Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Гомелі на рэгіянальным форуме дэмакратычных арганізацыяў выступілі 7 патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта – Юрась Глушакоў, Рыгор Кастусёў, Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч.

Такая ўвага да рэгіёну абумоўлена ў тым ліку й пазыцыяй мясцовых актывістаў. Заяўлена, што калі ня будзе адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, то гамельчукі ня будуць працаваць на будучых прэзыдэнцкіх выбарах ні каго з прэтэндэнтаў.

Гаворыць старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

“Было цікава арганізаваць гэтую сустрэчу ў межах форуму, каб з першых вуснаў актывісты дэмакратычных арганізацыяў пачулі, што зьбіраюцца рабіць кандыдаты, ці зьбіраюцца яны аб’ядноўвацца альбо пойдуць на выбары асобнымі калёнамі, наколькі яны гатовыя папрацаваць на дэмакратызацыю Беларусі, а не на асабістыя амбіцыі”.

Магчымы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Алесь Міхалевіч сказаў радыё “Свабода”:

“Я – чалавек вельмі спакойны. Я не люблю ўльтыматумы. Пазыцыя Гомельскіх дэмакратычных сілаў гучала як ультыматум – калі вы не дамовіцеся, мы ня будзем працаваць. Упэўнены, што я і некаторыя іншыя кандыдаты ў Гомелі зьбяруць шмат подпісаў, нягледзячы на такую пазыцыю”.

Спадар Міхалевіч, дарэчы, адзін з прысутных прэтэндэнтаў у кандыдаты, заявіў, што гатовы працаваць на Аляксандра Мілінкевіча, калі будзе дамова на адзінства.

Сам спадар Мілінкевіч лічыць непрымальным для сябе ўдзельнічаць у нейкіх касьцінгах, кшталту “А ну, хлопцы!” Так, канкурэнцыя павінна быць, але з улікам таго, што зрабіў прэтэндэнт і што ўмее рабіць:

“Шчыра скажу, ёсьць праблема абсалютна розных мэтаў, якія ставяць людзі. Аднаму хочацца арганізацыю ўзмацніць, другому – рэйтынг свой падняць. Ёсьць, пэўна, і іншыя прычыны. І тут нам вельмі цяжка падняцца й думаць пра Беларусь. І яшчэ адна рэч. Мне падаецца, што кандыдаты пачалі гуляць у палітыку. Ведаеце, самыя лепшыя людзі, якія тут ёсць – я іх усіх паважаю, кожнага па-свойму, хаця мы й спрачаемся. Але ўсё ж такі, калі ідзеш у прэзыдэнты, трэба думаць, як на цябе адрэагуюць людзі. Людзі ж павінны абраць нас! А для іх вельмі важна - а што чалавек умее? Дзе працаваў? Чаго дасягнуў? І можа дырэктар пасьпяховага заводу ва ўсіх у нас выйграе, таму што людзі скажуць: ён мае мэнэджэрскі досьвед, ён штосьці арганізаваў, чагосьці дамогся”.

Мікола Статкевіч наагул лічыць, што цяпер ня столькі важныя праграмы кандыдатаў, колькі адзінства дзеяньняў. У дэмакратычных сілаў ёсьць шанец:

“Мы ўсе ведаем, якім бы хто ні быў кандыдатам, якую б праграму ён не расьпісаў для электарату, улічыўшы вашыя слушныя заўвагі, урэшце рэшт выйдзе Ярмошына і, не чакаючы на гэтых выбарах канчаткова падліку галасоў, скажа пра 85 адсоткаў. Вось пра што ідзе гаворка. І гэта, мабыць, мелі на ўвазе гомельскія актывісты, калі патрабавалі адзінства, адзінага кандыдата.
Я лічу, што ў нас ёсьць шанец перамагчы. Таму што перасьпела гэтая сытуацыя, таму што ў любога палітыка ёсьць свой час, і спадар Лукашэнка проста ўжо перабірае, ён ужо дастаў усіх”.

На форум запрашаліся таксама Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саннікаў, аднак ні яны, ні іхнія прадстаўнікі у Гомель не прыехалі.

Выступае Аляксандар Мілінкевіч

Выступае Рыгор Кастусёў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG