Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як паўплывае на эканамічнае развіцьцё лібэралізацыя ў сфэры ліцэнзаваньня?


Указ № 450 адмяніў ліцэнзаваньне 16 відаў дзейнасьці. Навошта ўвогуле патрэбнае ліцэнзаваньне? Чаму гэты дакумэнт рыхтаваўся паўтары гады? Ці можна лічыць указ значным крокам на шляху лібэралізацыі?


Удзельнікі: юрыст Сяргей Балыкін і эканаміст Леанід Злотнікаў.

Сяргей Балыкін
Леанід Злотнікаў
Валер Карбалевіч


Навошта ўвогуле патрэбнае ліцэнзаваньне?


Валер Карбалевіч: «Што сабой уяўляе сам інстытут ліцэнзаваньня? Навошта ён патрэбны? Ці існуе ліцэнзаваньне ў краінах з рынкавай эканомікай?»

Сяргей Балыкін: «Ва ўсіх краінах такі інстытут існуе. Гэта тычыцца той сфэры дзейнасьці, у якой магчымая вялікая шкода грамадзкім інтарэсам. Але ў шмат якіх краінах дазвол на дзейнасьць можа выдаваць ня толькі дзяржава, а грамадзкія прафэсійныя арганізацыі. Напрыклад, у ЗША, каб стаць адвакатам, патрэбная ліцэнзія не дзяржавы, а арганізацыі адвакатаў. Грамадзкія арганізацыі выдаюць ліцэнзіі ў Расеі, Украіне. Такога вялікага кола ліцэнзійнай дзейнасьці, як у нас, няма нідзе».

Леанід Злотнікаў: «Сапраўды, у іншых краінах ліцэнзуецца дзейнасьць, якая можа ўяўляць небясьпеку для грамадзтва. Напрыклад, вытворчасьць зброі.

Сапраўды, цяпер у шмат якіх краінах выдача ліцэнзій адбываецца шляхам самарэгуляваньня. То бок, гэтым займаюцца прафэсійныя арганізацыі, бо там ёсьць спэцыялісты ў гэтай сфэры».

Чаму гэты дакумэнт рыхтаваўся паўтары гады?


Карбалевіч: «Хоць курс на лібэралізацыю аб’яўлены больш за два гады таму, указ аб лібэралізацыі ўвесь час тармазіўся. Яго абяцалі прыняць яшчэ ў пачатку 2009 году, але ён зьявіўся толькі цяпер. Чаму так доўга яго рыхтавалі?»

Балыкін: «Гэта пытаньне не юрыдычнае і не эканамічнае. Гэтаму супраціўляліся чыноўнікі, якія не хацелі адмаўляцца ад сваіх паўнамоцтваў. Тыя ўстановы, якія выдавалі ліцэнзіі, даводзілі, што гэты від дзейнасьці важны, трэба, каб засталася ягонае ліцэнзаваньне. А ў прэзыдэнта не было палітычнай волі пераадолець лобі чынавенства».

Злотнікаў: «Тут дзейнічалі і эканамічныя чыньнікі. У канцы гэтага і пачатку наступнага году ўзьнікнуць цяжкасьці зь бюджэтам. Таму быў прыняты гэты ўказ, каб паказаць МВФ, што ў нас адбываецца лібэралізацыя, і атрымаць ад яго крэдыты».

Ці можна лічыць указ значным крокам на шляху лібэралізацыі?


Карбалевіч: «Як ацаніць сам указ? Ці можна лічыць яго значным крокам на шляху лібэралізацыі? Засталося 37 ліцэнзаваных відаў дзейнасьці. Ці ня шмат гэта па міжнародных стандартах?»

Злотнікаў: «Я б адрозьніваў дэрэгуляваньне эканомікі і ўласна лібэралізацыю. Дэрэгуляваньне — гэта спрашчэньне працэдур, каб забясьпечыць лепшы доступ да эканамічнай дзейнасьці і саму дзейнасьць. Дык вось сама дзейнасьць застаецца дэрэгуляванай.

Хоць гэты ўказ і ня робіць пагоды ў сфэры бізнэсу, але яго можна ацаніць станоўча. Аднак 37 ліцэнзаваных відаў дзейнасьці — гэта шмат. Ўлады абяцалі адмяніць 35 відаў, але адмянілі толькі 16. Добра, што цяпер розьнічны гандаль робіцца безьліцэнзійным».
Добра, каб новыя працэдуры ня сталі горшымі і даражэйшымі, чым ліцэнзаваньне.


Балыкін: «Сам гэты ўказ істотна не паўплывае на бізнэс-актыўнасьць у краіне. Зьяўленьне ўказу можна ацаніць так: гэта значна лепш, чым было, але горш, чым павінна быць. Па-першае, невядома, чым гэтае ліцэнзаваньне будзе заменена. Добра, каб новыя працэдуры ня сталі горшымі і даражэйшымі, чым ліцэнзаваньне.

Па-другое, сапраўды вельмі важна, што адменена ліцэнзаваньне розьнічнага гандлю. З улікам таго, што ў гэтай сфэры працуе вельмі шмат суб’ектаў гаспадараньня, колькасьць ліцэнзій у суме скараціцца больш, чым напалову.

Добра, што адмянілі ліцэнзаваньне будаўніцтва. Бо яно непатрэбнае. Усё роўна праект дома зацьвярджаецца дзяржаўным органам ці будынак прымае дзяржаўная камісія.

Чыноўнікі імкнуцца захаваць свой кантроль


Балыкін: «Але засталося ліцэнзаваньне відаў дзейнасьці, якое, на мой погляд, непатрэбнае. Напрыклад, навошта ліцэнзаваць выдавецкую дзейнасьць? Нікай грамадзкай небясьпекі тут няма. Але гэта ідэалягічнае пытаньне. Непатрэбныя ліцэнзіі на адвакацкія, юрыдычныя паслугі. Якая тут можа быць грамадзкая небясьпека? Дзейнасьць падатковых кансультантаў не ліцэнзуецца, а юрыстаў-гаспадарнікаў — ліцэнзуецца. Якая тут лёгіка?

Істотным плюсам гэтага ўказу зьяўляецца тое, што ў адным нарматыўным акце сабраныя ўсе правілы і патрабаваньні для ліцэнзаваньня. Але дрэнна, што застаецца магчымасьць без суду пазбавіць суб’ект гаспадараньня ліцэнзіі».

Карбалевіч: «Вось намесьнік міністра спорту і турызму Шульга заявіў, што на зьмену ліцэнзаваньню турысцкай дзейнасьці прыйдзе „рэестр турфірм“, іх сэртыфікацыя. То бок, указ яшчэ не ўступіў у дзеяньне, а чыноўнікі ўжо знайшлі спосабы яго абыйсьці, каб захаваць свой кантроль, пад новай назвай захаваць стары зьмест. Як гэта пракамэнтаваць?»

Злотнікаў: «Так было заўсёды. Калі адбывалася скарачэньне апарату, то пасьля ён павялічваўся. То бок здольнасьць чынавенства да рэгенэрацыі вялікая. Без супраціўленьня з боку грамадзтва, чыноўнікі могуць вярнуць свае пазыцыі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG