тут? Вы на чыім баку?

— Пытаньне і цікавае, і актуальнае, між іншым. У тым сэнсе, што досьвед сапраўды паказвае: пэўная колькасьць творчай інтэлігенцыі зьехала. Як яна сябе там пачувае — гэта трэба ў іх запытацца. Але я па сабе ведаю, бо маю вельмі просты прыклад. Яшчэ за савецкімі часам аднойчы я трапіў на два месяцы на пленэр. Недалёка, у Крым. Пасьля моладзевай выставы ў Маскве стварылі групу з прадстаўнікоў рэспублік СССР, і мы мелі магчымасьць два месяцы жыць і працаваць. Там былі майстэрні і ўвогуле ўсе неабходныя ўмовы. Я з захапленьнем, зразумела, паехаў — цалкам вольны, нічога не перашкаджае. І што вы думаеце? Месяц папрацаваў, зрабіў 12 ці 14 работ, і ўсё. Потым адчуў, што ўжо выціснуты, патрэбнае нейкае падмацаваньне, тэматычны штуршок. І вось тады я адчуў, што трэба жыць на сваёй зямлі, штодзённа, тады і будзе падмацаваньне. Трэба быць у сваёй майстэрні, кантактаваць са сваімі людзьмі, арыентавацца на тое, што тут робіцца. Магчыма, гэта цябе і не датычыцца — нейкія палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя праблемы. Але яны ствараюць пэўны падмурак. Мне, напрыклад, было б складана жыць нават у вельмі добрай краіне. І мне задаецца, што мастаку трэба працаваць тут.

— Па-вашаму, тыя ж Цішын, Залозная, Задорын, зьехаўшы ў Бэльгію ды Галяндыю, не знайшлі, а страцілі?

— Нядаўна ў Менску было адкрыцьцё выставы Ігара Цішына. І ў мяне склалася такое адчуваньне, што гэтыя мастакі са сваім магутнейшым, надзвычай цікавым, моцным патэнцыялам беларускай школы, дарам Боскім, трошкі падрабляюцца пад эўрапейскую прымітыўную, а часам недасканалую адукацыйную базу. Мне так падалося, хоць я магу памыляцца. Проста яны пачынаюць падладжвацца пад запатрабаваньні галерэй. А гэта закон. То бок, калі твор прадаецца ў гэтым накірунку, значыць, галерэя так і гаворыць: рабі мне, калі ласка, у такім кірунку. Ідзе наўпроставая замова. Але гэта рынак, які я таксама ведаю. Бо калі ў галерэі пайшоў адзін накірунак, яны наўпрост кажуць: гэта нармальна, рабіце. І я мушу паціху гэта рабіць. Хоць, зразумела, калі ў мяне ёсьць магчымасьць рабіць для выстаў іншыя працы, атрымліваецца паралель. Але калі ты працуеш толькі ў адным кірунку, каб зарабляць сабе на хлеб, то цябе могуць загнаць на такую вузкую сьцяжынку, што ты ня крочыш ні ўлева, ні ўправа. Мне падаецца, што там гэтыя праблемы могуць існаваць.

— Нягледзячы на тое, што Цімохаў па-ранейшаму тут, вашых працаў нямала за межамі Беларусі. Лёсам сваіх твораў цікавіцеся? Якая геаграфічная прысутнасьць?

— Я ведаю, празь якія галерэі гэтыя працы разыходзяцца. А ўсё астатняе для мяне ня тое, што нецікава, а я проста не адсочваю. Які сэнс? Ды нават фізычна не магу гэта адсачыць. Адзінае магу сказаць, што чым шырэй распаўсюджваньне маіх твораў, тым для мяне прыемней і карысьней. Але ж гэта і так зразумела.


— Чаго не хапае цяпер мастакам у Беларусі? Галерэяў, заляў, крытыкаў, ці можа ўвогуле аматараў жывапісу?

— Найперш, я ўсё ж лічу, што ў параўнаньні з савецкімі часамі, калі ў нас была закрытая прастора, і сёньняшнім момантам, то цяпер усё значна лепш. Як бы там ні было, мастак можа дэманстраваць свае творы за мяжой, мастак можа выходзіць на замежныя галерэі, нават без адукацыі. То бок, можа кантактаваць. А чаго не хапае ў Беларусі? Не хапае таксама і выставачных плошчаў, бо калі параўноўваць зь іншымі краінамі, то ў нас іх катастрафічна мала. Не хапае і крытыкаў, хоць штогод акадэмія выпускае мастацтвазнаўцаў, крытыкаў. Куды яны дзяваюцца — ня ведаю. Акрамя таго, факультэт журналістыкі таксама ж, напэўна, выпускае прафэсіяналаў, якія павінны асьвятляць сфэру культуры, музыкі, выяўленчага мастацтва і г.д. Трэба сказаць, што ў нас вельмі і вельмі рэдка журналісты, якія, напрыклад, прыходзяць на адкрыцьцё выставы, хоць трошкі арыентуюцца ў гэтай справе. Яны ёсьць, але вельмі мала, на жаль. Ёсьць маладыя людзі, якія намагаюцца ў гэтым разабрацца, а ёсьць тыя, хто проста прыходзіць і дзікавата сябе ў такой кампаніі адчувае. А таму на адкрыцьцё проста ня ходзіць.

— Можа, лепш і не пайсьці, чым паказаць сябе поўным дылетантам… А вось калі трымацца беларускіх стандартаў, у якой «сацыяльнай праслойцы» знаходзяцца мастакі? Колькі трэба выдаваць прадукцыі, каб ні ў чым сабе не адмаўляць? І ці можна ў Беларусі жыць толькі мастацтвам?

— Увогуле я перакананы, што на сёньняшні момант мастак можа зарабіць сабе на хлеб, стопрацэнтна. Але з адной умовай, што ён будзе проста працаваць. Нават не істотна, якую прадукцыю ён будзе выпускаць — рэалістычную, абстрактную ці нейкую іншую. То бок, для гэтага мастак павінен працаваць і хоць бы трошкі рабіць намаганьні, каб знайсьці пакупніка ці нейкую галерэю, якая б ім зацікавілася. Таму што зараз ёсьць пакупнікі, якія набываюць рэалістычныя творы, а ёсьць тыя, хто купляе абсалютна абстрактныя. І вельмі добра, што памянялася пакаленьне адносна савецкіх часоў, і новыя людзі для сваіх кватэраў набываюць ужо творы, зробленыя мастакамі нашага пакаленьня. Яны іншы раз не бяруць нашых сталых аўтараў. Канечне, ёсьць калекцыянэры, якія займаюцца калекцыянаваньнем сталых мастакоў, гэткі чысты рэалізм, сацрэалізм. Гэта іншая катэгорыя, якая робіць на гэтым бізнэс. Бо праз 10 гадоў такая прадукцыя вырастае ў разы. Таму яшчэ раз падкрэсьліваю: сёньня мастак можа жыць нармальна, але, на жаль, прырода мастакоўская такая, што толькі працэнтаў 30 могуць самі сябе кантраляваць у галіне арт-бізнэсу. Астатнія проста ня здатныя.



— Спадар Сяргей, некалькі апошніх гадоў вы ня толькі «мастак-адзіночка», але ў пэўным сэнсе і функцыянэр. Наколькі гэта адбіваецца на творчасьці, ці часта ўзьнікае дылема: ісьці ў майстэрню ці займацца іншымі праблемамі?

— Гэта адбірае шмат часу, трэба сказаць. Атрымліваецца, што з аднаго боку я заўсёды хацеў займацца выставамі, і яшчэ да гэтай пасады я займаўся як сваімі выставамі, так і групавымі. Цяпер я намесьнік старшыні па выставах, гэта мой наўпроставы абавязак — арганізоўваць выставы. І зразумела, што я ўжо крыху стамляюся ад арганізацыі шматлікіх імпрэзаў, таму што сапраўды шчыльны графік, але ўсё адно гэтым працэсам павінен нехта займацца. Ну вось прыйшоў мой час гэтым пазаймацца. Таму, натуральна, шмат часу забіраецца, на творчасьць застаецца палова майго рэальнага часу. Але, напэўна, трэба проста вучыцца арганізоўваць свой і творчы працэс, і працоўны. Пэўны адрэзак майго жыцьця ёсьць для таго, каб я над гэтым папрацаваў. Мне прыемна гэтым займацца, я атрымліваю, дарэчы, заробак. Зноў жа, я ўвайшоў у катэгорыю гэткіх стабільных паралельнікаў. Ёсьць паралель нейкага функцыянэрства і ёсьць паралель творчасьці. Гэтыя лініі адна другую падтрымліваюць. Так атрымалася, што я якраз прайшоў на гэтую пасаду, калі пачаўся гэты крызіс. У якойсьці ступені гэта, можа, і паратунак, але тое, што я, канечне, стаў выдаваць меншую колькасьць прадукцыі — то гэта адназначна.

28 кастрычніка ў Музэі сучаснага мастацтва ў Менску пачне працу выстава твораў Сержука Цімохава, прымеркаваная да ягонага юбілею.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG