Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Белавескі зубр Сяргей Кісьляк


Сяргей Кісьляк ды Бакары Санья падчас матчу Францыя — Беларусь (0:1). Тут і далей — здымкі Алеся Шухера.

Сяргей Кісьляк ды Бакары Санья падчас матчу Францыя — Беларусь (0:1). Тут і далей — здымкі Алеся Шухера.


Крыху асэнсаваць тое, што здарылася на «Стад дэ Франс», я здолеў толькі ў самалёце, які імпэтна расьсякаў паветра на шляху з Парыжу ў Менск на наступны дзень пасьля гульні. Зборная Беларусі перамагла французаў на стадыёне, на якім «сінія» 12 гадоў таму сталі чэмпіёнамі сьвету. А гол забіў просты беларускі хлопец з Камянца — Сяргей Кісьляк.

Кісьляк, Карніленка ды Юрэвіч бягуць да беларускага фан-сэктару пасьля адзінага ў матчы голу.

Беларускія фанаты на арэне «Стад дэ Франс». Іхняе «Верым, можам, пераможам» часам было чуваць нават на супрацьлеглай трыбуне.

У дзень матчу не было часу на турыстычныя забавы — так звычайна: трэба падрыхтавацца да вялікага футбольнага вечара. Кожны замежны ваяж для спартыўнага журналіста — гэта праца ў невядомых палявых умовах, калі даводзіцца самастойна пракладваць шлях на стадыён, наладжваць выхад у сеціва, пераадольваць цяжкасьці перакладу. Скажу шчыра, што па-француску я ня вельмі, але хаця б ангельская выратоўвае.

Такія «зубры» былі на беларускім фан-сэктары, у руках у гэтага фана ня швайка і ня шыла, а даўбешка для барабана.

Запаўняцца трыбуны «Стад дэ Франс» пачалі за 2 гадзіны да матчу, на кожныя некалькі месцаў ляжаў францускі сьцяг з плястыкавым дрэўкам — вось вам і сакрэт знакамітага мора трыкалёраў падчас хатніх матчаў зборнай Францыі.

Вось такая беларуская палітыка двайных штандараў.

Напярэдадні матчу заўсёды лёгкі мандраж нават у журналістаў — усе перажываюць за каманду і часам падчас гульні паводзяць сябе крыху ня так, як таго патрабуе прафэсійная этыка. Але якая, прабачце, да д’ябла этыка, калі ты сядзіш на забітым амаль пад завязку 80-тысячным «Стад дэ Франс», а зборная Беларусі забівае гол за некалькі хвілінаў да канца матчу?

Канечне, калі б беларусы зладзілі галявую атаку не на 86-ай хвіліне, а раней, то перамогу маглі б і не ўтрымаць: Малуда ды Вальбуэна часамі даволі прыстойна калашмацілі беларускую абарону, якая, зрэшты, стройнасьці не губляла. Дый брамнік-капітан Жаўноў гуляў даволі ўпэўнена.

Малуда адпраўляе мяч у сетку беларускіх варотаў, але арбітры фіксуюць становішча «па-за гульнёй». Пасьля гульні Юрый Жаўноў патлумачыць, што пачуў сьвісток раней, таму расслабіўся ды прапусьціў мяч у сетку.
Спыніць Малуду спрабуюць Мартыновіч, Кульчы ды Шытаў. На заднім пляне — Аляксандар Глеб.
Паветраны бой вядзе Віталь Кутузаў. Менавіта замест яго ў другім тайме на полі зьявіўся герой матчу Сяргей Кісьляк.
Пасьля матчу Кісьляк памяняецца з Вальбуэна майкамі. «Так атрымалася выпадкова», — сьціпла скажа Сяргей, твар якога будзе сьвяціцца.

Такія перамогі ня хочацца аналізаваць. Проста хочацца ганарыцца: зборнай, Кісьляком, сэнсацыяй. А таксама хочацца проста крыху адпачыць — ад вандроўкі, ад футболу, ад эмоцыяў. Бо ў аўторак 7 верасьня на менскім «Дынама» — новыя прыгоды Кісьляка ды кампаніі. У госьці прыяжджаюць румыны. Двух румынскіх журналістаў мы ўжо бачылі ў аэрапорце, калі суботнім абедам прыляцелі з Парыжу…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG