Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы абмяркоўваюць атаку невядомых нападнікаў на Расейскую амбасаду ў Менску, робяць заўвагі наконт працы Радыё Свабода і выказваюцца пра ўзровень жыцьця ў Беларусі.

Пачнём са званка слухача, які патэлефанаваў на Свабоду, калі яшчэ не было вядома пра тое, што расейскія анархісты ўзялі на сябе адказнасьць за атаку на амбасаду РФ у Менску:

«Мінулі ўжо 3 дні, як на тэрыторыю расейскага пасольства кінулі бутэлькі з кактэйлем Молатава, а па нашых СМІ пра гэта амаль ні слова. Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што вінаваты заўсёды маўчыць. Думаецца, што гэта справа нашых спэцслужбаў у адказ на фільмы пра нашага правадыра „Хросны бацька 1,2,3“, маўляў, ня спыніцеся — будзе яшчэ горш. І калі ўсё гэта так, то вінаватых ня знойдуць, як не знайшлі зьніклых і тых, хто дапамог ім зьнікнуць».

Мікола Статкевіч
Званок камэнтуе палітык Мікола Статкевіч:

«Сьляды арганізатараў і выканаўцаў гэтага акту вядуць у Менск да беларускіх спэцслужбаў. Гэта спроба, атрымаўшы ня тую рэакцыю, на якую разьлічвалі, замесьці сьляды. Варта ўзгадаць яшчэ й дзеяньні супраць амбасадаў недружалюбных з пункту гледжаньня Лукашэнкі дзяржаў, якія рабіліся рэгулярна.

Узгадаем высяленьне заходніх рэзыдэнцый з Драздоў, высылку большасьці супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады, сэксуальныя правакацыі супраць асобных супрацоўнікаў, пікетаваньні літоўскай, польскай амбасадаў і г.д.

Мабыць, у псыхалёгіі гэтай улады ёсьць такое, што яна ня можа ўстрымацца ад таго, што прадстаўнікі, паводле яе, варожай дзяржавы спакойна жывуць, шыкуюць, жывуць у добрых будынках. Вось і хочуць адыграцца на іх».

Слухачы абмяркоўваюць матэрыяльнае становішча рабочых, інжынэраў, настаўнікаў, мэдыкаў, навукоўцаў, пэнсіянэраў і дзеляцца сваімі назіраньнямі.

«У нас вакол Полацку і Наваполацку асабнякоў гэтых — безьліч. Ёсьць і прэстыжны раён, які ў народзе завуць Царскім сялом. Каб там пабудавацца, трэба мець асаблівы статус. Інакш кажучы, туды без намордніка ня пусьцяць. Няхай лепш гэты дзядзька адкажа на пытаньне: ці шмат сярод гаспадароў тых палацаў простых людзей, рабочых і сялян? Уладальнікі гэтых палацаў усё тыя ж карумпаваныя сілавікі ды падаткавікі, „мянты“ і чыноўнікі розных калібраў. Што тычыцца машын, то іх цяпер паўсюль, як бруду. І хачу сказаць, што пераважная большасьць — гэта ні што іншае, як нямецкі мэталялом. Іншымі словамі, тое, што пераможаныя немцы выкідваюць на звалку, у пераможцаў-беларусаў ідзе на ўра».


Дзяніс Садоўскі
Камэнтуе адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі:

«Я згодны са слухачом. Сытуацыя такая, як ён яе намаляваў. Усе гэтыя будынкі вялікія зь вежамі належаць высокапастаўленаму чынавенству і сілавікам, якія карумпавалі ўладу і дзяруць як ліпку просты народ.

Гэтую сытуацыю трэба мяняць, і будучыя прэзыдэнцкія выбары гэтую сытуацыю, як мне падаецца, могуць зьмяніць».

Некаторыя слухачы тэлефануюць, каб выказаць заўвагі і прапановы наконт працы Свабоды:

«Лукашэнка, канечне, больш траціць на забавы свайго Колі, чым пэнсіянэр атрымлівае ў месяц, — грошы, якія ён зарабляў па 40-50 гадоў працоўнага жыцьця, і сёньня ён атрымлівае па 400-500 „лукашоў“. Хай людзі звоняць і кажуць тое, што ў іх накіпела, тое, што ў іх у душы».

Ёсьць і крытычныя меркаваньні:

«Немагчыма слухаць вашыя навіны. Пачынаюцца: што сказаў начальнік Беларусі, што ён зьмяніў — і гэта праз паўгадзіны, праз гадзіну. Ну не гляджу я і ня слухаю радыё і тэлебачаньне беларускае, калі ён вітаецца раніцай і жадае спакойнай ночы. І ў вас. Гаварыце, што ён зрабіў, а ня тое, што ён сказаў. У яго лёгкасьць языка незвычайная, як у Хлестакова».

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё «Свабода».



XS
SM
MD
LG