Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя адабрала “Народную праграму”


У Гомелі ля Дывыдаўскага рынку затрыманы актывіст руху «За свабоду» Аляксандар Процка. Ён раздаваў буклеты з тэзамі «Народнай праграмы» Аляксандара Мілінкевіча.

Як паведаміў спадар Процка, «пільнасьць» праявілі прадстаўнікі дырэкцыі рынку — яны выклікалі міліцыянтаў. Тыя даставілі Аляксандра ў бліжэйшы пункт аховы правапарадку. У актывіста забралі 31 «Народную праграму» патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты й склалі пратакол выняткі.

«Народную праграму» Мілінкевіча ў межах агульнарэспубліканскай акцыі прадстаўнікі руху «За свабоду» пачалі раздаваць у абласным цэнтры ды іншых гарадах рэгіёну яшчэ на пачатку жніўня.

У капэрты таксама ўкладзеная анкета з прапановай ацаніць тэзы па пяцібальнай шкале й дадаць у перадвыбарчую праграму Мілінкевіча свае меркаваньні.

Паводле старшыні абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пятра Кузьняцова, акцыя мае на мэце абудзіць цікавасьць грамадзянаў да прэзыдэнцкіх выбараў і сабраць найбольш актуальныя прапановы, якія хвалююць людзей у рэгіёнах і ў сталіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG