Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пра магчымы трэці тэрмін


У.Пуцін на сустрэчы з дыскусійным клюбам "Валдай"

У.Пуцін на сустрэчы з дыскусійным клюбам "Валдай"

"Мы будзем дзейнічаць, сыходзячы з рэальных абставін у краіне, з таго, што мы зрабілі, з настрою грамадзтва," — сказаў прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін, калі яго запыталі пра магчымасьць балятавацца на выбарах прэзыдэнта Расеі ў 2012 годзе.

Пуцін сустрэўся ў Сочы з палітолягамі, экспэртамі і журналістамі з 17 замежных краінаў з гэтак званага дыскусійнага клюбу "Валдай".

Пуціну паставілі пытаньне, ці не пагражае палітычнай сыстэме Расеі сцэнар, у якім ён будзе балятавацца ў прэзыдэнты ў 2012 і атрымае перамогу на выбарах.

Адказваючы на гэтае пытаньне, Пуцін згадаў, што прэзыдэнт ЗША Ф.Д.Рузвэльт выбіраўся чатыры разы запар, "таму што гэта не супярэчыла амэрыканскай Канстытуцыі", паведамляе расейскі сайт gazeta.ru.

"Ні я, ні прэзыдэнт Мядзьведзеў ня будзем рабіць нічога, што супярэчыць дзейнаму ў Расеі заканадаўству і асноўнаму закону краіны — Канстытуцыі РФ, – дадаў Пуцін. – Я мяркую, што ўсе дзеяньні ў рамках гэтага працэсу і ў рамках асноўнага закону ня могуць па вызначэньні нанесьці шкоды разьвіцьцю дэмакратычнага працэсу ў краіне. Але як мы будзем паступаць у 2011 годзе ці ў пачатку 2012 году, мы ўжо — і я, і прэзыдэнт Мядзьведзеў — аб гэтым шматразова гаварылі: мы будзем дзейнічаць, сыходзячы з рэальных абставін у краіне, з таго, што мы зрабілі, з настрою грамадзтва. Аб гэтым пакуль рана гаварыць. Трэба займацца сваёй справай. Кожны з нас займаецца сваёй справай і, на мой погляд, робім гэта эфэктыўна".

Адказваючы 30 жніўня сёлета на пытаньне карэспандэнта газэты "Камэрсант", ці не таму для яго не існуе "праблемы 2012 году", што ён ужо ўсё вырашыў, Пуцін сказаў:

"Не, цікавіць, як і... хацеў сказаць, як і ўсіх, але на самай справе больш, чым усіх. Але я не раблю з гэтага фэтышу".

У інтэрвію нарвэскай газэце Aftenposten 24 красавіка гг. прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў ня выключыў, што будзе балятавацца на другі тэрмін у 2012:

"Калі гэта патрэбна маёй краіне і захаваньню курсу, які назначыўся за апошнія некалькі гадоў... Я не выключаю для сябе нічога, у тым ліку і ўдзелу ў гэтых выбарах".

XS
SM
MD
LG