Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
(25 ліпеня 1947 года, Гародня)

Праўнук і прапраўнук рэпрэсаваных паўстанцаў К.Каліноўскага. Унук актывіста беларускага руху 20-х гадоў. Беларус. Праваслаўны. Скончыў Гарадзенскую СШ №1 з залатым мэдалём (1965) і з чырвоным дыплёмам фізыка-матэматычны факультэт Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту імя Я.Купалы (1969). Працаваў настаўнікам (1969). Чэмпіён БССР па баскетболу ў 1969 годзе.

Скончыў асьпірантуру Інстытуту фізыкі АН БССР па спэцыяльнасьці “Фізычная электроніка, у тым ліку квантавая” (1972) і працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у тым жа інстытуце (1972-76). Абараніў дысэртацыю “Мэханізмы генэрацыі звышмоцных лазэрных імпульсаў” (1976). Кандыдат фізыка-матэматычных навук, дацэнт.

Інжынэр і старэйшы выкладчык Гарадзенскага пэдінстытуту (1976-78). Дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1978-2000). Быў камандзіраваны ў Алжыр, дзе працаваў загадчыкам катэдры фізыкі ва ўнівэрсытэце гораду Сеціф (1980-84).

Аўтар і вядучы тэлеперадач па гісторыі Гарадзеншчыны (1986-1993). Арганізатар рэстаўрацыі аднаго з найстаражытнейшых у Эўропе вежавых гадзіньнікаў – ратушнага гадзіньніка ў Горадні.

Быў абраны намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму, дзе займаўся пытаньнямі адукацыі, культуры, рэлігіі, аховы здароўя, СМІ, міжнародных адносінаў, спорту, моладзі і аховы гістарычнай спадчыны (1990-96). Зышоў з улады ў час падрыхтоўкі антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму.

Стажыраваўся ва ўстановах Эўрасаюзу па пытаньнях функцыянаваньня і пашырэньня ЭЗ, у Польшчы па праблемах мясцовага самакіраваньня, дзяржаўнага будаўніцтва, эканамічных рэформ і правоў чалавека, у Каліфарнійскім унівэрсытэце (ЗША) і ва ўнівэрсытэце Манпелье (Францыя). Прайшоў курс навучаньня вышэйшага кіруючага складу ў эўрапейскім Цэнтры дасьледаваньняў праблем бясьпекі ім. Джорджа Маршала (ФРГ), вывучаў сучасныя мэтады адукацыі ў Вялікабрытаніі і вопыт разьвіцьця спорту ў Канадзе.

Прэзыдэнт баскетбольнага клюбу “Гродна-93”, чэмпіёна Беларусі (1996).

Старшыня Гарадзенскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша”(1996-2003), ліквідаванага ўладамі. Старшыня Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў (1999-2005). Ініцыятар стварэньня аб’яднаньня “Рэгіянальная Беларусь” і кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Сямёна Домаша (2001). Старшыня Гарадзенскага “Таварыства Беларускай Школы” (2003-05). Старшыня Рады Аб’яднаных Дэмакратычных Сілаў (2005-07).

Кандыдат у Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь (2006).

Старшыня “Руху за Свабоду” (з 2006).

Сябра Міжнароднай Фэдэрацыі Журналістаў і Міжнароднага ПЭН-Клюбу.

Ляўрэат Прэміі Эўрапарлямэнту імя А.Сахарава “За свабоду думкі”, Прэміі імя Сэржыё Віера дэ Мэла, высокага камісара ААН па правах чалавека, за дзеяньні мірнага супраціўленьня і супрацоўніцтва супольнасьцяў, рэлігіяў і культур, Міжнароднай прэміі Незалежнага Фонду “Полькуль” (Аўстралія), ганаровы сябра “Саюзу Палякаў Беларусі” , ганаровы грамадзянін гораду Талса (Аклахома, ЗША). Узнагароджаны ордэнам “За заслугі перад польскай культурай”.

Аўтар 65 навуковых прац па квантавай электроніцы, лазэрнай тэхніцы, гісторыі культуры, архітэктуры, адукацыі, навукі і тэхнікі Беларусі, аўтар артыкулаў у энцыкляпэдыях “Гісторыя Беларусі” і “Архітэктура Беларусі”.

Валодае, акрамя роднай беларускай,–францускай, ангельскай, польскай і рускай.

Жанаты, мае двух сыноў і ўнучку.
XS
SM
MD
LG