Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Наста Лукашэнка пайшла ў школу, а Міколка — не


Мікола Лукашэнка дорыць буквар папу рымскаму Бэнэдыкту XVI.

Мікола Лукашэнка дорыць буквар папу рымскаму Бэнэдыкту XVI.

У першы дзень новага навучальнага году Аляксандар Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем браў удзел у адкрыцьці новай школы ў вёсцы Бараўляны Менскага раёну. Кіраўнік краіны сярод іншага сказаў, што Міколка будзе навучацца ў звычайнай школе і не абавязкова ў новазбудаванай. Дзе навучаецца Мікола Лукашэнка, а таксама іншыя дзеці высокапастаўленых чыноўнікаў?

Шосты дзень нараджэньня Мікола Лукашэнка адзначыў напярэдадні новага навучальнага году — 31 жніўня. Аднак сёлета ў школу хлопчык яшчэ не пайшоў, паведаміў «Свабодзе» кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі:

«Мікалай Лукашэнка пойдзе ў школу ў наступным годзе».

Каб даведацца, дзе плянуе навучацца Мікалай Лукашэнка, Павал Лёгкі прапанаваў дачакацца наступнага году. Чуткі пра тое, што гэта будзе новазбудаваная школа ў Бараўлянах, часткова разьвеяў бацька Міколкі падчас адкрыцьця школы. Меркаваньня, што хлопчык у вёсцы навучацца ня будзе, трымаюцца і ў адной з бараўлянскіх школ:

«Я думаю, што пра гэта было б вядома абсалютна дакладна. Але, па-мойму, хлопчык прэзыдэнта павінен вучыцца прыватным чынам. Магчыма, што ён так і вучыцца, а ўсё астатняе — гэта плёткі людзкія».

Паводле чутак, сярод магчымых месцаў навучаньня Міколы Лукашэнкі — сярэдняя школа ў Астрашыцкім гарадку пад Менскам. Аднак мясцовая жыхарка і супрацоўніца дзіцячага санаторыя Кацярына Назарэнка мяркуе, што гэта малаверагодна:
І калі казаць пра Вікторыю, паколькі я курырую 5-11 клясы, то многім дзецям са „звонам“ у кішэні варта ў яе павучыцца і такту, і ўвазе, і працаздольнасьці.


«У Астрашыцкім гарадку школа ў разабраным выглядзе: да сёньня тут басэйн на рамонце, актавая заля, і настаўнікі тут... Не, такога вучня тут сто адсоткаў ня будзе».

Сярод найпрэстыжнейшых сярэдніх навучальных устаноў Менску — гімназія № 29, разьмешчаная на адной з цэнтральных вуліц сталіцы — Мельнікайтэ. Завуч школы Вольга Дубалека кажа, што гімназія нават ня здольная прыняць усіх ахвотных сюды паступіць, а значная колькасьць навучэнцаў — дзеці высокапастаўленых чыноўнікаў:

«Ня буду казаць ні колькасьці, ні прозьвішчаў, але хапае. Мы сёлета адкрылі дадатковую пятую клясу, якую не плянавалі, а яшчэ сем першых клясаў, якія таксама не плянавалі. У нас не хапае месца».

І ўсё ж найбольшай папулярнасьцю ў бацькоў зь ліку высокапастаўленых чыноўнікаў на сёньня карыстаецца гімназія № 16 на вуліцы Лесі Ўкраінкі, дзе навучаюцца абедзьве дачкі Віктара Лукашэнкі — Наста і Вікторыя.

Завуч Натальля Сямёнава: «Так, дзьве дзяўчынкі — адна ў першую клясу да нас прыйшла, а Віка ў шостай клясе займаецца. У нас дастаткова навучаецца дзяцей, якія маюць бацькоў з высокім сацыяльным становішчам, выхадцаў з ураду, амбасадаў і гэтай далей — гэта вельмі цікавыя дзеткі. І калі казаць пра Вікторыю, паколькі я курырую 5-11 клясы, то многім дзецям са „звонам“ у кішэні варта ў яе павучыцца і такту, і ўвазе, і працаздольнасьці. І ўвогуле, яна працаўнічка, рэдка хто сёньня возьме венік і будзе прыбіраць у клясе, тым больш сярод нашага кантынгенту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG