Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Хуткая дапамога” на вёсцы: лягчэй памерці, чым дачакацца


У Беларусі сёлета праведзеныя тры этапы так званага «маштабнага маніторынгу працы мясцовай улады з грамадзянамі». Гэта было зроблена на загад Аляксандра Лукашэнкі і, як лічаць экспэрты, прымеркавана да прэзыдэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца. Чыноўнікі зь Менску распытвалі ў людзей пра найбольш актуальныя для іх праблемы. Жыхары многіх вёсак найбольш скардзіліся на недахоп сацыяльных дабротаў, у прыватнасьці, на скарачэньне мэдычнай дапамогі і перадусім хуткай дапамогі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Экстранная дапамога аддалілася ад вясковага чалавека…»

У некаторых раёнах Гарадзеншчыны хуткая дапамога часам каля гадзіны можа ехаць дзясятак кілямэтраў. Перадае Міхал Карневіч.

У вёску Альхоўка, што ў Астравецкім раёне, хуткая дапамога пры неабходнасьці выяжджае зь вёскі Кемелішкі, што прыкладна ў пяці кілямэтрах, праўда, са слоў мясцовых людзей, дабрацца туды бывае даволі складана.

Спадарыня: «Дарога — ня дай Бог, а каля самага шпіталя дык ямы ці ня ў пояс. А да Альхоўкі хуткая дапамога едзе, як па пральнай дошцы, па тарцы, ведаеце, што ні пядзя, то ўхабіна, ухабіна…».

Спадарыня кажа, ратуе толькі тое, што ў іх працуе вельмі добры галоўурач і нягледзячы ні на якую дарогу адразу імкнецца да хворага даехаць.

У Мастоўскім раёне спадар распавядае, што пасьля закрыцьця ўчастковых бальніцаў у раёне зь некаторых населеных пунктаў хуткая дапамога едзе аж за сорак кілямэтраў, і можна сабе ўявіць, калі яна можа туды дабрацца.
Дарога — ня дай Бог, а каля самага шпіталя дык ямы ці ня ў пояс.


Праўда, зь яго слоў, у амбуляторыях таксама ёсьць машыны, і часам яны выяжджаюць да хворага зь мясцовым доктарам, але гэтыя машыны нічым не абсталяваныя, і калі чалавеку насамрэч патрэбная тэрміновая дапамога, то вясковы лекар без сучаснага абсталяваньня ня можа дапамагчы.

Спадар: «Экстранная дапамога аддалілася ад чалавека пасьля таго, як зачынілі ўчастковыя шпіталі…».

Спадарыня з аддаленай вёскі Вялікія Яцыны Астравецкага раёна распавядае, што да іх хуткая дапамога даяжджае за 11 кілямэтраў зь Міхалішак, але нават пры пільнай патрэбе прыехаць яна можа і праз гадзіну.

Спадарыня: «Бывае, што яны ўжо на выкліку, ці яшчэ нешта здараецца, то за гадзіну даяжджаюць».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Прыяжджае мэдсястра, радзей — лекар»

На Гомельшчыне мэдычная ўвага людзям патрэбная найбольш у так званых чарнобыльскіх вёсках. Людзі тут жывуць без належнай сацыяльнай інфраструктуры, часьцяком аддаленыя ад так званых аграгарадкоў і наагул пэрспэктыўных вёсак.

Да такіх паселішчаў можна аднесьці й вёску Гдзень Брагінскага раёну, дзе пасьля двух адсяленьняў і сёньня жывуць блізу сотні жыхароў.

Як апавяла 79-гадовая пэнсіянэрка Антаніна, у вёску наведваецца з Камарына найбольш мэдсястра, радзей — лекар:

«Прыяжджае дзесьці на тыдзень раз мэдсястра, а калі й доктар прыяжджае нас паглядзець. А як ужо трэба тэрмінова выклікаць, то выклікаем „хуткую“. У нас тэлефоны ёсьць, і мы выклікаем».

У тых вёсках, дзе ёсьць ФАПы, людзі ў дзённы час зьвяртаюцца найперш да мясцовага фэльчара альбо лекара, калі такі ёсьць. І толькі ў непрыёмны час тэлефануюць «у раён» альбо ў бліжэйшую ўчастковую лякарню.

Гаворыць жыхарка вёскі Лучыцы Петрыкаўскага раёну:

«Калі ў часы працы ФАПа, то мы зьвяртаемся ў ФАП. Лекар выклікае „хуткую мэдычную дапамогу“ сама. Калі ноччу патрэбна, то ўжо самі тэлефануем у Капаткевічы „хуткай дапамозе“. Больш зьвяртаемся на ФАП, а потым ужо з амбуляторыі і выклікаюць».

«Мэдыкі таксама незадаволеныя»


Экспэрт «Свабоды» Аляксандар Валчанін працуе на станцыі хуткай дапамогі ў Жодзіне. Ён — урач першай катэгорыі. Двойчы абіраўся дэпутатам мясцовага савета, узначальваў камісію па ахове здароўя. На сёньня ён канстатуе, што ў сярэднім на адну брыгаду хуткай дапамогі ў сельскай мясцовасьці прыпадае 12 тысяч жыхароў.

«Вельмі цяпер стала цяжка працаваць, бо вялізны зварот папяровых дакумэнтаў. Учора Лукашэнка таксама зьвярнуў на гэта ўвагу. Але адно —гаварыць, а іншае — укараняць у практыку».

Паводле суразмоўцы, цяпер у Беларусі не хапае чатыры тысячы ўрачоў і пяці тысяч мэдычных сясьцёр. Дэфіцыт кадраў і на станцыях хуткай дапамогі. Прычыны гэтага агучвае Аляксандар Валчанін:

«У нас жа ніхто ніколі не запытае: «Якія ў вас праблемы, што трэба зрабіць, каб зьменшыць бюракратычную дакумэнтацыю, зьняць праблемы па аўтатранспартнаму парку, па забесьпячэньню лекамі? Бо у нас жа свае спэцыфічныя ўмовы працы — зімой і летам, у дождж і сьнег мы мусім дабірацца да хворага ў поўнай гатоўнасьці аказаць яму неадкладную дапамогу».

Паводле загаду Мінздраву № 164 тэрмін выезду брыгады хуткай дапамогі — да 1 гадзіны. Мінімальны сярэдні час абслугоўваньня выкліку ў сельскай мясцовасьці складае ад 35 да 50 мінут.
XS
SM
MD
LG