Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ: Лукашэнка і Пуцін — адно і тое ж


Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што выбух на тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску маглі арганізаваць самі расейцы, зноў абвастрылі супрацьстаяньне на інфармацыйным полі ў Расеі і Беларусі.

Газэта КоммерсантЪ канстатуе: Беларусь усё болей уцягваецца ў інфармацыйную вайну з Расеяй. Выданьне расказвае, што Аляксандар Лукашэнка фактычна абвінаваціў Маскву ў арганізацыі падпалу сваёй амбасады ў Менску. На думку беларускага лідэра, апошні інцыдэнт — працяг атакі на яго асабіста. Аналітык Сьвятлана Навумава сказала "Ъ", што непасрэднае падключэньне Лукашэнкі да інфармацыйнай вайны закліканае мабілізаваць чынавенскі апарат і сілавікоў. Ён даў ім зразумець, што яшчэ не памёр, не зьбіраецца здавацца і гатовы да бойкі. Гэтаксама газэта расказвае пра сюжэт тэлеканалу “АНТ”, у якім быў раскрытыкаваны аўтапрабег прэм'ер-міністра Ўладзімера Пуціна па Далёкім Усходзе і зробленая выснова: "Да двух вядомых расейскіх бедаў дадалася трэцяя — дурні на дарозе".

"Кіраўнік беларускай дзяржавы б'е ворага ягонай жа зброяй", — піша Новая газета. Выданьне акцэнтуе ўвагу на падабенстве Лукашэнкі з Пуціным, паміж якімі і адбываецца асноўны канфлікт: "Пракрамлёўскія і праўрадавыя СМІ вядуць беспрэцэдэнтную кампанію супраць Лукашэнкі. Але, па сутнасьці, яны дыскрэдытуюць і свайго лідэра, таму што Лукашэнка — такі ж, як Пуцін. Гэткі ж поўны сілаў, гэткі ж аматар ручнога кіраваньня, які ня верыць у рынкавую эканоміку. Гэткі ж, як Пуцін, непастаянны партнэр, які ня ведае стратэгічных адносінаў з кім бы то ні было. Гэтак жа настальгуе па СССР. Гэткі ж, як Пуцін, нікому не давярае, гадамі сядзіць ва ўладзе, ня цярпіць ратацыі і апазыцыі. З каго сьмяемся?" — задаецца рытарычным пытаньнем "Новая газета".

Рэзка выказваюцца на адрас былога саюзьніка і палітыкі. Так, сёньня ў інтэрвію агенцтву Новости міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў назваў "абуральнымі" заявы Менску аб магчымай датычнасьці Масквы да інцыдэнту на тэрыторыі расейскай амбасады ў беларускай сталіцы. Старшыня камітэту Дзярждумы па міжнародных справах Канстанцін Касачоў сказаў "Інтэрфаксу", што заявы Лукашэнкі пра расейскі сьлед у нападзе на расейскую дыпмісію "не адпаведныя статусу кіраўніка дзяржавы". Напярэдадні прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў адмоўна адрэагаваў на тое, што Беларусь увяла абмежаваньні на пастаўкі ў Расею грэчкі. Расейскі лідэр у рэзкай манэры заявіў: гэта не "прававыя, а мэдыцынскія абмежаваньні".

Вядомы расейскі палітык праваабаронца Сяргей Кавалёў лічыць, што ў гэтай кампаніі няма "белых і пухнатых", паколькі апанэнты адзін аднаго вартыя:

"Насамрэч я думаю, што тут увогуле складаныя і подлыя інтрыгі з абодвух бакоў. І разабрацца ў іх нармальнаму чалавеку, як мне падаецца, даволі цяжка. Немагчыма акунуцца ў псыхалёгію іншага тыпу людзей. Прыстойныя людзі ў іх кампаніі вельмі хутка губляюцца, становяцца наіўнымі і пазбаўленымі магчымасьці мысьліць адэкватна. Разумееце, з абодвух бакоў мы маем справу зь людзьмі, мякка кажучы, даволі подлымі. Як яны там грызуцца паміж сабой — ня ведаю. Я ня ведаю, куды гэта вядзе, чым гэта можа скончыцца. Але ўсе разумеюць: Масква разумее, што Лукашэнка ня вечны і, напэўна, была б гатовая абмяркоўваць іншую кандыдатуру. Зь іншага боку, Лукашэнка разумее, што ён “крэпкі арэшак”. Таму што зьнешні сьвет, які так энэргічна яго адпрэчваў, адступіўся. І цяпер ён нават ужо выязны, зь ім ужо хтосьці мае справы".

Вялікі артыкул, прысьвечаны беларуска-расейскім адносінам, друкуюць Известия. У камэнтары да апошніх падзеяў пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч гаворыць: "Пасьля прагляду антылукашэнкаўскіх фільмаў, якія прайшлі на расейскім тэлебачаньні, стала зразумела: Расея як бы ўжо уступіла ў нашую прэзыдэнцкую гонку і падтрымлівае альтэрнатыўных кандыдатаў. Магчыма, выбух у расейскай амбасадзе — гэта спосаб іх нэўтралізаваць, чаго можна дамагчыся, толькі актывізаваўшы антырасейскія настроі. Як лічыць спадарыня Алексіевіч, такі аўтарытарны лідэр як Лукашэнка, калі пад ім хістаецца крэсла, гатовы на ўсё. "А правінцыйная фантазія не такая ўжо і інтэлектуальная", — рэзюмуе суразмоўніца "Известий".

Адзін з кіраўнікоў гэтай старэйшай расейскай газэты Ўладзімер Мамантаў перакананы: у Расеі і Беларусі і без таго было няшмат шанцаў у справе інтэграцыі, а цяпер спадзявацца на нейкае збліжэньне і ўвогуле марна:

"Я з прычыны сваіх службовых абавязкаў досыць добра вывучыў сытуацыю ў Беларусі і павінен сказаць: ні на якіх умовах раўнапраўя пабудаваць саюзныя адносіны нельга. Нават на элемэнтарным узроўні. Паглядзіце, якая вялізная Расея! У яе абласьцей і суб'ектаў фэдэрацыі колькі, патэнцыял і палітычны, і эканамічны, і ядзерны, і які заўгодна. І на гэтым тле сем ці колькі там абласьцей у Беларусі (насамрэч — шэсьць. Р.С). Так, паважаная, не маленькая краіна, але ўсё ж іншага патэнцыялу, іншага аб'ёму, іншага замесу дзяржава. Мы ніяк ня можам аб'ядноўвацца на роўных, гэта ўвогуле было б дзіўна!".

Эхо Москвы, Независимая газета ды іншыя пацяшаюцца з таго, што Аляксандар Лукашэнка на 56-м годзе жыцьця зьмяніў дату свайго нараджэньня. Як піша Московский комсомолец, Лукашэнка нечакана пасунуў дзень нараджэньня на суткі, каб сьвяткаваць імяніны разам з малодшым сынам Мікалаем. Цяпер Лукашэнку трэба віншаваць не 30 жніўня, а 31-га. Сваім учынкам беларускі лідэр нарабіў шмат шуму, паколькі з уласнай ініцыятывы адвольна выбіраць новыя дні народзінаў законам забаронена.

А тэлеканал НТВ зьвяртае ўвагу на тое, што падчас учорашняга наведваньня Маскоўскага міжнароднага кніжнага кірмашу старшыня ўраду Ўладзімер Пуцін праігнараваў беларускі стэнд. Пуцін спыніўся ля праваслаўнага і дзіцячага павільёнаў, але не зрабіў некалькі крокаў, каб зазірнуць на выставу беларускай кнігі. А менавіта 2 верасьня на імпрэзе быў Дзень Беларусі, пра што прэм'ер ня ведаць папросту ня мог.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG