Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядаў бы сьвет, калі б Садам застаўся жывым?


Садам Хусэйн рэагуе на абвяшчэньне яму сьмяротнага прысуду 5 лістапада 2006
Садам Хусэйн рэагуе на абвяшчэньне яму сьмяротнага прысуду 5 лістапада 2006
Прамова Барака Абамы ў прайм-тайм, дзе ён абвясьціў пра заканчэньне вайны ў Іраку, была менш важнай, чым ягоны вядомы выступ васьмігадовай даўніны ў якасьці сэнатара Ілінойсу. Выглядае, што тады Абама меў больш складаныя погляды на амэрыканскія стаўкі ў Іраку, чым цяпер, – піша камэнтатар Wall Street Journal.

У 2002 годзе Абама ўзьняў цэнтральнае для сытуацыі вакол Іраку пытаньне: уяўляе Садам Хусэйн небясьпеку па-за межамі сваёй краіны альбо не? “Дазвольце мне ясна заявіць, – сказаў тады Абама. – У мяне няма ілюзіяў наконт Садама Хусэйна. Ён неаднаразова зрываў інспэкцыі ААН, разьвіваў хімічную і біялягічную зброю і імкнуўся да стварэньня ядзернага патэнцыялу. Але я таксама ведаю, што Садам не ўяўляе непасрэднай пагрозы для ЗША. Яго можна стрымліваць.”

Барак Абама абвяшчае пра вывад войскаў ЗША з Іраку
Гэта шырока распаўсюджанае меркаваньне. Часопіс Economist на гэтым тыдні сьцьвярджае, што Абама меў рацыю, аднак вайна ўсё ж зрабіла сваё: пазбавіла Блізкі Ўсход ад крывавага дыктатара.

Яна зрабіла нашмат больш.

”Дапусьцім, Абамаў пункт погляду перамог бы і мы пакінулі б Садама ля ўлады ў Іраку. Як бы выглядаў сьвет сёньня? – задаецца пытаньнем камэнтатар WSJ Дэніэл Хэнінгер і працягвае: – Абама і іншыя лічаць, што Садама і ягоныя ядзерныя амбіцыі можна было стрымаць. На маю думку, якраз хутчэй наадварот”.

На момант антываеннага выступу Абамы ў 2002 годзе ў сьвеце адбываюцца некалькі важных, не зьвязаных з Іракам падзеяў: Іран і Паўночная Карэя набліжаюцца да стварэньня ядзернай зброі, не стаіць на месцы таксама бацька Пакістанскай ядзернай праграмы Абдул Кадыр Хан.

"Бацька" ядзернай праграмы Пакістану Абдул Кадыр Хан
Адным словам, ядзерны клюб “кепскіх хлопцаў” у 2002 годзе набірае абароты. Хіба хтосьці ўсур’ёз можа паверыць, што сярод усяго гэтага Садама можна было б “абмежаваць”?

Садам быў цэнтрабежнай сілай. У 1980 ён уступіў у вайну з Іранам, а праз 10 гадоў – з Кувэйтам. Садам быў гульцом, а з 2002 году павёў сваю найбуйнейшую гульню: на здабыцьцё ядзернай зброі.

Так, група па пошуку зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку ў 2005 годзе канстатавала, што ў Садама не было актыўнай зброі масавага зьнішчэньня. Але ў 1000-старонкавым дакладзе з цытатамі з ірацкіх палітыкаў і навукоўцаў сьцьвярджалася, што мэтай Садама было вызваліцца ад санкцый ААН і запусьціць у дзеяньне сваю праграму па стварэньні ядзернай зброі.

Махмуд Ахмадзінэжад у Іране публічна насьміхаецца над спробамі Захаду прыкрыць ягоную ядзерную праграму і пагражае ворагам зьнішчэньнем. Сёлета ён парушыў эмбарга на будаўніцтва завода па ўзбагачэньні ўрану ў Ісфахане. У Паўночнай Карэі Кім Чэн Ір правёў выпрабаваньне ядзернай зброі і запускі ракет у Японскім моры. У такім сьвеце Садам імкнуўся б іграць у адной лізе з Іранам і Паўночнай Карэяй. Ці змаглі б мы стрымаць яго?” – рытарычна пытаецца WSJ.

Ахмадзінэжад у Іране і Хусэйн у Іраку адначасова падштурхнулі б Эгіпет, Сірыю, Савудаўскую Арабію і Судан да ўступленьня ў ядзерны рынак, Пакістан і Індыя павялічвалі б ядзерны складнік у сваіх напружаных адносінах.

”Мы павінны вельмі ганарыцца тым, што нашы войскі вяртаюцца дадому з Іраку. Яны заслугоўваюць помніка. У гэтай вайне гаворка ішла ня толькі пра дапамогу Іраку, гаворка ішла пра нас. Пераход вар’яцкіх рэжымаў празь ядзерны парог уяўляў сабой рэальную небясьпеку. Ахвяры, прынесеныя Амэрыкай у Іраку выключылі з гульні аднаго з апантаных ядзернай зброяй вар’ятаў і далі сьвету большае поле для змаганьня з пагрозай, калі усясьветным лідэрам ёсьць да гэтага справа. Вялікае “калі”, – завяршае Дэніэл Хэнінгер з Wall Street Journal.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG