Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкі замак зноўку мае дзьве вежы, як калісьці, у часы вялікага князя Гедыміна. Нарэшце. Але ня ведаеш: гэта падстава для сапраўднай радасьці, ці, наадварот, для засмучэньня? Яшчэ месяц назад яе не было, збудавалі вежу, як выглядае, стаханаўскімі мэтадамі, па-хуткаму. А гэта можа сьведчыць толькі аб адным — замак імкнуцца аднавіць да рэспубліканскіх дажынак, якія неўзабаве будуць у Лідзе.

Міма замку ў кірмашовыя дні праходзяць тысячы лідчукоў. Думаецца, большасьць будзе цалкам задаволеная, што нарэшце абарончае збудаваньне перастане быць напалову руінай, а набудзе прэзэнтабэльны выгляд. Бо пакуль з ім валэндаліся, Ліда разбудавалася, значна павялічылася насельніцтва, тым, хто нарадзіўся, калі пачалася рэстаўрацыя, сёньня ўжо трыццаць чатыры гады! За гэты час двойчы падала адноўленая будаўнікамі сьцяна, затым яе адмыслова часткова разбурылі, бо адрэстаўраваная частка была ў аварыйным стане. Дарэчы, і другую вежу, якую пачалі аднаўляць, таксама мусілі бурыць да ўзроўню сьценаў.

У мінулы мой прыезд будаўнікі якраз займаліся сьценамі, што прылягалі да неіснуючай вежы, яны яшчэ былі не гатовыя. І вось літаральна праз месяц раптам зьявілася вежа, як бачна на здымку — на месцы і каркас зьверху, які застаецца накрыць дахоўкай. Побач яшчэ толькі што жылі ў сваіх дамах людзі, а цяпер апошні стаіць недабураным, я напаткаў толькі мокрага чорнага ката, ці пакінутага гаспадарамі, ці ён папросту вярнуўся да свайго ранейшага жытла, бо каты маюць звычку да месца. У рабочых я спытаўся: ці трывалай будзе вежа, якую змуравалі гэтак хутка? Яны пажартавалі: сапраўды, чарнобыльскую станцыю таксама на год раней здалі,.. а затым — ды будзе яна стаяць, куды падзенецца, усім ужо надакучыў гэты “недабуд” у цэнтры гораду.

Сапраўды, хай стаіць трывала Лідзкі замак, адно шкада: спэцыялісты папярэджвалі, што калі замак уладам заманецца аднавіць да пачатку дажынак — за чатыры месяцы, то гэта будзе не рэстаўрацыя. Заманулася. Лідчукі адно жартуюць, што пры Вялікім князе Гедыміне замак гэты збудавалі таксама хутка — за тры гады, каб абараняцца ад крыжакаў. Сёньня, напэўна, каб паказаць гаспадару дажынак…

Апошні, напаўразбураны дом — з тых, якія стаялі з двух бакоў замку.

Так выглядае сёньня звонку замак у Лідзе.

Вежа, якую збудавалі за жнівень


  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG