Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правал рэфэрэндуму ў Малдове


У выбаркамах падлічваюць бюлетэні

У выбаркамах падлічваюць бюлетэні

Менш за 30% малдоўскіх выбаршчыкаў узялі ўдзел у рэфэрэндуме аб вяртаньні прамых прэзыдэнцкіх выбараў. Адной з прычынаў была агітацыя камуністычнай партыі за байкот плебісцыту.

Рэфэрэндум прысароміў усе сацыялягічныя цэнтры краіны, па выніках апытаньняў яўка чакалася на ўзроўні 65%. Насамрэч да выбарчых скрыняў прыйшло 29.67% выбаршчыкаў. Паводле закону рэфэрэндум адбыўся, калі ў ім ўзяла ўдзел траціна грамадзянаў, якія маюць права голасу. Яшчэ няма поўных дадзеных па галасаваньні малдаванаў што жывуць за мяжой, а таксама ў сэпаратысцкім Прыднястроўі, але іх галасы ня зьменяць сытуацыю. Прэм’ер –міністар краіны ад чатырохпартыйнай кааліцыі Ўлад Філат ужо прызнаў паразу ўрадавай ініцыятывы.
Лідэр камуністаў Уладзімер Варонін

На рэфэрэндуме малдаванам прапаноўвалася прагаласаваць за сыстэму абраньня кіраўніка дзяржавы, якая існавала ў краіне да 2000 году і існуе ў іншых краінах СНД цяпер – за прамое абраньне прэзыдэнта ўсім насельніцтвам.

У 2000 годзе ў краіне была зьмененая Канстытуцыя, і яна стала парлямэнцкай рэспублікай, прэзыдэнт абіраўся заканадаўцамі.

Але выбары мінулага году прывялі да палітычнага пату. Ад 2001 кіраўніком дзяржавы быў лідэр камуністаў Уладзімер Варонін. Але леташнія парлямэнцкія выбары ў красавіку прывялі ня толькі да масавых пратэстаў, але і да немагчымасьці абраць новага прэзыдэнта – для гэтага патрэбныя тры пятых галасоў дэпутатаў, якіх камуністы ня мелі. Ліпеньскія выбары 2009 году прывялі да перамогі блёку чатырох правых праэўрапейскіх партыяў. Але і іх перамога не прынесла ім неабходнай колькасьці галасоў, каб абраць прэзыдэнта краіны. Выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы стаў па законе сьпікер парлямэнту Міхай Гімпу. Кааліцыя некалькі разоў спрабавала абраць прэзыдэнта, вылучаючы на гэтую пасаду лідэра дэмакратычнай партыі Мар’яна Лупу, але камуністы, якія маюць 48 месцаў у парлямэнце са 101-го, кожны раз правальвалі галасаваньне.
Міхай Гімпу на выбарчым участку

Між тым паводле закону калі прэзыдэнт не абраны, то патрэбныя датэрміновыя выбары парлямэнта. Праўда, у законе не пазначана калі.

Выхад з палітычнага пату праэўрапейская кааліцыя ўбачыла ў ідэі вярнуцца да абраньня прэзыдэнта ўсенародным галасаваньнем. Меркавалася, што калі народ ухваліць гэтую ідэю на рэфэрэндуме, то ўжо ў лістападзе адбудуцца і датэрміновыя выбары парлямэнту, і ўсенародныя выбары прэзыдэнта.

Аднак гэтую ідэю рашуча не падтрымалі камуністы. Вярхоўны суд пастанавіў, што лідэр партыі Ўладзімер Варонін ня мае права ў трэці раз балятавацца на пасаду прэзыдэнта, незалежна ад таго, абіраецца ён парлямэнтам ці ўсенародна. Роўнай Вароніну паводле аўтарытэтнасьці кандыдатуры камуністы ня маюць, таму яны заклікалі да байкоту рэфэрэндуму, і іх байкот аказаўся нечакана пасьпяховым.

Праўда, напрыклад, кіраўнік ураду Ўлад Філат прызнаў, што прычыны правалу рэфэрэндуму – ня толькі ў агітацыі камуністаў за байкот, але і ў супярэчнасьцях унутры чатырохпартыйнай урадавай кааліцыі. Яна аб’ядноўвае такіх розных палітыкаў, як лідэр Дэмпартыі Лупу, які яшчэ летась быў адным з кіраўнікоў кампартыі, і лідэр лібэральнай партыі Гімпу, які зьяўляецца прыхільнікам далучэньня Малдовы да Румыніі.
Лідэр Дэмакратычнай партыі Марыян Лупу

Пакуль невядома, якія палітычныя наступствы будзе мець правал рэфэрэндуму. Прэм’ер Філат выказваецца за хуткае правядзеньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Гімпу заявіў напярэдадні рэфэрэндуму, што ня будзе сьпяшацца распускаць парлямэнт.

Калі парлямэнцкія выбары ўсё ж адбудуцца, то на іх магчымыя нечаканыя канфігурацыі.

Гімпу выклікае надзвычайнае незадавальненьне Масквы сваімі рэзкімі ацэнкамі расейскай палітыкі, абурэньне ў Расеі выклікаў указ Гімпу аб абвяшчэньні 28 чэрвеня Днём савецкай акупацыі. Потым гэты ўказ быў скасаваны Вярхоўным судом Малдовы.

Аднак далёка ня ўсе сябры правай ўладнай кааліцыі знаходзяцца ў такой жа жорсткай канфрантацыі з Масквой, як выканаўца абавязкаў прэзыдэнта.

Экспэрты адзначаюць, што Дэмакратычныя партыя Марыяна Лупу мае даволі шчыльныя сувязі з партыяй «Единая Россия», а да самога Лупу някепска ставяцца ў Крамлі. Паводле дасьведчаных назіральнікаў, Масква пераконвае Лупу выйсьці з правай кааліцыі і стварыць кааліцыю з камуністамі. Таксама палепшыліся стасункі з Масквой і ў прэм'ера Ўлада Філата.

Аднак пакуль невядома, як будуць разьвівацца палітычныя падзеі ў Малдове, невядома нават, калі адбудуцца датэрміновыя парлямэнцкія выбары.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG