Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарвыканкам забараніў правядзеньне акцыі "Бой падушкамі", прысьвечанай чарговай гадавіне бітвы пад Воршай.

Ініцыятарам "бою падушкамі" выступіла маладзёжнае грамадзкае аб'яднаньне "Гісторыка". Як адзначыў на прэсавай канфэрэнцыі актывіст арганізацыі Валянцін Сакалоўскі, у заяўках на правядзеньне "бою падушкамі" былі паказаныя чатыры магчымыя месцы правядзеньня акцыі: парк Дружбы Народаў, лесапаркавая зона побач з Нацыянальнай бібліятэкай, парк імя Янкі Купалы і парк 50-годзьдзя Кастрычніка.

"Каля месяца мы ўзгаднялі правядзеньне акцыі з рознымі зацікаўленымі органамі. Правядзеньне яе адобрылі Міністэрства культуры, аддзел культуры і аддзел ідэалёгіі Менгарвыканкама. Аднак, калі мы прыйшлі на сустрэчу з намесьнікам старшыні гарвыканкама Міхаілам Ціцянковым, ён нам заявіў: "Мерапрыемства -- дурное, я яго не разумею, таму маю намер яго забараніць ",-- цытуе Сакалоўскага БелаПАН.

Арганізатары атрымалі тры адмоўныя адказы на свае заяўкі, у якіх зазначаецца, што бой падушкамі "небясьпечны для жыцьця і здароўя ўдзельнікаў мерапрыемства" або будзе псаваць зялёныя насаджэньні ў месцы правядзеньня мерапрыемства.

Арганізатар "Баёў падушкамі" у 2009 годзе Андрэй Кім адзначыў, што акцыя, прымеркаваная да гадавіны бітвы пад Воршай, усё роўна адбудзецца 8 верасьня ў Менску:

"Мы зьменім фармат і месца правядзеньня мерапрыемства. Пакуль мы не агучваем гэтыя моманты, каб не атрымалася так, як падчас "бою падушкамі ", прысьвечанага гадавіне Грунвальдзкай бітвы, калі было затрымана больш за 200 чалавек", -- заявіў Кім.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG