Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы правапіс: цана пытаньня пакуль ня вызначаная


З 1 верасьня ўступіў у дзеяньне «Закон аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі». Як падрыхтаваліся да новаўвядзеньняў школы і сродкі масавай інфармацыі, ці заўважныя зьмены.

Для школьнікаў і студэнтаў абвешчаны трохгадовы пераходны пэрыяд: калі, да прыкладу, у дыктоўках будзе дапушчана памылка менавіта на правіла, якое было зьменена, яна ня будзе ўлічвацца. Настаўнікі прайшлі адмысловую падрыхтоўку, выпушчаныя слоўнікі, дапаможнікі. Але праблемы будуць, кажа намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы, кандыдат філялягічных навук Алена Анісім:

Алена Анісім
«Асноўная цяжкасьць у тым, што многія выключэньні зьняліся, але зьняліся ня ўсе. І прасачыць і знайсьці лёгіку ў выключэньнях даволі складана. Няма такой выразнай канцэпцыі, што абсалютна ўсе зьняліся выключэньні пры напісаньні, скажам, «у нескладовага» ці ўніфікацыя розных запазычаных слоў у напісаньні. Там таксама даволі складана. Давядзецца пастаянна працаваць са слоўнікамі, пакуль не ўкладзецца ў галаве, не адаб’ецца ў памяці напісаньне асобных слоў».

У сёньняшняй дзяржаўнай газэце «Звязда» зьмешчаны артыкул «Як бязь цяжкасьцяў перайсьці на новую рэдакцыю беларускага правапісу». У іншых артыкулах словы «мэнэджар», «камп’ютар» пішуцца ўжо па новых правілах. Зь вялікай літары пішацца і слова «Прэзідэнт». Што да газэты «Наша Ніва», у яе даволі жорсткая правапісная палітыка, яна перайшла на школьны правапіс яшчэ ў студзені 2008 года. На сайце таксама заўважныя зьмены. Але слова «прэзідэнт» выданьне будзе пісаць з малой літары, кажа галоўны рэдактар Андрэй Скурко:

Андрэй Скурко
«У выпадку, калі мы будзем мець нейкія спагнаньні за тое, што мы будзем пісаць гэта слова, як пісалі раней, мы будзем проста пазьбягаць яго. Беларуская мова багатая сынонімамі. Правапіс і ідэалёгія — гэта рэчы розных парадкаў. Правапіс мусіць адлюстроўваць стан мовы, стан яе разьвіцьця, бо мова ўвесь час разьвіваецца, зьявіліся новыя лексычныя адзінкі. Нейкія зьмены ў правапіс час ад часу мусяць уносіцца. Але яны не павінны служыць патрэбам ідэалёгіі. Тым больш ня мусяць выкарыстоўвацца для ўціску незалежных выданьняў».

Галоўны рэдактар часопіса «АRCHE» Валер Булгакаў распавёў, што выданьне будзе выходзіць так, як і выходзіла: прымаюцца да друку тэксты, напісаныя і школьным, і клясычным правапісам:

Валер Булгакаў
«Мне здаецца, тут стратэгічна памылкова дазваляць беларускаму рэжыму, які засьведчыў сваю поўную абыякавасьць у найгоршым сэнсе да беларускай мовы і культуры, вызначаць правілы гульні для тых суб’ектаў беларускага культурнага поля, якія прэтэндуюць на незалежнасьць. Беларускі рэжым, такі, як ён ёсьць, ня мае маральнага права вызначаць, як нам выдаваць свае кнігі, якім чынам прывабліваць беларускага чытача. Таму мы гатовы ісьці далёка, але толькі будучыня пакажа, наколькі небясьпечны гэты шлях».

Валер Булгакаў кажа, што пакуль невядомая цана пытаньня. Называюцца розныя пакараньні — ад грашовых штрафаў і папярэджаньняў да закрыцьця і скасаваньня СМІ ў судовым парадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG