Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня ў Беларусі многія карыстальнікі інтэрнэту могуць быць пазбаўленыя доступу да пэўных рэсурсаў. Складаньнем чорнага сьпісу займаецца дзяржаўная інспэкцыя па электрасувязі на падставе рашэньняў кіраўнікоў Камітэта дзяржкантролю, Генэральнай пракуратуры, Апэратыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзыдэнце, а таксама іншых органаў дзяржаўнага кіраваньня. Фільтраваць забароненую інфармацыю будуць, не зважаючы на месцазнаходжаньне забароненых сайтаў, а таксама віды доступу ў інтэрнэт.

Ці ўведзеныя ўжо абмежаваньні? І чым канкрэтна гэтая забарона пагражае інтэрнэт-рэсурсам дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі?

ВІЦЕБШЧЫНА


«Ніхто ня можа гарантаваць, што ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыйныя сайты будуць працаваць»

Тое, што з 1 верасьня мусіць быць абмежаваны доступ да сайтаў з экстрэмісцкімі і парнаграфічнымі матэрыяламі, у пункце калектыўнага карыстаньня інтэрнэтам па Маскоўскім праспэкце ў Віцебску выклікала шчырае зьдзіўленьне ў адміністратаркі:

«Ня чула ні пра якія абмежаваньні. А што, вам такія сайты патрэбныя? Ну, я думаю, вам такое ня трэба ўсё ж… Але я нічога такога ня чула».

Патрэбы ў людзей бываюць розныя. Але з чыстай цікаўнасьці вырашыў паблукаць у сеціве з працоўнага кампутара супрацоўнік адной зь віцебскіх газэт:

«Па спасылцы „Порна“ адчыняюцца дужа мілыя сайцікі (рагоча)… Яшчэ я паспрабаваў „набыць“ АКС, аўтамат такі. Усё адчыняецца, калі ласка! І яшчэ паспрабаваў шукаць, як набыць гераін. Таксама ніякай фільтрацыі. Так што атрымліваем асалоду ад парнаграфіі і „ўжываем наркотыкі“ (рагоча)».


«Адфільтраваць сайты цяжка, бо ў выпадку забароны іх будуць ствараць пад усё новымі імёнамі»

На думку калегі-журналіста, адфільтраваць сайты любога зьместу ў прынцыпе цяжка: ў выпадку забароны іх будуць ствараць пад усё новымі імёнамі ды ў іншых дамэнных зонах.

Пра абмежаваньні для шараговых карыстальнікаў, якія ўводзяцца нібыта па асабістай заяве, а таксама пра абмежаваньні для дзяржустаноў нічога не змаглі патлумачыць і ў віцебскім офісе правайдэра «Деловая сеть»:

«Такой інфармацыі мы ня маем — наш цэнтральны менскі офіс ніякіх распараджэньняў нам пакуль не даваў. Мяркую, будуць зачыняць доступ да сумнеўных нейкіх сайтаў, а не да ўсіх сайтаў. Да нейкіх правакацыйных, антыдзяржаўных, так бы мовіць, апазыцыйных сайтаў будуць зачыняць доступ. Але пакуль мы пра гэта толькі чулі — самі з такім не сутыкаліся».

На думку рэдактара і стваральніка аднаго зь незалежных сайтаў Віцебску, доступ да пэўных сайтаў могуць не зачыняць ні сёньня, ні пазьней — да той пары, пакуль ня будзе пільнае патрэбы:

Блякавалі ж раней сайты вылучэнцаў у кандыдаты на прэзыдэнта Домаша і Ганчарыка.
«У нас неаднаразова пераставалі працаваць даступныя зь Беларусі сайты, калі яшчэ не было ніякай нарматыўнай базы пад гэта! Напрыклад, яшчэ ў 2001 м годзе, калі інтэрнэтам у нас карысталася няшмат людзей, і, адпаведна, уплыў быў меншы, у дзень выбараў перастаў працаваць сайт Домаша. Ён быў зарэгістраваны ў беларускай дамэннай зоне, і проста зьнік зь яе — не знаходзіўся. Сайт Ганчарыка быў таксама недаступны. Потым у 2006-м годзе, калі інтэрнэтам пачалі карыстацца больш масава, павялічыўся і шэраг сайтаў, якія блякаваліся. Да прыкладу, напярэдадні і ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў не працавалі сайты незалежных СМІ. І ніхто ня можа гарантаваць, што гэткая сытуацыя не паўторыцца».


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Заблякуюць тады, калі прыпячэ»

На Берасьцейшчыне безальтэрнатыўны правайдэр інтэрнэту Белтэлекам працуе ў звычайным рэжыме. Прыватным правайдэрам з абласнога цэнтру неабходна набываць новае абсталяваньне па фільтрацыі інтэрнэту. Пакуль прыватныя кампаніі не зусім гатовыя да выкананьня ўказу № 60.

У Баранавіцкім раённым вузьле электрасувязі праца вядзецца ў звычайным рэжыме. Як адзначаюць спэцыялісты тэлекамунікацыйнага прадпрыемства, у раёне няма тэхнічных магчымасьцяў абмяжоўваць карыстальнікаў:

«Мы ж ня робім фільтрацыю, у раёнах гэтага ня робіцца. Гэта нават на ўзроўні вобласьці ня робіцца, толькі празь Менск. Мы ня можам заблякаваць або абмяжоўваць. У нас ёсьць толькі карпаратыўная свая сетка. Можам кіраваць абанэнтам. Калі і ёсьць абмежаваньні, то яны робяцца толькі празь Менск».

Прыватныя правайдэры мусяць, згодна з указам, набыць абсталяваньне для фільтрацыі. Кошты на яго моцна адрозьніваюцца. Ёсьць таннае кітайскае абсталяваньне, а ёсьць і дарагое, якое працуе на маршрутызатарах. Пакуль у прыватных фірмаў узьнікае праблема з рэгістрацыяй сеткі, але гэта тэхнічны момант, які залежыць ад БЕГІЭ, кажа дырэктар фірмы «Элсат». Кошт на абсталяваньне, якое фірма мусіць купіць, пакуль немагчыма назваць, кажа прадпрымальнік:

«Пакуль абсталяваньне паступае на тэсьтаваньне, таму мы зараз толькі выбіраем. Па факце мы нічога не купілі, прыглядваемся. Фільтрацыя ўводзіцца цэнтралізавана нацыянальным апэратарам, а гэта Белтэлекам, гэта зьнешняя фільтрацыя. А ўнутраная ўводзіцца толькі паводле запыту карыстальніка».
Адбудзецца нешта ў Берасьці, а ў гэты час ўсе крыніцы незалежнай інфармацыі будуць заблякаваныя. Тэхнічна гэта магчыма.


Паводле дырэктара фірмы, пакуль не было ніводнай заявы наконт фільтрацыі інтэрнэту:

«Спажывец можа, паводле сваёй заявы, абмежаваць карыстаньне па тых альбо іншых айпі-адрэсах».

Сыстэмны адміністратар аднаго з інтэрнэт клюбаў у Берасьці Мікалай кажа, што цяпер убачыць абмежаваньне да пэўных рэсурсаў не выпадае. Але тэхнічна магчыма будзе блякаваць доступ і па рэгіёнах, і па ўсёй краіне не толькі да рэсурсаў з прапагандай гвалту, тэрарызму, але таксама і доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі:

«Сёньня, калі плянавалася, то тэхнічна толькі ўводзіцца ў эксплюатацыю новае абсталяваньне. А вось наступствы гэтага магчыма будзе пабачыць, напрыклад, падчас нейкіх акцыяў. Адбудзецца нешта ў Берасьці, а ў гэты час ўсе крыніцы незалежнай інфармацыі будуць заблякаваныя. Тэхнічна гэта магчыма».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Пералік забароненых сайтаў правайдэры абавязаныя захоўваць у таямніцы

На Магілёўшчыне інтэрнэт-правайдэры патрабаваньне аб устаноўцы фільтраў на блякаваньне сайтаў камэнтуюць стрымана, бо ня ведаюць як будзе працаваць гэты мэханізм абмежаваньняў.

Інтэрнэт-паслугі аказвае сваім наведнікам магілёўская абласная бібліятэка. У чытальні неблагое кампутарнае абсталяваньне й высокахуткасны інтэрнэт. Супрацоўнік бібліятэкі прызнае, што ня ўсе рэсурсы віртуальнай прасторы даступныя для наведнікаў:

«Існуюць спэцыяльныя праграмы абаронныя. Там можна прапісаць наагул, што наведваць можна толькі адзін сайт і больш ніякія. Гэта канечне ж магчыма без пытаньняў. Мы аднак зьяўляемся карыстальнікамі «Белтэлекама» і гэтую пастанову павінны выконваць толькі яны. У нас таксама ёсьць блякіроўкі на спампоўваньне й на ўсё астатняе. Але ж асноўную фільтрацыю робіць «Белтэлекам».

У «Белтэлекаме» адпрэчваюць усякія закіды адносна іх датычнасьці да абмежаваньняў інтэрнэт-рэсурсаў:
Ніколі „Белтэлекам“ не вырашаў пытаньняў фільтрацыі. Гэта пытаньне кантэнту. А за кантэнтам могуць сачыць дзяржорганы.

«Ніколі „Белтэлекам“ не вырашаў пытаньняў фільтрацыі. Гэта пытаньне кантэнту. А за кантэнтам могуць сачыць дзяржорганы. Па шасьцідзесятым указе — дзяржорганы падаюць сьпісы. Дзяржорганы ня толькі КДБ, а і любое міністэрства, якое палічыць, што нейкі сайт непажаданы. Вы лепш зьвяртайцеся ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар. Пытаньне зь фільтрацыяй — гэта да іх», — заяўляе супрацоўнік «Белтэлекама».

Што чакае наведнікаў калектыўных пунктаў карыстаньня інтэрнэтам пасьля ўстаноўкі фільтраў, іх супрацоўнікі пакуль ня ведаюць. Пастанову аб абмежаваньні доступу да сайтаў камэнтуюць аднолькава:

«Няма ў нас пакуль ніякіх праблемаў. Па факце нічога яшчэ няма. Зьявяцца — пабачым. Пакуль ніхто ня скардзіцца. Я наагул ня ведаю, што тут можна фільтраваць».

Як удалося высьветліць у прыватным парадку, інтэрнэт-правайдэры цяпер чакаюць сьпісу тых сайтаў, доступ да якіх будзе для наведнікаў закрыты. Сьпіс падрыхтаваны Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзыдэнце. Пералік забароненых сайтаў правайдэры абавязаныя захоўваць у таямніцы.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Абмежавалі… наведнікаў

На Гомельшчыне інтэрнэт-правайдэры дзейнічаюць пераважна як аддзяленьні менскіх офісаў, таму нейкіх самастойных захадаў дзеля стварэньня сыстэмы абмежаваньня доступу да пэўных інтэрнэт-рэсурсаў яны ня робяць.

Апавядае прадстаўнік інтэрнэт-правайдэра «Альтэрнатыўная лічбавая сетка»:

«У нас усю гэтую працу вядзе галаўны офіс у Менску. Рабілася ўсё там цэнтралізавана. Па замовах дзяржаўных установаў і будзе ажыцьцяўляцца фільтрацыя ў адпаведнасьці з указам № 60».

Згаданы ўказ дадаў праблемаў ня толькі правайдэрам, але інтэрнэт-кавярням ды клюбам. Без «паперкі», якая сьведчыць пра асобу, яны ўжо ня маюць права абслугоўваць наведнікаў, і колькасьць іх за апошнія два месяцы заўважна зьнізілася. Некаторыя інтэрнэт-кавярні наагул зачыніліся. Напрыклад, на праспэкце Кастрычніка:

«Наша інтэрнэт-кавярня зачынена. Тэлефануйце каму-кольвечы іншаму. Усё — да пабачэньня».

Гаспадарчы суд на сваім сайце паведаміў таксама пра працэдуру банкруцтва таварыства дадатковай адказнасьці «Сетка інтэрнэт-клюбаў».

Арганізатары нешматлікіх дэмакратычных сайтаў, якія існуюць у рэгіёне, сьцьвярджаюць, што пакуль не адчулі абмежаваньняў, бо не замаўлялі для сябе фільтрацыю доступу да нейкай інфармацыі.

Апавядае адміністратар сайту odsgomel.org спадар Яўген:

«Мы не заказвалі нашаму правайдэру ніякай фільтрацыі, таму ніякіх праблемаў у сувязі з гэтым не адчуваем. Наколькі я ведаю, паводле закону правайдэры ня маюць права нешта мне абмяжоўваць, калі я гэтага не запытваю».

Камэнтар экспэрта
Фёдар Караленка
Экспэрт у галіне інтэрнэт-тэхналёгій Фёдар Караленка нагадаў, што загаду апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце і пастанове міністэрства сувязі аб абмежаваньні доступу да пэўных інтэрнэт-рэсурсаў папярэднічаў указ прэзыдэнта № 60.

«Паводле гэтага ўказу, усе сайты, што разьмяшчаюцца на тэрыторыі Беларусі — у Менску альбо рэгіёнах — павінны быць зарэгістраваныя. Сайты юрыдычных асобаў, якія разьмяшчаліся за межамі Беларусі, мусілі пераехаць.

Ад сёньня, 1 верасьня, абмежаваны будзе доступ, па-першае, для дзяржаўных сайтаў, па-другое, для тых, хто папрасіў пра гэта. Дзе знаходзіцца сайт — не істотна.

Вось такія дзьве паралельныя пастановы. Адна тычыцца разьмяшчэньня сайтаў, другая — іх зьместу.

Наконт выпадкаў узлому сайтаў ці іх блякаваньня экспэрт Фёдар Караленка патлумачыў наступнае:

«Калі будуць выкарыстоўвацца такія мэтады, то гэтым мусяць займацца праваахоўныя органы, бо гэта — злачынства, і яно павінна карацца паводле закона».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG