Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 верасьня пачынаецца пазачарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў. У папярэднім парадку дня значацца чатыры пытаньні. Усе яны зьвязаныя зь фінансамі. У прыватнасьці, будзе абмяркоўвацца праект бюджэту краіны на 2011 год. А вось пытаньня аб прызначэньні даты чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у папярэднім парадку дня няма.


Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сёньня сказаў "Свабодзе", што дэпутаты пры падрыхтоўцы выбарчых пытаньняў звычайна зьвяртаюцца ў ЦВК па кансультацыі. Аднак пакуль запытаў ад іх не паступала:

Мікалай Лазавік
"Паводле заканадаўства, з моманту прыняцьця рашэньня Палатай прадстаўнікоў аб правядзеньні выбараў прэзыдэнта да саміх выбараў павінна прайсьці тры месяцы. Калі лічыць крайняй датай правядзеньня выбараў 6 лютага 2011 году, то можна адлічваць ад яе тры месяцы. Пакуль жа, якія пляны ў кіраўніцтва Палаты, у саміх дэпутатаў, мы ня ведаем".

Мікалай Лазавік таксама сказаў, што Цэнтарвыбаркам ужо пачаў падрыхтоўку да выбараў кіраўніка дзяржавы:

"Усё, што можна падрыхтаваць без канкрэтнай даты, у нас практычна ўжо гатова. І адразу, як толькі выбары будуць аб'яўленыя, мы зможам актыўна ўключыцца ў выбарчы працэс".

Аднак закон дазваляе дэпутатам прызначыць дату выбараў і заўтра. Дастаткова аднаму з дэпутатаў прапанаваць уключыць у парадак дня гэтае пытаньне, і калі іншыя калегі яго падтрымаюць, то Палата павінна будзе разглядаць гэту праблему.

Дэпутаты Палаты тлумачаць правядзеньне пазачарговай сэсіі даручэньнямі Аляксандра Лукашэнкі, выказанымі ў штогадовым пасланьні. Маўляў, выканаць іх немагчыма без прыняцьця шэрагу новых законаў. Найперш гэта праекты рэспубліканскага бюджэту і бюджэту Фонду сацыяльнай абароны на 2011 год, зьмяненьні ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы.

Так, дэпутатка Марыя Бірукова акцэнтуе ўвагу на наступствах усясьветнага фінансавага крызісу:

"Наша заканадаўства павінна быць больш гнуткім. Яно павінна больш апэратыўна рэагаваць на падобныя выклікі".

А эканамістаў найбольш цікавіць, якія кошты на замежныя энэрганосьбіты закладзеныя ў праект бюджэту на 2011 год. Сёньня пра гэта журналісты пыталіся ў міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, які выступаў на пашыраным паседжаньні камісіі па бюджэце, фінансам і падатковай палітыцы. Аднак міністар не назваў канкрэтных лічбаў. Ён спаслаўся на тое, што перамовы пра кошты энэрганосьбітаў "знаходзяцца яшчэ ў пачатковай стадыі".
XS
SM
MD
LG