Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Хары Лахтэйн сьцьвярджае, што здымкі з менскімі дзяўчатамі, з-за якіх ён падаў у адстаўку, былі фальсыфікаваныя ў графічным рэдактары.

Былы часовы павераны Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйн, які быў вымушаны сысьці ў адстаўку з-за скандальных здымкаў, якія трапілі ў эстонскія СМІ, даў учора інтэрвію праграме “Kahekõne” на эстонскім тэлебачаньні (ETV).

Паводле ягоных словаў, большая частка кампрамэтуючых яго здымкаў, на якіх ён нібыта фліртуе зь некалькімі менскімі дзяўчатамі, была наўмысна апрацаваная адпаведным чынам.
Вас выклікаюць у КДБ, дапытваюць некалькі гадзін запар і пагражаюць кінуць ў псыхушку. Няўжо вы ў гэтым выпадку не аддасьцё здымкаў зь вечарынкі?



"Як бачыце, у мяне няма двухмэтровай рукі, якая б магла дацягнуцца ў любое месца. Кожны з нас можа знайсьці якую-небудзь фатаграфію і вырваць яе з кантэксту. Працуючы ў Беларусі, я сапраўды часта выходзіў у горад, размаўляў з рознымі людзьмі і дзякуючы гэтаму атрымліваў адэкватнае ўяўленьне аб гэтай краіне ",— заявіў Лахтэйн у эфіры ETV.

Паводле Лахтэйна, дыпляматы звычайна або працуюць у офісах, адсочваючы інфармацыю з даступных крыніцаў і аналізуючы яе, або выходзяць па-за межы свайго кабінэту і рэзыдэнцыі. Апошніх на жаргоне называюць працавікамі (põllumeesteks): яны маюць вельмі шырокае кола знаёмых у краіне, дзе праходзіць іх дыпслужба. “Я таксама з гэтых працавікоў", — сказаў Лахтэйн у размове з тэлежурналістамі.

“Для мяне карціна зразумелая. У чыіх інтарэсах быў гэты скандал, і хто яго зладзіў, ніякіх сумневаў на гэты конт у мяне няма ", — адзначыў былы часовы павераны ў Беларусі.

Ён распавёў, як пасьля яго апошняга вяртаньня ў Беларусь з адпачынку, некалькі беларускіх знаёмых паведамілі яму, што адчулі прэсінг з боку КДБ.

“Іх выклікалі ў мясцовыя аддзяленьні КДБ, дапыталі і настойліва “параілі” супрацоўнічаць”, — паведаміў Лахтэйн.

“Падумайце самі: вы толькі скончылі ўнівэрсытэт, вас выклікаюць у КДБ, дапытваюць некалькі гадзін запар і пагражаюць кінуць ў псыхушку. Няўжо вы ў гэтым выпадку не аддасьцё здымкаў зь вечарынкі?”

Лахтэйн сказаў, што некаторыя з тых, хто сустракаўся зь ім, былі вымушаныя пакінуць дзяржаўную службу, спыніць працу над кандыдацкай дысэртацыяй і да таго ж трапілі ў сьпіс тых, каму забаронены выезд з краіны.

"Мне вельмі шкада, што падобны паварот падзей абярнуўся бессэнсоўнымі перажываньнямі для маёй сям'і. Я хачу ад душы падзякаваць усім, хто мне тэлефанаваў і падтрымаў, такіх людзей было шмат. Таксама хачу падзякаваць усім калегам, якія мяне падтрымалі", — заявіў Лахтэйн праграме “Kahekõne”.

Ён таксама дадаў, што беларускі КДБ, які цесна супрацоўнічае з расейскімі разьведвальнымі арганізацыямі, спрабаваў паднесьці падобныя "падарункі" ўсім паслам ЭЗ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG