Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Варта мне было панаракаць у мінулай аблозе на прыкрую беспадзейнасьць беларускай рэчаіснасьці, ажно яна ўзялася выкідаць дзіўныя каленцы. Нібыта нешта «пачалося» - тое самае, чаго многія з нас даўна чакаюць, сьвядома або падсьвядома, з асьцярогай або надзеяй, што яно «вось-вось пачнецца». Аднак тое - ды ня тое. Бо ад гэтага «нешта» спачатку веяла, калі скарыстацца выразам Валянціна Акудовіча, «вусьцішнай цішынёй няўцямнасьці». Гаворка пра падзею ночы з 30-га на 31-ае жніўня (згодна з новымі дадзенымі, ноч нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі), якую оомото sekai ахрысьціў «кактэйль-паці для расейскіх дыпляматаў».


ПРОСТА Ў КОЛІ БЫЎ ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ


«Усе ведаюць воплеск дзьвюх далоняў. А як гучыць воплеск адной далоні?». Адказ на гэты клясычны дзэн-будысцкі каан можа быць і такім: як выбух кактэйлю Молатава ў ноч з 30-га на 31-ае жніўня па вуліцы Нававіленскай, д. 1А ў Менску.

Ён адначасова і прагрымеў, выклікаўшы мноства разнастайных інтэрпрэтацыяў, і застаўся бязгучным, таму што ўсе інтэрпрэтацыі выглядалі раўнацэннымі, а значыць і роўна таннымі таксама.

«- Ніякае гэта не КДБ, а менскія анархісты.
- А можа, Мазырскія ўхілісты? Ці Пінскія ананісты? Ці Наваполацкія філатэлісты?»


Цытуе оомото sekai сымптаматычную размову карыстальнікаў сацыяльнай сеткі «ВКонтакте». Іншымі словамі, гэта мог зрабіць хто заўгодна, зь якімі заўгодна мэтамі, ці мала ў каго якія прусакі ў галаве, але праўды мы ніколі не дазнаемся, дый якая розьніца - усё адно нас гэта ня тычыцца. Ну, хіба што годная нагода для жартаў:

«Расслабцеся, кансьпіролягі. Проста ў Колі сёньня ДН. Усяго толькі». - піша ushchent.



(Каляж з сайту «Беларуская жаба»)


ЦІ МОЖНА ПРЫГАТАВАЦЬ АМЛЕТ, НЕ РАЗЬБІЎШЫ ЯЙКАЎ?


Падняўшыся над гэтым канкрэтным выпадкам да ўзроўня сацыяльнага абагульненьня, можна сказаць, што беларусы ня толькі ня вераць у мажлівасьць самастойных радыкальных дзеяньняў суграмадзянаў, яны наогул не зусім упэўненыя ў іхнай неабходнасьці. Гэтак, блогер jaugeni, у сьпісе інтарэсаў якога прастаўленыя і такія сакрамэнтальныя паняткі, як «Адраджэньне. Беларусь. ВКЛ», прызнаецца:

«Навіна пра “кактэйлі Молатава”, кінутыя ў амбасаду Расеі, неяк узбударажыла, спужала, узрадвала, насьцярожыла адначасова. Колькі тыдняў таму я размаўляў зь ірляндцам, я тады сказаў, што неяк у Беларусі не хапае арганізацыі кшталту IRA (Irish Republican Army). Ён ў мяне запытаў, а супраць каго яна мусіць змагацца? Я тады ня здолеў адказаць і цяпер ня ведаю...»

Далей ідуць развагі пра дыктатарскі рэжым і празьмерную эканамічную залежнасьць ад Расеі, ад якіх, у прынцыпе, нялішне было б пазбавіцца, але нейкія ня вельмі імпэтныя, амаль безэмацыйныя. Урэшце рэшт, «Беларусь незалежная краіна, яе тэрыторыя ня кім не акупаваная». Паміж радкоў быццам гучала: «мы жывем някепска, мы жывем няблага». Прынамсі не настолькі кепска і блага, каб брацца за кактэйлі Молатава.

«Напэўна, цяпер на Беларусі - сухая восень адноснай сытасьці, умеранага супакою», - канстатуе czerniec. «Людзі, хутчэй, заклапочаныя падтрыманьнем гамэастазу, чым разьвіцьцём. Рамантуюць кватэры, машыны, зубы. А не выбягаюць на вуліцу, не імчацца ўпоцемку. Не кусаюцца. Не выключаю, што гэта анабіёз адпачынку, здаровы сон. Таму я і прашаптаць пакуль ня сьмею: "Э! Прачніся, ты..!" Мядзьведзь-шатун грозны. Нявыспаны заяц жалю варты...».

Дыскусія пад ліпеньскім артыкулам «Кіргізскі сцэнар: ці будуць у Менску страляць?» на старонках «Нашай Нівы» пацьвердзіла, што калі беларусы і жадаюць пераменаў, то - «без дэстабілізацыі». Забаўна, што за неабходнасьць радыкальных пераменаў безкампрамісна біўся хіба вядомы камэнтатар матэрыялаў сайта «Свабоды» Дзімыч:

«Ангельская прыказка гаворыць: "Каб прыгатаваць амлет, неабходна разьбіць яйкі"... Бацькі-заснавальнікі ЗША дзеля незалежнасьці ад Брытанскай імпэрыі і дзеля амэрыканскай дэмакратыі ваявалі з Англіяй і ваявалі адзін з адным за адмену рабства (Грамадзянская вайна). І па выніках я вам скажу, што яны мелі рацыю... Наогул народ мае права зрынаць сваіх кіраўнікоў, калі яны не сыходзяць самі. Нават у беларускай Канстытуцыі запісана, што ўся ўлада належыць народа, а не сям'і Лукашэнкі. Так што мы маем поўнае права папрасіць іх убрацца. Праз выбары ці яшчэ як - гэта ўжо як атрымаецца ў беларусаў. Ну, а інакш застой і канчатковая дэградацыя».


МЯДЗЬВЕДЗІ-ШАТУНЫ І НЯВЫСПАНЫЯ ЗАЙЦЫ РАЗГАЙДАЛІ СЫСТЭМУ


Як вядома, «мядзьведзі-шатуны» і «нявыспаныя зайцы» беларускай палітыкі - анархісты ўсіх зьдзівілі і зьбянтэжылі, узяўшы на сябе адказнасьць за атаку расейскай амбасады праз два дні пасьля яе. Свае дзеяньні яны абгрунтавалі ў палымянай заяве:

«Сьмешна чытаць у інтэрнэт-форумах водгукі на [нашу] акцыю. Нам аднолькава гідкія ўсе мафіёзныя кляны пад назвамі “кіраўнікі РБ” і “кіраўнікі РФ”. Простым працаўнікам абедзьвюх краінаў ня сьвеціць нічога добрага ад гэтай палітычнай грызьні за ўладу, ня варта прыпадабняцца гэтым хлусьлівым палітыканам. Народ, ачуйся! Няўжо нельга абыйсьціся без кансьпіралягічных тэорыяў, каб абгрунтаваць любы акт пратэсту і незадаволенасьці? Кожны дзень мы бачым крадзеж і бяспраўе, але вакол толькі апушчаныя погляды і нясьмелыя кухонныя гутаркі. Пара сабраць свае сілы і паверыць у тое, што мы годныя лепшага жыцьця».

Гісторыя з заявай даволі цьмяная - першапачаткова яна зьявілася на сайце Indymedia Belarus, разьмешчаная сьвежазарэгістраваным карыстальнікам, пазьней была выдаленая мадэратарамі як «неверагодная». Адныя анархісты палічылі яе правакацыяй, іншыя радасна віталі. Заява разыйшлася па інтэрнэту і ў выніку ранкам 3-га верасьня «супрацоўнікамі праваахоўных органаў у цывільным» былі затрыманыя шэсьць менскіх анархістаў, чыё месцазнаходжаньне дасюль невядомае.

Не сказаць, каб рэакцыя блогераў была надта спачувальнай. Часьцей за ўсё гучала нешта кшталту:

«Затрымалі, дарэчы, па іхняму ўласнаму жаданьню. Самі на сабе цялегу накаталі, цяпер зьдзіўляюцца, што міліцыя прыйшла. Дзіўныя людзі, праўда». (b0rmann)

Крытыкавалася і сама акцыя, нават сымпатызантамі анархізму. Гэтак, mend0za2 пісаў:

«Апошняя акцыя - гранічнае постмадэрнісцкае трызьненьне. Пачынальна ад мэты нападу, сканчаючы нікчэмнымі вынікамі, а таксама шкодай для тых, у падтрымку каго яна нібыта арганізаваная. Ня кажучы ўжо пра хвалю інсінуацыяў, выкліканай інфармацыйнай паўзай у два дні. Не прывязана да мясцовых рэаліяў, не абапіраецца на нізавыя рухі - ды я наогул ніякіх перадумоў ня бачу».

Зрэшты, акурат гэтая «інфармацыйная паўза ў два дні» найбольш спадабалася блогеру chudentsov:

«Беларускія анархісты сёньня чарговы раз зьдзівілі грамадзтва, якое ляніва перажоўвае папкорн, узяўшы на сябе адказнасьць за інцыдэнт на тэрыторыі расейскай амбасады ў Беларусі... Трэба прызнаць: найбольш майстэрскім было нават не само правядзеньне акцыі пратэсту, а двухдзённая паўза, якая была вытрыманая пасьля яе. За гэты час практычна ўсе публічныя палітыкі і Беларусі, і Расеі пасьпелі выказаць усё, што адзін пра аднаго думаюць. Паслухаць было цікава :). Аляксандр Лукашэнка прыпісаў няшчасныя дзьве бутэлькі з "кактэйлем Молатава" расейскім спэцслужбам. Расейскія дэпутаты - іх беларускім калегам па плашчы і кінжалу. Актывісты БРСМ абвінавацілі ў нападзе на дыппрадстаўніцтва апазыцыйных моладзевых актывістаў, а тыя, у сваю чаргу, западозрылі ў начной акцыі сваіх аднагодкаў з БРСМ...»

Ад сябе дадам: калі гэта не было нечай зламыснай шматхадоўкай і акцыя сапраўды была праведзеная групай анархістаў, вынікі ўражальныя і натхняльныя. Ня ведаю, каго як, а мяне цешыць усьведамленьне, што Марціновічава «Параноя» была адно... паранояй - спэцслужбы насамрэч не ўсёвідушчыя і ўсёмагутныя, як і прэзыдэнты, калі іх змаглі выпадкова зьбіць з панталыку і сутыкнуць ілбамі нейкія «мядзьведзі-шатуны» ды «нявыспаныя зайцы». Нібыта ізноў, як калісьці, «сьцяна, ды гнілая, тыкні - і разваліцца».

Блогер chudentsov падсумоўвае свае ўражаньні:

«Што ж, пры ўсёй незвычайнасьці мэтадаў барацьбы, сама палітычная пазыцыя анархістаў вартая павагі. Кажучы словамі галоўнага героя папулярнага галівудскага фільма "Аватар", можна заўважыць, што "калі мы перастанем біцца адзін за аднаго, мы страцім тое, што робіць нас людзьмі". Гэта, нажаль, мала хто разумее: на тых жа форумах TUT.BY даволі шмат камэнтароў у стылі "а якая нам, беларусам, наогул справа да Расеі ды іхнага Хімкінскага лесу? Хай хоць увесь высекуць - нам што?"

На шчасьце, нават у штодзённай змушанай гонцы за кавалкам хлеба яшчэ далёка ня ўсе людзі ператварыліся ў пакорлівае быдла, якое зь 9:00 да 18:00 укалывае на сыстэму, а з 18:00 да 9:00 спажывае тое, што навязвае сыстэма. І анархісты 30 жніўня пераканаўча тое прадэманстравалі...»

З гэтым усьведамленьнем і сьпіцца неяк лепей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG