Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Сьвірко прапануе аднакурсьнікам Бябеніна расьсьледаваць абставіны яго сьмерці


Юры Сьвірко

Юры Сьвірко

Трэба стварыць камісію дзеля расьсьледаваньня факту сьмерці журналіста Алега Бябеніна — з такой прапановай зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі кіеўскі журналіст Юры Сьвірко, які раней працаваў у Беларусі. Такім чынам, на думку Сьвірко, можна будзе зьняць падазрэньні ў магчымай гвалтоўнай сьмерці журналіста.

У сваім звароце на імя кіраўніка Беларусі Юры Сьвірко паведаміў, што быў аднакурсьнікам Алега Бябеніна. Паведамленьне пра яго самагубства шакавала журналіста. Юры Сьвірко ня бачыў аднакурсьніка ад 2005 году, калі вымушаны быў зьехаць за мяжу з-за перасьледу з боку беларускіх спэцслужбаў.

Пры гэтым Юры дапускае магчымасьць самагубства Алега, хаця прызнаецца, што паверыць у гэта цяжка. Таму ён лічыць, што трэба правесьці аб’ектыўнае і незалежнае расьсьледаваньне абставінаў сьмерці рэдактара сайту «Хартыя-97».

Дзеля гэтага Сьвірко прапануе стварыць міжнародную камісію, у якую б увайшлі толькі аднакурсьнікі Алега Бябеніна і сам гатовы ўзначаліць гэтую камісію.

Ён прапануе, каб у камісію ўвайшлі

  • Вольга Бябеніна — журналістка «Народнай газэты»,
  • Алена Ляўковіч — намесьніца галоўнага рэдактара «Народнай газэты»,
  • маскоўскі журналіст Віктар Дзятліковіч,
  • Сяргей Хрыпач — галоўны рэдактар газэты «На страже»,
  • Юрась Карманаў — карэспандэнт «Асашыэйтэд Прэс» у Менску,
  • Аляксей Доваль — карэспандэнт тэлеканалу «Эўраньюс» у Францыі,
  • Вераніка Доваль — журналістка ў Ліёне і
  • Тацяна Ўладзімірава — рэдактар аддзелу газэты «Рэспубліка».

Юры Сьвірко лічыць, што іншыя выпускнікі журфаку БДУ 1996 году могуць далучыцца да расьсьледаваньня абставін сьмерці аднакурсьніка.

Юры Сьвірко лічыць, што сьмерць журналіста не была выгадная ні апазыцыі, ні ўладам Беларусі.

Юры Сьвірко: «Лічу, што на тле шматлікіх заяваў, камэнтароў наконт таго, хто зацікаўлены ў гэтым самагубстве ці забойстве, хто за гэтым стаіць, трэба высьветліць сапраўдную прычыну. Я, начытаўшыся даступнай інфармацыі ў інтэрнэце, лічу, што ў расьсьледаваньні могуць узяць удзел аднакурсьнікі Алега Бябеніна.

У нас розныя аднакурсьнікі. Адна з нашых аднакурсьніц працуе ў прэс-службе КДБ, іншы — узначальвае газэту Міністэрства ўнутраных спраў. Ёсьць і незалежныя журналісты.

Я хацеў бы сабраць усіх аднакурсьнікаў, каб мы правялі сваё расьсьледаваньне, пазнаёміліся з дакумэнтамі, якія маюць дзяржаўныя структуры, каб пацьвердзіць ці не пацьвердзіць афіцыйную вэрсію пра самагубства.

Я спадзяюся, што Аляксандар Лукашэнка можа падпісаць такі ўказ і даць паўнамоцтвы камісіі. Думаю, што гэта слушная прапанова і да яе трэба прыслухацца».

Напрыканцы свайго звароту Юры Сьвірко напісаў «тое, што беларускія ўлады не датычныя да сьмерці Алега Бябеніна і зацікаўленыя ў сапраўдным расьсьледаваньні, Вы можаце ўжо сёньня пацьвердзіць сваім указам пра стварэньне прапанаванай мной камісіі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG