Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёнданскае мэтро паралізаванае 24-гадзінным страйкам


Мільёны пасажыраў маюць сур'ёзныя транспартныя праблемы. Ініцыятарам страйку стаў мясцовы прафсаюз транспартнікаў, які ня згодны зь плянамі адміністрацыі мэтро скараціць пэрсанал наземных станцый. 24-гадзінны страйк пачаўся ўвечары ў панядзелак. Страйкуюць працаўнікі білетных касаў, дапаможны пэрсанал і часткова машыністы цягнікоў. Цалкам рух цягнікоў захаваўся толькі на Паўночнай лініі. Рух на іншых лініях цалкам або часткова перакрыты. Для палягчэньня транспартнай сытуацыі адмысловая служба лёнданскай мэрыі задзейнічала сто спэцыяльных аўтобусаў і дадатковыя рэйсы рачных судоў па рацэ Тэмза.

Мэр Лёндану Борыс Джонсан рэзка скрытыкаваў страйкоўцаў, аднак кіраўнік прафсаюзу транспартнікаў Боб Кроў заявіў, што цяперашні страйк толькі першы ў ланцугу заплянаваных на кастрычнік і снежань новых страйкаў. Цяперашняя страйк у мэтро будзе каштаваць лёнданскай эканоміцы амаль 50 мільёнаў фунтаў.
XS
SM
MD
LG