Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў і Назарбаеў пагавораць пра Мытны саюз без Лукашэнкі


Дзьмітры Мядзьведзеў і Нурсултан Назарбаеў
Дзьмітры Мядзьведзеў і Нурсултан Назарбаеў

Сёньня ў казахстанскім Усьць-Каменагорску пачаліся двухдзённыя перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Казахстану.

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Нурсултан Назарбаеў абмяркоўваюць гандлёва-эканамічныя сувязі ва ўмовах Мытнага саюзу. Чаму да актуальнай размовы не запрошаны трэці ўдзельнік Мытнага саюзу, Беларусь? Ці азначае гэта, што незгаворлівасьць Аляксандра Лукашэнкі па шэрагу пытаньняў выносіць беларускую пазыцыю па-за дужкі трохбаковых пагадненьняў?

На сустрэчы кіраўнікоў Расеі і Казахстану асаблівая ўвага надаецца пэрспэктывам разьвіцьця інтэграцыйных фарматаў на прасторы СНД. Перш за ўсё гэта тычыцца дзейнасьці Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. Аднак чаму Мядзьведзеў і Назарбаеў праігнаравалі яшчэ адзін зацікаўлены бок — беларускі? Казахстанскі палітоляг Дасым Сатпаеў лічыць, што, па-першае, у Масквы і Астаны шмат сумесных эканамічных праектаў, якія не прадугледжваюць удзелу у іх Менску. Па-другое, паказальнай для існаваньня Мытнага саюзу будзе не цяперашняе кантактаваньне ва ўсечаным складзе, а сьнежаньская сустрэча ў Маскве:
Нічога асабліва страшнага і наўмыснага для Беларусі я пакуль ня бачу ...

"Нічога асабліва страшнага і наўмыснага для Беларусі я пакуль ня бачу. Натуральна, што нейкія дэталёвыя пытаньні адносна функцыянаваньня Мытнага саюзу закранацца будуць, але наўрад ці гэта будзе самая ключавая тэма. Таму што ў Казахстана з Расеяй ёсьць яшчэ свае пэўныя накірункі ўзаемадзеяньня, дзе неабходна ўзмацніць кантакты. І ў першую чаргу гаворка ідзе пра рэгіянальныя праекты. У прыватнасьці, былі ініцыятывы адносна будаўніцтва новых газаправодаў з Расеі ў Казахстан, аб стварэньні новых сумесных прадпрыемстваў і г.д. То бок, думаю, што нічога антыбеларускага ўва ўсім гэтым дзеяньні чакаць ня трэба. А вось у сьнежні, калі ня зьменяцца тэрміны, у Маскве павінна адбыцца сустрэча трох кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюзу. Таму ўсё будзе зразумела з гэтым саюзам толькі пры канцы году. І калі раптам туды не запросяць Лукашэнку — гэта, канечне, будзе знак".

Адрозьненьняў у пазыцыях удзельнікаў Мытнага саюзу дагэтуль шмат. І асабліва гэта тычыцца пазыцыі Менску. Так, Беларусь да апошняга спрабавала дамагчыся ад Расеі скасаваньня мыта пры пастаўках нафты: маўляў, калі ў дачыненьні з Казахстанам такой дыскрымінацыі няма, дык чаму хтосьці павінен пераплачваць? Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў да апошняга цягнулі з ратыфікацыяй Мытнага кодэксу і вырашылі праблемнае пытаньне толькі ў апошні дзень сэсіі 30 чэрвеня (схаваўшыся ад журналістаў і адмаўляючыся ад камэнтароў). Як удакладняе адзін з саюзных чыноўнікаў Васіль Хрол, тое, што Расея ў аднабаковым парадку вырашыла, колькі адшкадаваць Беларусі нафты для ўнутраных патрэбаў, ёй гонару ня робіць:

Васіль Хрол
"Ад самага пачатку экспартныя мыты на нафтапрадукты былі вызначаныя пастановай расейскага ўраду толькі на адну пазыцыю — быў пазначаны адмысловы код на прадукцыю зь бітумінозных пародаў. Аднак пасьля паказьнікі былі нечакана адкарэктаваныя: 6 мільёнаў 300 тысяч тон нафты, якія прадстаўляюцца Рэспубліцы Беларусь бязмытна і, на думку расейскага боку, зьяўляюцца дастатковымі дзеля таго, каб забясьпечыць унутраныя патрэбы нашай краіны ў нафтапрадуктах і забясьпечыць хімічную прамысловасьць Беларусі. Таму, на маю думку, праблемы, якія існуюць у антыкрызісным пляне, цяпер трэба вырашаць, трэба спрабаваць дамаўляцца".

Мірным шляхам дамовіцца не патрапляюць. На 7 верасьня ў Эканамічным судзе СНД прызначанае паседжаньне, ініцыяванае ўрадам Беларусі. 25 сакавіка Міністэрства юстыцыі Беларусі зьвярнулася з пазовам аб неправамоцнасьці спагнаньня вывозных мытных пошлінаў на прадукты перапрацоўкі нафты, якія пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь.

У падвешаным стане і мытныя пошліны на аўтамабілі. Ад пачатку Расея настойвала на ўніфікацыі "растаможкі" да расейскага ўзроўню, што рабіла цэны машынаў для беларусаў непад'ёмнымі. Прынамсі да сярэдзіны 2011 году стаўкі застануцца на ранейшым узроўні. Чаго чакаць далей — невядома. Да таго ж, як кажа начальнік упраўленьня па барацьбе з адміністратыўнымі правапарушэньнямі Дзяржаўнага мытнага камітэту Андрэй Міхалькевіч, адкрыцьцё межаў спрычынілася да крыміналізацыі мытнай прасторы:

"Паколькі існуюць розныя стаўкі ўвозных мытных пошлінаў у Расейскай Фэдэрацыі, Казахстане і Беларусі, то пакуль досыць складаны мэханізм кантролю за часова ўвезенымі аўтатранспартнымі сродкамі. Таму гэтаму кірунку будзем надаваць істотную ўвагу. Апроч таго, дзеля грамадзкай бясьпекі вельмі значным фактарам зьяўляецца рэагаваньне на пагрозы, зьвязаныя з распаўсюдам наркатычных, псыхатропных рэчываў з паўднёва-ўсходняга накірунку. Справа ў тым, што адным з актыўных кірункаў перамяшчэньня сродкаў опіюмнай групы, у тым ліку гераіну, па паўночным шляху, ёсьць перавалка праз Казахстан і Расейскую Фэдэрацыю".

Аляксандар Лукашэнка сёньня пачаў працоўную паездку па Берасьцейшчыне. Як паведамілі ў прэс-службе беларускага кіраўніка, ягоны магчымы візыт у Казахстан нават не абмяркоўваўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG