Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кожны беларус абавязаны ведаць сваю мову”


«Ці гатовыя вы аддаць сваіх дзяцей ці ўнукаў у беларускамоўную школу? Чаму?» На гэтае пытаньне «Свабоды» адказваюць жыхары Гомеля.

Спадарыня: «Сама вучылася ў беларускай школе! Вучылася й размаўляла. Калі ты жывеш у Беларусі, павінен ведаць беларускую мову».

Спадар: «Так, гатовы. Беларусь — наш родны кут. Чаму ж не? Канечне!»

Спадарыня: «Калі ў нас усюды будуць выкладаць на беларускай мове, тады гэта мае сэнс. А калі дзеці ў школе будуць навучацца па-беларуску, а ў ВНУ будзе руская мова, тады ім будзе цяжка навучацца. Яны проста ня будуць разумець сваіх выкладчыкаў».

Спадар: «Унукаў — гатовы. Пэрспэктывы, на жаль, я пакуль ня бачу для людзей зь беларускамоўным навучаньнем. Хутчэй наадварот. Далёкая пэрспэктыва ёсьць, я не сумняваюся нават, што ёсьць. Трэба ж адчуваць, кім мы ёсьць на гэтай зямлі, што перад намі былі многія пакаленьні нашых людзей, што мы зьяўляемся працягам той гісторыі, якую яны нам пакінулі».

Спадарыня: «Трэба і гатовы! Мы ж усё-ткі беларусы! А мовы не разумеем самі іншы раз».

Спадар: «Гатоў, таму што дзеці — беларусы. А кожны беларус абавязаны ведаць сваю мову. Яны павінны хоць чымсьці адрозьнівацца ад астатніх дзяцей».

Спадарыня: «Цяпер ужо не хацела б, бо Беларусьсю правяць нейкія манкурты. І дзіцяці пасьля школы будзе вельмі цяжка працягваць навучацца па-беларуску і няма куды ў жыцьці ўладкавацца».

Спадар: «Я за беларускую мову і з задавальненьнем аддаў бы, каб вучыліся. Я сам вайсковец, служыў у Гомелі. Нашым дзецям як дзецям вайскоўцаў дазвалялася не вывучаць беларускую мову. Але мы не вызвалялі іх — дзеці вучылі беларускую мову».

Спадарыня: «Не! Я сама выкладаю ў школе і ведаю: як толькі ў нас была ўведзена беларуская мова, у нас дзеці ня ведалі ні той, ні іншай. Усе прадмэты пацярпелі. Калі да гэтага падысьці адказна, калі будуць іншыя падручнікі й іншая праграма, тады я толькі за!

Спадарыня: «Чаму ж не? Жывем у Беларусі. Беларуская мова — родная. Дзеці павінны ведаць родную мову. Хоць я вырасла не ў Беларусі, беларускай мовы ня ведаю, але дзеці павінны яе ведаць».

XS
SM
MD
LG