Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сібірскі блог. Горад дзекабрыстаў і Хадаркоўскага


Аўтар ля новага чыцінскага дацану — будысцкага манастыра

Аўтар ля новага чыцінскага дацану — будысцкага манастыра

Карэспандэнт "Свабоды" наведаў Усходнюю Сібір і Забайкальле. Мясьціны, у якія нашыя продкі ехалі не па сваёй ахвоце. У другой частцы фотаблогу з Сібіры — сталіца Забайкальля — Чыта.

З Уладзімерам Пуціным, які ехаў у Чыту на жоўтай "Каліне", мы разьмінуліся. Увогуле ў Забайкальле рэдка прыяжджалі кіраўнікі Расеі. А палітычных дзеячоў сюды высылалі. У тым ліку паўстанцаў, рэвалюцыянэраў, дысыдэнтаў.

Першымі высланымі дысыдэнтамі тут сталіся дзекабрысты 1825 года, дзякуючы якім горад значна вырас культурна. Дзекабрыст Дзьмітрый Завалішын нават распрацаваў плян разбудовы Чыты.


Невыпадкова ў доме, у якім жыла жонка дзекабрыста Міхаіла Нарышкіна Лізавета, і цяпер разьмяшчаецца адна з гарадзкіх бібліятэк.


Да гэтага часу амаль у ідэальным стане захавалася Царква дзекабрыстаў, збудаваная зь "вечнай" драўніны — лістоўніцы. Цяпер тут Музэй дзекабрыстаў.


Доўгі час пры савецкай уладзе адзінай дзейнай у Чыце царквой быў праваслаўны храм, перабудаваны з касьцёла, у які ў 19-м стагодзьдзі хадзілі высланыя сюды польскія і беларускія паўстанцы-каталікі. Цэнтральную плошчу Чыты, якая называлася Саборнай, і дзе стаяла шмат сабораў, саветы перабудавалі пад вялізную плошчу Леніна, зруйнаваўшы ўсе храмы. За час пасьля распаду СССР у горадзе былі пабудаваныя новыя саборы.


А месяц таму быў урачыста адкрыты Чыцінскі дацан — ламаісцкі манастыр.


Выглядае, што практыка высылкі няўгодных у Забайкальле працягваецца і цяпер. У Забайкальлі адбывае пакараньне самы вядомы вязень Расеі — апальны алігарх Міхаіл Хадаркоўскі. У гэтым сьледчым ізалятары ён знаходзіўся пад час аднаго з судовых працэсаў. Мясцовыя людзі кажуць, што Хадаркоўскі зьяўляецца самым буйным падпісчыкам прэсы ў Забайкальскім краі.


У архітэктурным абліччы Чыты, як і многіх сібірскіх гарадах, прыцягваюць увагу драўляныя жылыя будынкі, багата ўпрыгожаныя разьбой, як карункамі.


Многім з гэтых унікальных, пераважна былых купецкіх будынкаў, патрэбная тэрміновая рэстаўрацыя.


Як і драўлянаму чыцінскаму паштамту, у якім калісьці мянялі коней.


Жылыя будынкі савецкага часу ў Чыце не такія цікавыя, як драўлянае дойлідзтва пазамінулага стагодзьдзя. Затое па гэтым будынку бачна, як хвалююцца чыцінцы за сваю бясьпеку.


Афіцыйна Чыта дзеліцца на 2 часткі: Чыта-1 і Чыта-2. Гараджане жартуюць, што ёсьць яшчэ і Чыта-3 — могілкі. На мясцовых могілках дамінуюць незвычайныя для нас мэталічныя помнікі, звараныя з трубак. Іх навершы сьведчаць пра канфэсійны склад жыхароў гораду: праваслаўныя, будысты, ну і атэісты…


Прыемна за 7 тысяч кілямэтраў ад дома сустрэць у Чыце нешта знаёмае, як, напрыклад, гэтую краму маладзечанскай мэблі. Тут добры асартымэнт, амаль як у Менску. Але мала наведнікаў. Мабыць таму, што тут даводзіцца канкураваць з больш таннай кітайскай прадукцыяй.


Блізкасьць Кітая ў Чыце сапраўды адчуваецца. У тым ліку па назвах на гарадзкіх вуліцах. Блізкасьць да Японіі бачная ў абсалютнай перамозе на тутэйшых дарогах праварульных патрыманых машын.
XS
SM
MD
LG