Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не хапае людзям культуры, інтэлігентнасьці, прыкра на гэта глядзець…”


Як бы Вы ахарактарызавалі цяперашнія ўзаемадачыненьні паміж Аляксандрам Лукашэнкам з аднаго боку і Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Ўладзімерам Пуціным — з другога? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Мне здаецца, ня вельмі добрыя адносіны ў іх. „Бацька“ у нас такі, што можа сёньня адно сабе дазволіць, заўтра іншае, нейкі непастаянны ён. А бывае, што наагул можа невядома чаго накасарэзіць…».

Спадар: «Гэта ж палітыка і кожны змагаецца за сваё месца ў гэтым сьвеце. Справа ў тым, што ў аднае дзяржавы ёсьць нафта, газ, а ў другой нічога няма. Вось і пачынаецца з-за гэтага ўсё, бо адзін бедны, а другі багаты».

Спадарыня: «Я лічу, што наш прэзыдэнт імкнецца падтрымліваць добрыя адносіны зь іншымі прэзыдэнтамі. Вось у Паўднёвай Амэрыцы ў яго гэта лепей атрымліваецца рабіць, чым з суседнімі прэзыдэнтамі. Я, па праўдзе, не разумею чаму ён так захоўваецца. Сварыцца зь імі ня трэба, бо мы ж будуем саюзную дзяржаву».

Дзяўчына: «Я б не сказала, што адносіны ўжо зусім дрэнныя, заўсёды сябравалі нашы прэзыдэнты і, мне здаецца, што так будзе і надалей».

Ейная сяброўка: «І мне здаецца, што яшчэ пасябруюць, а цяпер папросту выказваюць свае асабістыя думкі ў бок адзін аднаго. Прыкра толькі, што робяць гэта вельмі некарэктна».

Спадар: «А Бог іх ведае…».

Спадар: «Па-мойму, Лукашэнка зайшоў задалёка і ўсе нармальныя людзі ў Беларусі разумеюць, што 16 гадоў — гэта ўжо зашмат. І нам патрэбна ўжо знайсьці іншага мэнэджэра, які будзе распараджацца нашымі лёсамі неяк інакш і адносіны з суседзямі будаваць па-іншаму. Нельга дражніць „старэйшага брата“ рознымі выхадкамі, бо калі моцна раздражнім, то будзе горш для нас».

Спадарыня: «Мне здаецца, сытуацыя такая, што яны паводзяць сябе, нібыта дзеляць паміж сабой костку і вырываюць яе адзін у аднаго. Ня могуць вырашыць, хто галоўны».

Спадарыня: «Не хапае людзям культуры, інтэлігентнасьці, прыкра на гэта глядзець…».
XS
SM
MD
LG