Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асамблея НДА прыняла заяву па выбарах


Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі, якая аб’ядноўвае 278 грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў, заклікала палітычных дэмакратычных лідэраў да стратэгічнага і практычнага аб’яднаньня. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, якую ўхвалілі сябры рабочай групы Асамблеі.

Аўтары заявы занепакоеныя сытуацыяй у дэмакратычных палітычных колах Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Яны адзначаюць разьяднанасьць дэмакратычных кандыдатаў, няздольнасьць вызначыць адзінага, адсутнасьць супольных стратэгічных мэтаў і пляну дзеяньняў. Замест далучэньня новых людзей адбываецца перацягваньне актыўных грамадзянаў зь лягера аднаго прэтэндэнта ў іншы, што разбурае ініцыятыўнасьць і валянтэрскія прынцыпы грамадзянскай супольнасьці ды зьніжае шанцы на эфэктыўную выбарчую кампанію.

Сяргей Мацкевіч
Старшыня Рабочай групы Асамблеі і сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства Сяргей Мацкевіч адзначыў:

«Безумоўна, заявай сытуацыю ня вырашыш. Але мэта гэтай заявы, наогул, завастрыць увагу тых людзей, ад якіх у пэўным сэнсе залежыць лёс Беларусі.
Зараз усе ідуць паасобку і пакідаюць мала шанцаў на магчымыя перамены.
Разьлічваем, што меркаваньне значнай часткі грамадзкага сэктару, які заўсёды актыўна ўдзельнічаў у выбарах, будзе пачутае і будуць зроблены тыя канструктыўныя крокі, які дазволяць з большым аптымізмам глядзець у будучыню. Зараз усе ідуць паасобку і пакідаюць мала шанцаў на магчымыя перамены».

Сябры рабочай групы Асамблеі адзначаюць, што сярод палітычных арганізацыяў, якія дэкляруюць дэмакратычныя прынцыпы, няма ўзгодненага стаўленьня да аўтарытарнага рэжыму і будучыні Беларусі. Грамадзтву навязваецца штучны выбар паміж прапановамі зьмяніць кіраўніцтва краіны паводле расейскіх стратэгіяў, з аднаго боку, і абаронаю рэжыму як «гаранта незалежнасьці» з другога.

Сяргей Мацкевіч адзначыў, што гэта важны момант:

«На жаль, сытуацыя такая, што і з Расеі мы бачылі толькі антыдэмакратычныя захады ў бок Беларусі і ад нашага рэжыму апошнім часам мы бачым толькі антыдэмакратычныя захады. І таму абодва гэтыя варыянты непрымальныя для беларусаў. Таму мы лічым гэта штучна пастаўленае пытаньне выбару паміж дрэнным і дрэнным. Тым часам не ствараюцца магчымасьці для выпрацоўкі сваёй пазыцыі. Тое, што мы сыходзім ад каштоўнасьцяў, якія стаяць у базе беларускіх дэмакратычных сілаў — вось гэта нас больш турбуе».
Тыя, хто хоча працаваць — працуюць.


Камэнтуючы пазыцыю Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што стратэгічная мэта абсалютна зразумелая — вяртаньне Беларусі да дэмакратыі:

Анатоль Лябедзька
«Гэта ўжо сто першы заклік, які гучыць і ад палітычных структураў, і ад актывістаў рэгіёнаў. Я зараз прапаную не гаварыць відавочныя рэчы, а далучыцца да таго кроку, які зрабілі палітычныя структуры. 13 палітычных структураў дамовіліся каардынаваць свае намаганьні па пяці-шасьці галоўных кірунках. Час абмеркаваньняў, дыскусій ужо скончыўся. Крыху такі спозьнены заклік, бо тыя, хто хоча працаваць — працуюць. Нам патрэбны не чарговы нейкі заклік, а канкрэтныя прапановы адносна асноўных сэгмэнтаў выбарчай кампаніі, якія патрабуюць каардынацыі намаганьняў усіх — і палітычных структураў, і няўрадавых арганізацый».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG