Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лябараторыі “Новак” канфіскавалі тэхніку


Андрэй Вардамацкі

Андрэй Вардамацкі

У офісе сацыялягічнай лябараторыі «Новак» супрацоўнікі КДБ і дзяржкантролю правялі ператрус. Канфіскаваная аргтэхніка.

Прычыны праверкі прадстаўнікі дзяржкантролю не назвалі. У выніку ператрусу былі канфіскаваныя ўсе кампутары.

Кіраўнік лябараторыі, сацыёляг Андрэй Вардамацкі, заявіў з гэтай нагоды сайту «Беларускі партызан», што ён ужо прывык да падобных праверак, якія рэгулярна праходзяць напярэдадні чарговай выбарчай кампаніі ці рэфэрэндуму.

Паводле ягоных словаў, лябараторыя даўно не займаецца палітычнымі дасьледаваньнямі, а асноўную сваю актыўнасьць накіроўвае на правядзеньне мэдыйных ці маркетынгавых дасьледаваньняў.

Андрэя Вардамацкага сёлета затрымлівалі падчас масавых арыштаў і ператрусаў супраць актывістаў кампаніі «Гавары праўду».

Даведка «Свабоды»
Лябараторыя «Новак» зьяўляецца прыватнай незалежнай службай, якая спэцыялізуецца на сацыялягічных дасьледаваньнях і кансалтынгу ў галіне маркетынгу, мэдыя і грамадзкай думкі.

Лябараторыя створаная ў 1992 годзе доктарам сацыялёгіі Андрэем Вардамацкім. Назва зьяўляецца вынікам зьліцьця двух слоў: «новая» і «аксіямэтрыя», якія адлюстроўваюць галіну першапачатковых навуковых арыентацый стваральніка лябараторыі, а менавіта дасьледаваньні каштоўнасьцяў чалавечых паводзінаў.

Кампанія мае шырокае кола заказчыкаў, уключаючы беларускія і транснацыянальныя карпарацыі, якія дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі, СМІ, рэклямныя агенцтвы, мясцовы бізнэс.

У супрацоўніцтве з замежнымі партнэрамі «НОВАК» праводзіць міжнародныя дасьледаваньні на тэрыторыі Беларусі, сярод якіх найбольш важнымі зьяўляюцца праекты «Сусьветныя каштоўнасьці», «Эўрабаромэтар», дасьледаваньні для Сусьветнага банку, інфармацыйных агенцтваў, а таксама маркетынгавыя праекты для буйных кампаній. Лябараторыя «НОВАК» зьяўляецца членам міжнародных асацыяцый дасьледаваньняў рынку і грамадзкай думкі ESOMAR WAPOR.

Вынікі дасьледаваньняў лябараторыі рэгулярна публікуюцца ў беларускіх СМІ, у тым ліку на сайце «Свабоды».

Андрэй Вардамацкі ў якасьці экспэрта браў удзел у працы кампаніі «Гавары праўду».

18 траўня, калі затрымлівалі актывістаў кампаніі «Гавары праўду», у Андрэя Вардамацкага міліцыя правяла ператрус. Некалькі разоў Вардамацкага спынялі на мяжы з мэтай ператрусу.

30 жніўня Андрэй Вардамацкі браў удзел у канфэрэнцыі «Беларусь — Расея: канец саюзу, пачатак прагматычнага партнэрства?», арганізаванай расейскай партыяй «Правая справа», рухам «Выбар Расеі», Аб’яднанай грамадзянскай партыяй Беларусі і Навукова-дасьледчым цэнтрам Мізэса зь Менску.
XS
SM
MD
LG