Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што і хто стаіць за гібельлю Алега Бябеніна?


У панядзелак адбылося пахаваньне вядомага журналіста Алега Бябеніна, які загінуў пры загадкавых абставінах. Чаму ягоная гібель выклікала шырокі грамадзкі рэзананс? Хто вінаваты ў гэтай сьмерці? Ці можна разглядаць вэрсію пра датычнасьць да гэтай трагедыі спэцслужбаў?


Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Святлана Калінкіна і падпалкоўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў запасе Валерый Костка.

Валер Костка
Сьвятлана Калінкіна
Валер Карбалевіч


Шырокі грамадзкі рэзананс


Валер Карбалевіч: «Загадкавая гібель журналіста, адміністратара сайту „Хартыя-97“ Алега Бябеніна выклікала шырокі грамадзкі рэзананс ня толькі ў Беларусі, але і па-за межамі краіны. Адгукнуліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, расейскія мэдыі. Афіцыйныя асобы Эўрапарлямэнту і АБСЭ заклікалі беларускія ўлады да поўнага расьсьледаваньня гэтай трагедыі. У чым прычына такога рэзанансу?»

Святлана Калінкіна: «Гэта выклікана тым, што ў Беларусі ўжо адбываліся трагічныя здарэньні з грамадзкімі дзеячамі. То бок, ёсьць прэцэдэнты. Былі злачынствы, забойствы, выкраданьні, давядзеньне да самазабойства. І вінаватыя ня знойдзены.

Таму цяпер сьмерць Бябеніна, якую немагчыма патлумачыць, выклікала рэзананс. Бо грамадзкасьць ня верыць беларускай уладзе, якая выявіла сваё падступства».

Валерый Костка: «Напярэдадні выбараў любая такая падзея будзе ўспрымацца больш востра, чым звычайна. Гібель Бябеніна трэба разглядаць не як асобную падзею, а як зьвяно ў цэлым ланцужку. Арышт літоўскага паліцэйскага, „подстава“ эстонскага дыплямата, выбух на тэрыторыі расейскай амбасады, і вось загадкавая сьмерць Бябеніна. Сапраўды чалавек не хварэў, ня меў псыхічных праблемаў, і раптам павесіўся. Сытуацыя мэтанакіравана напальваецца, нехта пісьменна падлівае алею ў полымя перадвыбарчай барацьбы»

Ці выгадна гэта Лукашэнку?


Карбалевіч: «Хто ж напальвае гэтую атмасфэру? Ці выгадна гэта палітычнаму кіраўніцтву? Здаецца, Лукашэнку выгадна правесьці выбары ціха, спакойна, калі ўсё загадзя прадвызначана. Ці на карысьць яму гэтыя скандалы?»

Калінкіна: «Шэраг экспэртаў выказалі думку, што гэтыя падзеі інсьпіраваныя палітычным кіраўніцтвам краіны, каб павялічыць страх у грамадзтве. Але я думаю, што гэтыя падзеі Лукашэнку ня выгадныя. Ён ня хоча перад выбарамі прыцягваць увагу замежжа да таго, што адбываецца ў краіне. Цікавасьць да Беларусі цяпер вялікая ў сьвеце, на постсавецкай прасторы. І такія трагічныя здарэньні, як зь Бябеніным, толькі павялічваюць сьпіс пытаньняў і прэтэнзіяў да беларускай улады. І Лукашэнку гэта ня трэба.
Ва ўладзе ёсьць людзі, якія б хацелі замяніць Лукашэнку, але не згубіць уладу.

Але, магчыма, гэта трэба сыстэме, якую ён стварыў. Як байцы ці спартоўцы перад боем ці гульнёй накручваюць адзін аднаго, настройваюць на перамогу, так і лукашэнкаўская каманда накручвае сама сябе

Беларуская ўлада — гэта не маналіт. Там існуюць розныя цэнтры сілаў, у кожнага зь якіх свае інтарэсы. І я не выключаю, што пэўнаму ўладнаму колу патрэбная такая напружанасьць. Каб павялічыць свае паўнамоцтвы, дыскрэдытаваць супернікаў, вярнуць да ўлады былую каманду. Лукашэнка сёньня ў разгубленасьці. Таму не прызначаныя прэзыдэнцкія выбары».

Костка: «Таксама лічу, што гэтыя падзеі Лукашэнку не патрэбныя. Ва ўладзе ёсьць групоўкі са сваімі інтарэсамі. Там ёсьць людзі, якія б хацелі замяніць Лукашэнку, але не згубіць уладу. З гэтага гледзішча і трэба разглядаць усе гэтыя загадкавыя падзеі. Думаю, можна чакаць новых скандалаў. Унутры кіроўнай каманды ідзе барацьба ня надта прафэсійная, бо там прафэсіяналаў не засталося, але зласьлівая і подлая».

Роля спэцслужбаў


Карбалевіч: «Сапраўды, скандалы зь літоўскім паліцэйскім і эстонскім дыпляматам вельмі падобныя да апэрацыяў беларускіх спэцслужбаў. І гэта ў той момант, калі празь літоўскі і эстонскі парты ў Беларусь ішла вэнэсуэльская нафта. Атрымоўваецца, што беларускія спэцслужбы перашкаджаюць дывэрсыфікацыі паставак нафты.

Лукашэнка 16 гадоў ствараў рэжым асабістай улады, падбіраў кадры, сфармаваў восем праваахоўных структураў і спэцслужбаў з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. Прычым, Лукашэнка зьвяртае асаблівую ўвагу на сілавыя структуры. І вось пасьля ўсяго гэтага высьвятляецца, што Лукашэнка не кантралюе спэцслужбы?»

Калінкіна: «Высьвятляецца, што не прэзыдэнт кантралюе спэцслужбы, а яны кантралююць яго, даюць патрэбную інфармацыю. Усе крыніцы інфармацыі ў руках Віктара Лукашэнкі, які пастаўлены кіраваць спэцслужбамі. Сілавыя ведамствы разагнаныя, запалоханыя крымінальнымі справамі. Спэцслужбы сталі вялікай праблемай для грамадзтва, дзяржавы і асабіста Лукашэнкі».

Карбалевіч: «Усё ж цяжка ўявіць Лукашэнку ў ролі марыянэткі спэцслужбаў. Калі б было так, то ён бы не ўтрымаўся ва ўладзе 16 гадоў».

Костка: «Вялікая небясьпека для Беларусі ў тым, што спэцслужбы нікім не кантралююцца. Сам Лукашэнка перадаверыў гэтую справу сыну Віктару, згубіў кантроль над імі. Больш таго, пасьля адстаўкі старшыні КДБ Мацкевіча пачаўся разгром спэцслужбаў як прафэсійнай структуры.

Атака на расейскую амбасаду — гэта не хуліганства, а тэракт. І расьсьледаваньнем павінны займацца спэцслужбы, а не міліцыя. А яны гэтым не займаюцца, а займаюцца інтрыгамі ці, як паказала расьсьледаваньне Байковай, дзяльбой грошай на мытні. Гэта небясьпечна для краіны. Імі кіруюць не прафэсіяналы. Але ў скандалах зь літоўскім паліцэйскім і эстонскім дыпляматам маглі ўдзельнічаць і спэцслужбы суседняй краіны, якія не зацікаўленыя ў дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG