Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Героі Мележа пасяліліся ў Хойніках


Скульптурная кампазыцыя ў Хойніцкім парку

Скульптурная кампазыцыя ў Хойніцкім парку

Да Дня беларускага пісьменства, які сёлета ладзіцца ў Хойніках, у рэканструяваным гарадзкім парку ўсталявалі скульптурную кампазыцыю паводле рамана Івана Мележа «Людзі на балоце». Аўтар яе — гомельскі скульптар Валер Кандраценка. На чатырох стылізаваных купінах — чатыры постаці: малады паляшук з дудкай, паляшучка з галінкай ў руцэ, жанчына й падлетак, які сядзіць на купіне. І подпіс: «Людзі на балоце». Іван Мележ».

Тутэйшыя жыхары сіляцца прыгадаць мележаўскіх пэрсанажаў.

Спадар: «Гэта — Яўхім Дзятлік і Ганна Чарнушка. Памятаць памятаю, але я іх адзін з адным не складваў, не перакладваў, не супастаўляў. Проста так чытаў». Спадарыня: «Ганна, Васіль, Сымон-музыка ці як там, ня ведаю».

Спадар Зьміцер ля помніка выказаў сваю вэрсію, чаму, нягледзячы на вялікае каханьне, Васіль Дзятлік і Ганна Чарнушка так і ня зьведалі супольнага шчасьлівага жыцьця:

«Ганна — яна захацела багатага сабе, а Васіль у турму патрапіў з-за багатага, таму што ў каго грошы, той і праў».

Жыхары Хойнікаў цешацца, што да Дня пісьменства ў горадзе аднавілі парк, старадаўнюю сядзібу, дзе ў сьпешным парадку ствараецца музэй, што прыбралі вуліцы й нават зрабілі фантан.

Што да пісьменства, то мала дзе тут сустрэнеш шыльду на беларускай мове. Нават на чарнобыльскім помніку назвы пахаваных вёсак — па-расейску.

Чаму ж не шануюць у Хойніках мову сваіх продкаў, якой так захапляўся слынны зямляк Іван Мележ і празь якую людзей на балоце ведае ўвесь сьвет?

Меркаваньні тутэйшага жыхара спадара Івана:

«Ва Ўкраіне ўсе чыноўнікі — па тэлевізары паказваюць — размаўляюць на сваёй роднай мове. А ў нас ўсе размаўляюць на расейскай. Ня ведаю, ад чаго гэта ідзе. Проста трэба было, калі мы вучыліся ў школе — я й пра сябе кажу — удзяляць увагі беларускай мове. Яно, можа, і перарасло б усё ў беларускі бок».

Да Дня пісьменства рыхтуюцца і ў роднай вёсцы Івана Мележа — Глінішчах. Цяпер тут аграгарадок, новыя дамкі пры ўезьдзе. Дом-музэй пісьменьніка, пабудаваны яшчэ ў 80-х гадах, апынуўся ўжо як быццам у сярэдзіне вёскі, а родная хата — на ўскрайку.

Спрабуем пытатацца ў цяперашніх насельнікаў аграгарадка пра знакамітага земляка, але яны аднекваюцца. Раяць шукаць карэнных глінішчанцаў.

Гэтую зьяву патлумачыла Ліда Кудрыцкая:

«Многія — перасяленцы, прыехалі зь іншых раёнаў, краін. Пасяліліся тут і маладыя. Калі хто чытаў кнігу Івана Паўлавіча Мележа, то ён ніколі не забудзе. Будзе памятаць і кнігі, і самога Івана Паўлавіча. Я ведаю, што з нашых глінішчукоў мала ёсьць такіх, якія не чыталі ягоных кніг. А хоць і не чыталі, то ведалі Івана Паўлавіча Мележа ў твар, бо ён прыяжджаў сюды. Ён — знакаміты ня тое што для нашай вёскі, а для ўсёй нашай Беларусі».

Экспазыцыя у раённым краязнаўчым музэі

Рэканструяваны гарадзкі парк
Пасьляваенная хата Мележаў у Глінішчах

Дырэктар дома-музэя Мележа Софія Ліпніцкая й Лідзія Кудрыцкая

“Куранеўская хата”

Адноўленая сядзіба пачатку ХХ стагодзьдзя.

У доме-музэі Івана Мележа ў Глінішчах

XS
SM
MD
LG