Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэнзіі на выдавецкую і адвакацкую дзейнасьць захаваныя


У Беларусі ад 1 студзеня будзе скарочаны пералік відаў дзейнасьці, якія патрабуюць ліцэнзаваньня.

Гэта прадугледжана ўказам № 450 "Аб ліцэнзаваньні асобных відаў дзейнасьці", які падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Як паведаміла прэсавая служба кіраўніка дзяржавы, "у мэтах лібэралізацыі ўмоў ажыцьцяўленьня эканамічнай дзейнасьці" ўказам прадугледжваецца адмена ліцэнзаваньня 16 відаў дзейнасьці, сем зь якіх уключаюць у сябе 59 складнікаў работаў (паслугаў), а таксама каля 60 работаў (паслугаў) па іншых 13 відах дзейнасьці, ліцэнзаваньне якіх захоўваецца; аб'яднаньне двух відаў дзейнасьці ў адзін.

"Скасаваньне патрабаваньняў аб ліцэнзаваньні асобных відаў дзейнасьці і складнікаў іх работаў (паслугаў), аптымізацыя парадку і скарачэньне тэрмінаў зьдзяйсьненьня ліцэнзійных працэдур, увядзеньне комплекснага рэгуляваньня адносін у сфэры ліцэнзаваньня, прадугледжаныя ўказам, забясьпечаць зніжэньне адміністрацыйнай нагрузкі на дзейнасьць суб'ектаў гаспадараньня", — падкрэсьліваецца ў камэнтары прэс-службы.

Як лічыць кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, указ прэзідэнта № 450 дае чыноўнікам шмат магчымасьцяў для далейшага ўдасканаленьня гэтай працэдуры.

"У цэлым указ уяўляе сабой значны крок наперад у галіне лібэралізацыі інстытута ліцэнзаваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці. Яго бясспрэчнай вартасьцю зьяўляецца значнае скарачэньне пераліку ліцэнзаваных відаў дзейнасьці. Найболей прыкметныя зь іх — гэта розьнічны гандаль, за выключэньнем некалькіх відаў, грамадзкае харчаваньне і будаўніцтва", — сказаў экспэрт у інтэрвію БелаПАН.

Разам з тым, зазначае Сяргей Балыкін, захоўваецца ліцэнзаваньне тых відаў дзейнасьці, якія, на яго погляд, ня варта ліцэнзаваць, напрыклад выдавецкай і паліграфічнай, адвакацкай дзейнасьці і юрыдычных паслуг.

Да вартасьцяў указу Сяргей Балыкін аднёс тое, што цяпер у адным дакумэнце сабраныя ўсе патрабаваньні, што прад'яўляюцца да суіскальнікаў ліцэнзіі. "На самой справе гэта вельмі зручна і выключае вузкаведамасны падыход да гэтага працэсу", — адзначыў ён.

Кіраўнік Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгі Бадзей і старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін таксама лічаць, што новы ўказ будзе станоўча ўплываць на бізнэс-клімат у краіне.

У інтэрвію БелаПАН Бадзей адзначыў, што прадпрымальнікі чакалі гэты дакумэнт больш чым год. "Зроблены кардынальныя зрухі ў бок скарачэньня відаў ліцэнзаванай дзейнасьці, і такім чынам зьнікнуць непатрэбныя бар'еры для прадпрымальніцкай дзейнасьці", — сказаў ён. Разам з тым, паводле меркаваньня экспэрта, "чакаць, што толькі гэты ўказ паўплывае на прадпрымальніцкую актыўнасьць і зьяўленьне вялікай колькасьці новых прадпрыемстваў, няправільна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG