Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры канцы жніўня ў невялікім францускім гарадку Анмас ва ўзросьце 66 гадоў памёр усясьветна вядомы дыетоляг, ідэоляг разьдзельнага харчаваньня, аўтар бэстсэлеру “Я ем, а значыць худнею” Мішэль Мантыньяк. На дыетах Мантыньяка пасьпяхова сядзелі многія зоркі палітыкі, мастацтва, спорту, у тым ліку Шэран Стоўн, Кайлі Міноўг ды іншыя. Галоўны прынцып харчаваньня францускага дыетоляга: “худнець трэба, не галадаючы, павольна, але грунтоўна”. У дыеты Мантыньяка, якая таксама называецца разьдзельным харчаваньнем, ёсьць нямала апанэнтаў. Пасьля сьмерці француза многія зь іх яшчэ больш актыўна аспрэчваюць карысьць гэтай мэтодыкі.

Комплексы дапамаглі яму стаць “лепшым дыетолягам XX стагодзьдзя”


Як пішуць біёграфы Мантыньяка, гэты чалавек атрымаў унівэрсытэцкую адукацыю палітоляга і сацыёляга, аднак так і не скарыстаўся ёй. На канчатковы выбар галоўнай справы яго жыцьця, дыеталёгіі, паўплывалі дзіцячыя комплексы. Самы галоўны зь іх — атлусьценьне. У сям’і Мантыньяка ўсе мелі залішнюю вагу і любілі паесьці.

Скончыўшы унівэрсытэт, будучы дыетоляг захапіўся фармацэўтыкай. Дзеля таго, каб скінуць лішнія кіляграмы, ён апрабаваў на сабе дзесяткі дыетаў, розных харчовых дадаткаў і нават мэдыкамэнтаў.

Усё гэта, калі і прыносіла нейкі істотны вынік, то толькі на кароткі тэрмін. Мантыньяк пачаў знаёміцца з рознымі навуковымі працамі па фармакалёгіі, біялёгіі, біяхіміі, вывучаць тэорыі здаровага харчаваньня, прапанаваныя для людзей з парушэньнем мэтабалізму. Дасьледаваньні будучы дыетоляг праводзіў на самім сабе. Яго выснова нарэшце аказалася простай: лішняя вага залежыць не ад калёрыяў, а ад складнікаў ежы. Справа ў тым, што адказная за нашыя абменныя працэсы падстраўнікавая залоза, як правіла, перагружаная “няправільнымі”, то бок “хуткімі” і “дрэннымі” вугляводамі, а таму ў выніку яна выкідае ў кроў занадта шмат інсуліну. Інсулін жа імкліва перапрацоўвае гэтыя вугляводы, якія не пасьпяваюць пераўтварыцца ў энэргію і адкладаюцца ў выглядзе тлушчаў.

На падставе атрыманых ведаў, Мантыньяк распрацаваў уласную дыету, дзякуючы якой ня проста скінуў болей за 15 кіляграмаў, але і захаваў сваю вагу на ўсё жыцьцё.

У выніку многія назвалі аўтара перакладзенага на розныя мовы сьвету і выдадзенага 40-мільённым тыражом бэстсэлеру “Я ем, а значыць худнею” “лепшым дыетолягам XX стагодзьдзя”, а яго харчовую тэорыю сапраўднай “харчовай рэвалюцыяй”. Шэраг дыетолягаў, аднак, аспрэчвалі падобныя тытулы, указваючы на неарыгінальнасьць тэорыі Мантыньяка. Праўда, пры гэтым яны адзначалі, што француз стаў “найлепшым піяршчыкам разьмежаванага харчаваньня”.
Харчаваньне павінна быць карысным і далікатным. Галодны чалавек не павінен імгненна задавальняць свой апэтыт. Ежа не павінна гатавацца хутка.

Сутнасьць дыеты і абавязковыя правілы


Сутнасьць дыеты француза апісаная ў дзесятках кніг, выдадзеных у многіх краінах сьвету, і гучыць так: чым вышэй глікэмічны (у перакладзе з грэцкай glykys — салодкі, haima — кроў) індэкс прадуктаў, тым больш высокі ўзровень інсуліну. Таму есьці трэба прадукты зь нізкім глікэмічным індэксам (ГІ). Гэта зялёная гародніна, баклажаны, фасоля, бабовыя, грэчка, грыбы, мяса, рыба, макароны з мукі грубага памолу. Есьці гэта можна практычна ў любой колькасьці. Таксама, згодна з дыетай Мантыньяка, на пэўным этапе дазваляюцца горкі шакаляд ды віно. Абсалютнае табу на так званыя “кепскія вугляводы” — бульбу, рыс, выпечку, бананы, дыню, буракі, чыпсы, алькаголь (акрамя віна)…

Дыета разьлічаная на даволі доўгі тэрмін і падзяляецца на дзьве фазы: этап страты вагі і этап стабілізацыі.

Этап страты вагі доўжыцца найменей — тры месяцы. Пад канец першага этапу дыеты чалавека пакідае хранічная стомленасьць, страўнік пачынае працаваць, як гадзіньнік, сон робіцца моцным, лішнія кіляграмы зьнікаюць. Адзначаецца, што за гэты час істотна паляпшаецца дзейнасьць харчавальнага тракту і сардэчна-сасудзістай сыстэмы.

Пачатак пераходу на стабілізацыйны этап вызначае сам чалавек. Звычайна гэта адбываецца тады, калі яго вага дасягае жаданай адзнакі. Ці тады, калі нягледзячы на ўсе намаганьні, вага перастае зьніжацца.

На гэтым стабілізацыйным этапе можна ўжо папесьціць сябе віном, біфштэксам, авакада, шакалядам і нават крэм-бруле. Аднак трэба працягваць устрымлівацца ад дрэнных вугляводаў. Калі ўсё ж вельмі захочацца пакаштаваць гэтых “забароненых” бульбы, рысу, бананаў, дыні і г.д., то Мантыньяк дазваляе гэта рабіць, аднак разам з прадуктамі, багатымі клятчаткай (той жа зялёнай гароднінай, да прыкладу).

Ёсьць таксама яшчэ некалькі правілаў, якія абавязкова трэба выконваць:

• есьці ня меней за тры разы на дзень з прамежкам ня меней за тры гадзіны

• вячэраць не пазьней за 20.00

• не класьціся спаць пасьля ежы

• абмежаваць сябе ў прадуктах, у якіх ёсьць і тлушчы, і вугляводы (арэхі, шакаляд, марожанае, пячонка і г.д.)

• ня піць падчас ежы

• есьці садавіну толькі на пусты страўнік. І ні ў якім разе не пасьля ежы — паміж спажываньнем тлустых прадуктаў і садавіны павінна прайсьці прынамсі тры гадзіны.
Ніводную штучную дыету і фізычны комплекс немагчыма лічыць асноўным фактарам даўгалецьця.


Калі ж чалавек, а такое здараецца нярэдка, “сарваўся” і сур'ёзна парушыў правілы другога этапу (напрыклад, з-за сьвяточнага застольля), то Мантыньяк раіць на 2-3 дні вярнуцца да першага этапу.

Падобна многім іншым французам, Мантыньяк лічыў сябе гурманам. У сваіх шматлікіх кулінарных шоў, ён даказваў, што “правільная” ежа павінна быць ня проста смачнай, але і вытанчанай, далікатнай, што ўсе падобныя стравы можна ня толькі гатаваць самому, але і замаўляць іх у любой рэстарацыі. Усё залежыць ад веданьня прадуктаў, а таксама ад хуткасьці паглынаньня ежы. Іншымі словамі, галодны чалавек не павінен імгненна задавальняць свой апэтыт. “Ежа не павінна гатавацца хутка”, — паўтараў Мантыньяк. У чаканьні працэсу ён раіў выпіваць шклянку вады ці добрага віна.

Апанэнты Мантыньяка: “Ня там шукаем здароўе і прыгажосьць!”


Зразумела, дыета Мантыньяка яшчэ пры ягоным жыцьці мела сваіх апанэнтаў і лічылася далёка не бясспрэчнай. У якасьці галоўных аргумэнтаў разьдзельнага харчаваньня прыводзіліся наступныя:

1.Разьдзельнае харчаваньне ёсьць штучным, а таму ў выніку вядзе да парушэньня нармальнага, натуральнага страваваньня.

2. У прыродзе не існуе прадуктаў, якія складаюцца толькі зь бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Як правіла, прадукты харчаваньня ўтрымліваюць мноства пажыўных рэчываў. Іншымі словамі, канцэпцыя паасобнага харчаваньня можа разглядацца ўсяго толькі як тэорыя, а не як інструкцыя па здаровым ладзе жыцьця.

3. Дыета, зьвязаная з разьдзельным харчаваньнем, не адпавядае нацыянальным кулінарным традыцыям і звычкам, яна супярэчыць таму гістарычнаму трапезнаму досьведу, які мы атрымліваем у спадчыну ад сваіх продкаў

4. Незалежна ад таго, што арганізм пад час дыеты атрымлівае ўсе неабходныя для нармальнага функцыянаваньня рэчывы, многія адчуваюць пачуцьцё голаду, пачынаюць пераядаць і ў выніку наносіць вялікую шкоду як свайму арганізму ў цэлым, так і псыхіцы ў прыватнасьці.

Самыя ж галоўныя спрэчкі вакол дыеты Мантыньяка ўзьніклі літаральна ў гэтыя дні, адразу ж пасьля яго сьмерці. Яны выкліканыя тымі абставінамі, што факт сьмерці лепшага дыетоляга ХХ стагодзьдзя афіцыйна абвясьцілі толькі праз тыдзень пасьля яго скону. Самі ж прычыны сьмерці па-ранейшаму трымаюцца ў сакрэце. Дакладна вядома, што гэты ня быў няшчасны выпадак.

Аглядальнікі папулярных у эўрапейскіх таблоідных выданьнях гастранамічных хронікаў, выказваюць падазрэньні: ці не сама дыета вінаватая ў такім раньнім, паводле заходніх мерак, сыходзе гэтага жыцьцярадаснага чалавека, які да таго ж абяцаў усяму чалавецтву ня толькі прыгажосьць, але доўгі век і здароўе.

Некаторыя калюмністы ў гэтым выпадку шукаюць “ісьціну ў віне”. Яны адзначаюць, што Мантыньяк узяў за аснову сваёй тэорыі вядомыя яшчэ раней у ЗША і Канадзе клінічныя харчовыя мэтодыкі для хворых на атлусьценьне і ўнёс у сыстэму францускі шарм і рэстаранную кухню. Асноўным яго паслабленьнем для пацыентаў было сухое віно. Фактычна Мантыньяк у сваіх кнігах і тэлешоў рабіў (і не бескарысьліва) рэкляму айчыннаму францускаму віну. Ён заўсёды рабіў акцэнты на ягоны добры халестэрын, на ягоныя карысныя вітаміны і мікраэлемэнты, пры гэтым, аднак, перасьцярагаў, што віно трэба ўжываць пастаянна, бо нібыта яго “эпізадычнае ўжываньне можа апынуцца небясьпечным для здароўя”. Аднак, дзе гарантыя, што чалавек паступова не пераступіць свае ўласныя межы, і клапоцячыся пра сасуды і сэрца, не заробіць цыроз пячонкі? Ці ня гэта адбылося з Мантыньякам?

“Самыя галоўныя падзеі ў чалавечым жыцьці: нараджэньне, сьмерць, каханьне, практычна не залежаць ад самога чалавека”, адзначаюць калюмністы.

Яны ўзгадваюць, што “стваральнік знакамітай аздараўляльнай гімнастычнай сыстэмы пачатку мінулага стагодзьдзя дацкі спартовец Мюлер памёр у вельмі маладым узросьце, заснавальнік бізнэс-імпэрыі Гербалайф таксама не дажыў да старасьці і памёр у 45 гадоў… Іншымі словамі, ніводнаму чалавеку ўсе гэтыя штучныя цудадзейныя дыеты і фізычныя комплексы не працягнулі жыцьця настолькі, каб іх мэтодыку можна было б лічыць асноўным фактарам даўгалецьця. Да таго ж, хударлявыя людзі з узростам выглядаюць ня лепш і не здаравей за поўных. Ня там мы шукаем, ня там…”

XS
SM
MD
LG