Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз: новыя магчымасьці для кантрабандыстаў і махляроў


Пасьля стварэньня Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану шматразова актывізаваліся кантрабандысты, якія намагаюцца скарыстацца адсутнасьцю мытных бар’ераў і наладзіць сталыя каналы паставак кантрафактнай прадукцыі. Акрамя таго, застаюцца неўрэгуляванымі адносіны паміж самімі мытнымі саюзьнікамі, што аддаляе пэрспэктывы стварэньня адзінай эканамічнай прасторы. Сёньня прадстаўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэту і МУС Беларусі падсумавалі першыя вынікі ад удзелу беларускага боку ў Мытным саюзе.

Прэс-канфэрэнцыя Дзяржаўнага мытнага камітэту
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00


Начальнік упраўленьня па барацьбе з кантрабандай і адміністратыўнымі правапарушэньнямі Мытнага камітэту Андрэй Міхалькевіч пачаў зь перавагаў Мытнага саюзу для Беларусі: выхад беларускай прадукцыі на значныя рынкі Расеі і Казахстану бяз мытных абмежаваньняў, а таксама без абавязковых раней сэртыфікацыі і вэтэрынарнага кантролю. Па яго словах, ужо зараз аб’ём транзытных паставак вырас на 23% у параўнаньні зь мінулым годам.

Але калі дагэтуль беларускіх мытнікаў мала хвалявала тое, што адбываецца, прыкладам, на казахстана-кітайскай мяжы, то цяпер такая нагода ёсьць. Так, калі летась было канфіскавана 77 мільёнаў адзінак цыгарэтаў, якія нелегальна спрабавалі правезьці ў Заходнюю Эўропу, то цяпер гэты паказьнік ужо перавысіў 100 мільёнаў. Спробы кантрабанды алькагольнай прадукцыі вырасьлі зь мінулагодніх 5 тон да 43,5, наркотыкаў і псыхатропных рэчываў — з 1 кіляграму да 942-х. Апроч таго, шмат нараканьняў на няўзгодненасьць працы паміж адпаведнымі службамі ў рамках самога Мытнага саюзу. Як кажа Андрэй Міхалькевіч, некаторыя пытаньні бакі намагаюцца вырашаць пасьля таго, як робіцца відавочнай іх абсурднасьць:

«На першапачатковым этапе супрацоўнікі мытнай службы Расейскай Фэдэрацыі пры перамяшчэньні зь Беларусі ў Расею тавараў, якія не знаходзяцца пад мытным кантролем, у якасьці дадатковых дакумэнтаў патрабавалі копіі дэклярацый, якія пацьвярджалі б, што гэтыя тавары выпушчаныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у свабоднае абарачэньне. Гэтае пытаньне было вынесенае на мытную камісію Мытнага саюзу 17 жніўня. Упаўнаважаныя кіраўнікі вызначыліся: кантроль павінен ажыцьцяўляцца, але толькі сыходзячы з тыповых тавара-суправаджальных дакумэнтаў. Дадатковых дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацый, для перавозкі тавараў зь Беларусі ў Расею і ў адваротным кірунку не патрабуецца».

Намесьнік начальніка ўпраўленьня мытнага кантролю гэтага ж ведамства Андрэй Планін дадае, што так званы пратакол аб асобных часовых вынятках з рэжыму функцыянаваньня адзінай мытнай тэрыторыі па-ранейшаму не дае падставаў казаць пра адзінства ўнутры Мытнага саюзу:
Казаць на сёньня, што цалкам адменены мытны кантроль унутры Мытнага саюзу, нельга.

«На жаль, да сёньня ў поўным аб’ёме не ўдалося дасягнуць тром краінам згоды, і пратакол вызначае пералік тавараў, за якімі ажыцьцяўляецца мытны кантроль. Па-першае, гэта транспартныя сродкі для асабістага карыстаньня, бо ў трох краінах розныя стаўкі мытаў. Па-другое, тавары, у адносінах да якіх вызначаныя спэцыяльныя абаронныя антыдэпмінгавыя ці кампэнсацыйныя мыты. Паколькі гэтыя меры яшчэ не ўніфікаваныя, то, прыкладам, пры ўвозе тавараў на тэрыторыю Беларусі з адной краіны мыты могуць не спаганяцца, а пры ўвозе ў Расею яны спаганяцца будуць. І трэці блёк — гэта тавары, адносна якіх Казахстан ужывае стаўкі мытных пошлінаў адрозна ад адзінага мытнага тарыфу. Таму казаць на сёньня, што цалкам адменены мытны кантроль унутры Мытнага саюзу, нельга».

Начальнік упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Эдуард Нікіцін гаварыў пра небясьпеку зь іншага напрамку — з боку Эўразьвязу. Па яго словах, за час эканамічнага крызісу у Заходняй Эўропе назапасілася састарэлага абсталяваньня больш чым на 500 мільярдаў даляраў. Цяпер яго актыўна намагаюцца «сплавіць» на тэрыторыю Мытнага саюзу, бо ў самой Эўропе чакаецца тэхналягічны рывок:

«Што тычыцца перадусім дзяржаўных закупаў, то яны адбываюцца на конкурснай аснове і па канкурэнтных прапановах. Але вось гэтае састарэлае незапатрабаванае абсталяваньне шляхам фальсыфікацыі дакумэнтаў, зьмены году выпуску, зьмены характарыстык пад выглядам новага спрабуюць „сьпіхнуць“ у Беларусь. Таму ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што такая тэндэнцыя мае быць. У тым ліку гэта энэргетычнае абсталяваньне, мэдычныя прыстасаваньні і шэраг іншых накірункаў у эканоміцы Беларусі. Прыкладам, па адной пастаўцы ўрон мог скласьці 7 мільёнаў даляраў. Колькі такіх выпадкаў усяго — афіцыйнай статыстыкі ў нас няма. Але гэта мільёны і мільёны даляраў».

Удзел Беларусі ў Мытным саюзе доўгі час заставаўся пад пытаньнем. Афіцыйны Менск быў ня згодны з тым, што Расея абкладае мытнымі пошлінамі нафту для беларускіх спажыўцоў, тады як у адносінах з Казахстанам такой дыскрымінацыі няма. Бліжэйшым часам нафтавая спрэчка будзе вырашацца ў Эканамічным судзе СНД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG